Кожнае дзіця ў школьным узросьце павінна вучыцца. У Польшчы адукацыя бясплатная, прынамсі ў публічных адукацыйных установах. Да нядаўняга часу бацькі абавязаныя былі купіць сваім дзецям ня толькі школьныя прыналежнасьці, але таксама і падручнікі. Цяпер жа падручнікі выдаюць школьнікам бясплатна. Аднак улады пайшлі далей – яны вырашылі выдзяляць раз у год фінансавую дапамогу кожнай сям’і, у якой ёсьць дзеці школьнага ўзросту.
«Добры старт» – так называецца новая праграма, прадугледжаная для сем’яў зь дзецьмі ў школьным узросьце. Бацькі або юрыдычныя апекуны атрымаюць раз у год па 300 злотых (каля 70 эўра) на кожнага вучня або студэнта ва ўзросьце да 20 гадоў. Учора, 11 чэрвеня, афіцыйна стартавала дадзеная праграма. Міністры ўраду партыі «Права і справядлівасьць» адправіліся на сустрэчы з прадстаўнікамі органаў кіраваньня адукацыйных устаноў, каб праінфармаваць іх пра дэталі праграмы, – гаворыць міністар працы, сям’і і сацыяльнай палітыкі Альжбета Рафальска.
А. Рафальска: Міністры, віцэ-міністры праводзяць сустрэчы ў васьмі ваяводзтвах. Яны сустракаюцца з куратарамі, дырэктарамі школаў і супрацоўнікамі ўстаноў, якія займаюцца выплатай сацыяльнай дапамогі. Інфармацыйная кампанія па гэтым пытаньні вельмі важная, таму мае калегі разьехаліся па розных ваяводзтвах, каб распавесьці пра новую праграму. Нагадаю, што ў рамках праграмы дапамогі 300 злотых атрымаюць усе дзеці або маладыя людзі, якія працягваюць вучобу (да 20 году жыцьця). Я падкрэсьліваю, што, каб атрымаць дапамогу (а яна прызнаецца раз у год), неабходна будзе ўнесьці адмысловую заяву. У сваю чаргу калі дапамога датычыць асобы з абмежаванымі магчымасьцямі, то яна выплачваецца да 24 году жыцьця.
Гэта ня першая праграма дзейнага польскага ўраду, накіраваная на сацыяльную падтрымку сем’яў зь дзецьмі. Нагадаем, два гады таму пачала дзейнічаць праграма «Сям’я 500+». У яе рамках сям’я, у якой двое і больш дзяцей, атрымлівае кожны месяц 500 злотых на другое і наступнае дзіця, а ў выпадку першага або адзінага дзіцяці існуе ліміт даходу на аднаго чалавека ў сям’і. Па словах міністра Рафальскай, новай праграмай скарыстаецца вельмі шмат польскіх сем’яў.
А. Рафальска: Вучняў, якія скарыстаюцца гэтай дапамогай, вельмі шмат: 4 млн. 600 тыс. асоб, гэта больш за 3 млн. 400 тыс. сем’яў, якія маюць права ўнесьці адпаведную заяву. Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб бацькі атрымалі інфармацыю пра праграму як мага раней, каб маглі ёй скарыстацца яшчэ ў гэтым новым навучальным годзе. Мы прадугледжваем магчымасьць унясеньня заявы ў электронным выглядзе, каб не было неабходнасьці наведваць адпаведныя ўстановы. Вельмі важна, каб бацькі маглі выслаць электронную заяву, паколькі ў гэтым годзе неабходна будзе падаваць заявы таксама на іншыя сацыяльныя выплаты, у ведамствах могуць паявіцца доўгія чэргі. І таму мы ўвялі магчымасьць падаваць заявы раней, зь першага ліпеня, але толькі ў электронным выглядзе.
Праграма «Добры старт» – гэта чарговая інвэстыцыя ў польскую адукацыйную сыстэму. Так мяркуе міністар адукацыі Польшчы Анна Залеўска. На яе думку, праграма прынясе карысьць і павысіць якасьць адукацыі ня толькі асобна ўзятых школьнікаў, але таксама школаў.
А. Залеўска: Дырэктары і настаўнікі часта скардзяцца на тое, што ў дзяцей няма неабходных школьных прыладаў. А іх у школе патрэба нямала – алоўкі, флямастэры, асадкі, сшыткі, фарбы і г.д. Без гэтых прыладаў вучні проста ня могуць браць паўнапраўны ўдзел у дадзеных уроках, у адукацыйным працэсе. Раней настаўнікі самі клапаціліся, каб школьнікі мелі такія рэчы.
Нагадаем, у гэтым годзе восеньню ў Польшчы заплянаваныя выбары дэпутатаў органаў мясцовага самакіраваньня. Праграма «Добры старт» – гэта цудоўная нагода для правядзеньня перадвыбарчых сустрэч і агітацыі галасаваць за паасобных палітыкаў. Такое меркаваньне паяўляецца ў польскіх сродках масавай інфармацыі. Нагадаем, высокапастаўленыя дзяржчыноўнікі, у тым ліку міністры ўраду адправіліся ў падарожжа па Польшчы, каб тлумачыць прынцыпы выплаты фінансавай адукацыйнай дапамогі. «Rzeczpospolita» піша, што цяжка пазбыцца ад думкі, што гэта хутчэй перадвыбарчая кампанія, а не інфармацыйная, паколькі прынцыпы выплаты дапамогі вельмі простыя, і зусім не абавязкова прыцягваць да іх тлумачэньня такіх важных дзяржаўных асоб.
нг