Logo Polskiego Radia
Print

Дым з пажараў сьмецьцезвалак атручвае людзей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.06.2018 15:34
Сотні тысяч тон розных атрутных адкідаў згарэлі на звалках Польшчы ў гэтым годзе.
pixabay.com/Public Domain CC0

«Gazeta Wyborcza» піша пра апошнія выпадкі пажараў на сьмецьцезвалках. Экспэрты з арганізацыі Health&Environment Alliance Polska (Здароўе і навакольнае асяродзьдзе) правялі аналіз, якія таксычныя рэчывы трапілі ў паветра і глебу ў выніку ўзгараньняў.

Гарэлі аўтамабільныя шыны, плястмаса, фарбы, старыя машыны, пакрытая лякам мэбля, іншыя хімікаліі. Агулам сотні тысяч тон розных атрутных адкідаў згарэлі на звалках Польшчы ў гэтым годзе. У атмасфэру трапіла амаль што ўся табліца Мендзялеева.

Наступствы пажараў мы будзем адчуваць на працягу гадоў, – гаворыць выданьню прафэсар Адам Грахавальскі з Інстытуту хіміі і неарганічнай тэхналёгіі Кракаўскай палітэхнікі. У выніку спальваньня адкідаў паўсталі вельмі небясьпечныя для здароўя рэчывы. Можа быць больш выпадкаў белакроўя і захворваньняў, зьвязаных з гармонамі, напрыклад, шчытападобнай залозы.

Нават невядома дакладна, што згарэла, паколькі ніхто не займаўся назіраньнем. Пажары здараліся цягам апошняга часу ў шматлікіх месцах краіны. У выніку ў атмасфэру і глебу трапілі між іншым хлёрысты вадарод, дыяксыны і фураны, цяжкія мэталі. Яны ніколі не нэўтралізуюцца, будуць назапашвацца ў нашых арганізмах ды экасыстэме.

Нягледзячы на тое, што ўрад заявіў пра вайну са сьмецьцевай мафіяй і пажарамі звалак, будзе яшчэ горш, паколькі палякі вырабляюць з кожным годам усё больш адкідаў, з якімі няма што зрабіць. Так што ўсё часьцей сьмецьце будзе гарэць і атручваць людзей.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт