Logo Polskiego Radia
Print

Цімашэнка можа зьмяніць Парашэнку

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 27.07.2018 13:11
У сакавіку 2019 г. ва Ўкраіне павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Юлія Цімашэнка можа стаць новым прэзыдэнтам Украіны. Пятро Парашэнка слаба змагаецца з карупцыяй і не праводзіць рэформ, расчараваўшы ня толькі ўкраінцаў, але і Захад.

26 ліпеня вырашаўся лёс Назара Галадніцкага, кіраўніка антыкарупцыйнай пракуратуры Ўкраіны. Ён займаў пасаду на працягу трох гадоў. І ўрэшце сам стаў абвінавачаным у карупцыі.

У кабінэце Галадніцкага знаходзіцца акварыюм, у якім супрацоўнікі Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны ўстанавілі жучок. Празь яго ўдалося пачуць, як Галадніцкі дамаўляецца з падазраванымі ў карупцыі і папярэджвае іх пра налёты антыкарупцыйнага бюро.

Але камісія, якая разглядала справу Галадніцкага, вырашыла, што ён застанецца на сваёй пасадзе, бо не ўчыніў злачынства, а толькі “парушыў этычныя нормы”. Сам ён тлумачыць свае паводзіны пераработкам і вялікай колькасьцю абавязкаў.

Па справе Галадніцкага выказалася пасольства ЗША. У яго заяве гаворыцца, што “ў сучаснай дэмакратыі звычайна ў адстаўку ідуць тыя пракуроры, якія ўблытаны ў маніпуляваньне сьведкамі і перашкаджаюць сьледзтву”.

Змаганьне Ўкраіны з карупцыяй — гэта адна з умоў выдзяленьня ёй крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 17,5 млрд даляраў. Гэтыя грошы павінны дапамагчы дзяржаве не збанкрутаваць. Аднак МВФ пакуль затрымлівае выдачу 2 млрд у сувязі зь невыкананьнем Кіевам умоў барацьбы з карупцыяй.

На гэтай хвалі зноў расьце папулярнасьць Юліі Цімашэнка, якую ўжо гатовы падтрымаць 23% украінцаў. У сакавіку 2019 г. павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Цімашэнка заваёўвае прыхільнасьць найбяднейшых грамадзян. Яна абяцае зьмяніць іх лёс. Аднак у той жа час 22% украінцаў гавораць, што ніколі не прагаласуюць за Цімашэнка. Але яшчэ больш нэгатыўны рэйтынг мае Пятро Парашэнка. За яго ніколі не аддадуць свае галасы 48% украінцаў.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт