Logo Polskiego Radia
Print

Вытворцы спайсаў шукаюць новыя магчымасьці продажу, паліцыя іх перакрывае

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.08.2018 15:08
На рынак уваходзяць вельмі моцныя фэнтанілы, якія лёгка перадазаваць.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Заходняй Эўропе праблема спайсаў пакрысе вырашаецца дзякуючы абмежаваньню паставак сыравіны з Кітая – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Краіны ЭЗ настойліва зьвярнуліся да кітайскіх уладаў, каб тыя больш актыўна заняліся барацьбой з вытворцамі нелегальных субстанцый. Чарговы фактар, які значна скараціў праблему спайсаў у ЭЗ, гэта новае заканадаўства. Некаторыя краіны стварылі сьпіс канкрэтных псыхаактыўных субстанцый, якія былі забароненыя, іншыя ў сваю чаргу забаранілі ўсе псыхатропныя рэчывы, якія не былі дазволеныя асобнымі нарматыўнымі актамі. Першы варыянт заканадаўства дзейнічае між іншым у Аўстрыі, Эстоніі, Латвіі, Нямеччыне, другі – у Ірляндыі і Вялікабрытаніі.

Дагэтуль самымі папулярнымі сродкамі былі канабіноіды (імітацыя марыхуаны) і катыноны (падобныя да амфэтаміну). Цяпер жа на рынак пачынаюць уваходзіць так званыя фэнтанілы, гэта разнавіднасьць сынтэтычнага опіюму. Гэта вельмі моцнае рэчыва, якое адказвае за апошнюю хвалю сьмерцяў у ЗША, дзе дадзеныя спайсы выклікалі больш сьмяротных выпадкаў, чым ДТЗ. Некаторыя новыя субстанцыі на столькі моцныя, што можна іх дакладна дазаваць толькі ў лябараторыі. Рызыка сьмерці ад спайсаў расьце, паколькі невядома, пад уплывам якой субстанцыі знаходзіцца пацыент.

Барацьба са спайсамі вельмі складаная, прадаўцам цяжка даказаць віну, яны ахвотна рызыкуюць, паколькі продаж прыносіць вялізны прыбытак. Паліцыі ў Польшчы можа дапамагчы зьменены закон, які ў пятніцу падпісаў прэзыдэнт. Закон дазваляе трактаваць спайсы як наркотыкі. Раней за гандаль спайсамі пагражаў толькі штраф, цяпер за само захоўваньне значнай колькасьці спайсаў прадугледжаны тры гады пазбаўленьня волі, а за гандаль – да 12 гадоў.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт