Logo Polskiego Radia
Print

Чэмпіянат закончыўся, пара ўзяцца за Беларусь?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.08.2018 13:32
Як у Польшчы бачаць боязь беларусаў перад новым расейскім амбасадарам М. Бабічам.
Аўтар: Wikiapril - уласная праца, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=63208085

Чэмпіянат сьвету па футболе закончыўся, цяпер Расея закручвае гайкі свайму адзінаму эўрапейскаму саюзьніку – Лукашэнку, – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Менск ня хоча прыняць новага расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча (на здымку), баючыся, што гэтае прызначэньне зьвязана з небясьпечнымі для Беларусі плянамі Масквы.

Ніколі раней амбасадарам ня быў прадстаўнік сілавых структур. Бабіч зьяўляецца палкоўнікам паветрана-дэсантных войскаў у адстаўцы, служыў у войсках КДБ, быў прэм’ерам Чачні ў гадах 2002-2003, прымаў рашэньне пра захоп Крыму. Таму, калі Пуцін хацеў прызначыць яго амбасадарам ва Ўкраіне ў 2016 годзе, Кіеў ня даў згоды, якая называецца ў дыпляматыі «агрэман» (ат фр. agrément — адабрэньне, згода – рэд.). Украінцы казалі, што гэта клясычны дывэрсант, які зь Кіева каардынаваў бы дзейнасьць сэпаратыстаў.

Расейцы меркавалі, што беларусы таксама могуць адмовіцца прыняць Бабіча паслом, таму загадзя паведамілі, што зьвярнуліся да менскіх уладаў па агрэман, хаця звычайна аб гэтым паведамляюць толькі пасьля атрыманьня згоды. Беларускае МЗС заявіла, што такой просьбы яно не атрымала, а пазьней беларускі бок упарта маўчаў.

«Калі Расея хоча будаваць з Беларусяй эканамічныя адносіны, хай прышле эканаміста, калі палітычныя – хай прышле палітыка. Але якія адносіны яна хоча будаваць, прысылаючы дывэрсанта!?», – быццам бы спытаў на закрытым сходзе сам А. Лукашэнка. Нават калі такія словы не прагучалі, яны і так добра ілюструюць настрой у Менску. Беларускія экспэрты праводзяць паралелі: падчас алімпіяды ў Пэкіне Расея занялася Грузіяй, пасьля гульняў у Сочы – напала на Ўкраіну, таму можа пасьля чэмпіянату па футболе прыйшла пара ўзяцца за Беларусь.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт