Лекарам з-за мяжы ня прыйдзецца настрыфікаваць дыплём у Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.06.2018 14:37
Новая схема прымаецца з думкай пра дактароў з Украіны ды Беларусі.
photo: Pixabay.com/Darko Stojanovic/CC0 Creative Commons
Нямецкую схему працаўладкаваньня дактароў з замежжа намерана ўвесьці ў Польшчы Міністэрства аховы здароўя. Гэта права працаваць толькі ў адным шпіталі – піша «Rzeczpospolita».
Згодна новым правілам, лекар, напрыклад, з Украіны, ня быў бы прымушаны прахадзіць складанага працэсу настрыфікацыі дыплёму і здаваць цяжкія іспыты на польскай мове. Ён мог бы хадайнічаць за атрыманьне поўнага права працы па прафэсіі, але працуючы ў адным шпіталі.
Замежнага лекара прымаў бы на працу дырэктар шпіталя, і менавіта ён браў бы на сябе поўную адказнасьць за вынікі працы мэдыка. Па словах міністра аховы здароўя Лукаша Шумоўскага, гэта пошук выйсьця з крызісу, якім стаў для Польшчы вялікі недахоп мэдычных кадраў. Схема прымаецца з думкай пра дактароў з-за ўсходняй мяжы Польшчы – з Украіны ды Беларусі, якія пераважна без праблем і хутка вывучаюць польскую мову, прынамсі на столькі, каб размаўляць з пацыентам. У сваю чаргу ім складана навучыцца пісаць па-польску, паколькі яны прывыклі да кірыліцы. Многія дырэктары шпіталяў, асабліва на ўсходзе Польшчы, гатовыя нават прыняць на працу дадатковы адміністрацыйны пэрсанал, які будзе запаўняць за лекараў неабходныя паперы на польскай мове.
Калі дадзеная схема можа быць уведзеная, пакуль невядома. Ідуць перамовы паміж міністэрствамі аховы здароўя і навукі ды вышэйшай адукацыі. На дадзены момант каля паўмільёна замежных лекараў знаходзяцца на этапе настрыфікацыі дыплёму, атрыманага за мяжою.
Rzeczpospolita/нг