Logo Polskiego Radia
Print

Летась на сьвеце зафіксаваная рэкордная колькасьць уцекачоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.06.2018 15:40
  • бежанцы.mp3
За бежанства ў вялікай ступені адказвае вайна, але неўзабаве можа рэзка вырасьці лічба экалягічных уцекачоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Ніколі яшчэ на сьвеце не было столькі бежанцаў. На працягу апошняга году іх колькасьць вырасла на 2,9 млн. чалавек. Людзі пакідаюць свае дамы не ад добрага жыцьця, а ўцякаючы ад войнаў і перасьледу. Неўзабаве можа рэзка вырасьці таксама лічба экалягічных уцекачоў.

20 чэрвеня адзначаецца Сусьветны дзень бежанца. З гэтае нагоды сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра рэкордную колькасьць уцекачоў на сьвеце. Пад канец мінулага году іх было 68,5 млн. чалавек. Гэта як тыя людзі, якія перасеклі мяжу сваёй Айчыны і выехалі ў іншую краіну, так і асобы, якіх прыйшлося перасяліць унутры адной дзяржавы. На кожныя 110 чалавек на сьвеце прыходзіцца адзін бежанец, кожныя дзьве сэкунды хтосьці прымушаны пакінуць свой дом, каб ратаваць жыцьцё. Лічба ўцекачоў расла ўжо шосты год запар.

Адна з самых частых прычын бежанства – гэта ваенныя канфлікты. Многія людзі шукаюць таксама лепшай долі, паколькі ў сваёй краіне яны ня могуць наладзіць стабільнае жыцьцё. Іх таксама ў пэўнай ступені можна назваць бежанцамі. Пра прычыны гэтай зьявы гаворыць старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак:

«У сьвеце неспакойна, шмат гарачых кропак, існуе небясьпека для жыцьця і здароўя людзей. Другая праблема – няроўнасьць па ўзроўні дабрабыту, людзі шукаюць лепшага жыцьця ў заможных краінах. Гэтая зьява будзе нас суправаджаць доўгі час».

На дадзены момант за бежанства ў вялікай ступені адказвае вайна ў Сырыі, адкуль за мяжу прыйшлося зьехаць ужо больш чым шасьці мільёнам жыхароў. Найбольш уцекачоў прыняла Турцыя – 3,5 млн. На другім месцы Лібан, дарэчы, у гэтай краіне налічваецца найбольш бежанцаў на душу насельніцтва. Калі б Польшча захацела дагнаць Лібан па гэтым паказчыку, яна павінна была б прыняць 6,4 млн. уцекачоў. Далей ідуць Ярданія, Нямеччына, Ірак, Эгіпет і Швэцыя. Бежанства – гэта вялікая праблема для Эўропы, але найбольш мігрантаў прымаюць якраз не самыя заможныя краіны Захаду, а такія дзяржавы, як Турцыя, Пакістан і Ўганда.
Ваенныя канфлікт і галеча на сьвеце зьяўляюцца асноўнай прычынай бежанства, але неўзабаве да іх могуць далучыцца кліматычныя зьмены, паколькі з-за іх некаторыя рэгіёны на Зямлі стануць непрыгодныя для жыцьця, – адзначае філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Праблема бежанства будзе павялічвацца. На сёньняшні дзень Эўропа мае справу з большага з палітычнымі бежанцамі, але найбольш нам пагражаюць экалягічныя бежанцы. Экалягічныя зьмены могуць зрабіць непрыдатнымі для жыцьця цэлыя густанаселеныя рэгіёны. Мяняецца клімат, і звычайныя формы гаспадаркі стануць немагчымымі. Кудысьці гэтым людзям прыйдзецца падзецца».

Не відаць, каб тузоў палітычнага жыцьця гэтая праблема моцна займала. Пакуль што яны гасяць пажары, думаюць, што зрабіць з тымі людзьмі, якія прыбываюць у Эўропу ў выніку ваенных канфліктаў. Праблеме будучыні – экалягічнаму бежанства пакуль мала хто прысьвячае ўвагу, – кажа Ў. Мацкевіч:

«Ня бачна пакуль ня толькі пладатворнай ідэі на гэты конт, але гэта нават не выносіцца на абмеркаваньне, каб да яго далучыліся навукоўцы, спэцыялісты. І каб грамадзяне заможных краін, куды могуць пацягнуцца бежанцы, самі задумаліся пра гэта. Ня факт, што Эўропу не закране глябальная катастрофа. Эўрапейцы таксама могуць зьняцца са сваіх месцаў. Гэта велізарная праблема, якая можа напаткаць нас у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі».

Экалягічных бежанцаў пакуль што мала, большасьць уцекачоў – гэта людзі, якія здымаюцца з абжытых месцаў у выніку ваенных канфліктаў. Аднак войны калісьці закончацца, а кліматычныя зьмены будуць паглыбляцца.

Праблема ўцекачоў існуе таксама ў Беларусі. Нямала ўкраінцаў шукала тут прытулку ў выніку вайны на Данбасе, акрамя таго, Беларусь – транзытная краіна, праз якую праходзіць адзін са шляхоў перасяленьня людзей у Заходнюю Эўропу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт