Logo Polskiego Radia
Print

"Муховэцька Кумора" адкрывае свае скарбы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.05.2018 10:30
  • Беларускае Палесьсе-скарбы.mp3
Беларускае Палесьсе наведала група блёгераў з Польшчы.
Foto: Y.Likhtarovich

Замежныя госьці знаёміліся з турыстычным маршрутам «Муховэцька Кумора». У ацэнцы турыстаў з Польшчы, Беларусь мае што прапанаваць наведвальнікам з-за мяжы. Самае галоўнае – гэта ўнікальныя маршруты, якія грунтуюцца на выкарыстаньні мясцовай спадчыны ды прывабнай прыроды.

Беларусь мае вельмі вялікі турыстычны патэнцыял. Краіна захавала багатую прыроду, разнастайную культурную спадчыну. За апошнія гады паўстала сетка месцаў для начлегу, у тым ліку ў рэгіёнах. Ёсьць цікавыя імпрэзы ды фэстывалі. У дадатак улады спрасьцілі візавы рэжым. Цяпер, каб дадзены патэнцыял спрацаваў, трэбна адпаведна паказаць яго на міжнародным рынку, даць прыцягальную інфармацыю, перакананя экспэртка ў галіне экатурызма Дамініка Зарэмба.

Дамініка Зарэмба: Адным з важных напрамкаў цяпер павінна стаць паказаньне гэтага патэнцыялу на рынку. Спэцыялісты, асабліва тыя, хто туды езьдзіць, ведаюць пра яго, ведаюць, якія магчымасьці разьвіцьця мае згаданы патэнцыял. Напрыклад, Беларусь – гэта вельмі добрае месца для гасьцей з Польшчы. Аднак, звычайныя палякі ня ведаюць пра гэта, альбо мала ведаюць. Таму варта паказваць гэтыя рэчы як мага больш. Тут патрэбны добры маркетынг. Пакуль цяжка атрымаць інфармацыю пра тое, што цікавае можна ў Беларусі пабачыць.

Зразумела, што тут патрэбныя цэнтралізаваныя высілкі дзяржавы, аднак шмат што могуць зрабіць і самі людзі, асабліва тыя, хто займаецца турызмам. Менавіта такая ініцыятыва мела месца нядаўна на Палесьсі.

На запрашэньне гаспадароў тамтэйшых аграсядзіб у Беларусь завітала група блёгераў з Польшчы. Яны знаёміліся з турыстычным маршрутам, які дзейнічае ў ваколіцах Жабінкі ды Кобрына «Мухавэцька Кумора». Маршрут паўстаў як супольная ініцыятыва шэрагу мясцовых аграсядзіб. Распавядае гаспадыня аграсядзібы «На Зарэчнай вуліцы», кардынатарка «Куморы» Аля Палікарпюк.

Аля Палікарпюк: Мы ўжо 10 год у агратурызьме, нашыя галоўныя напрамкі – гэта беларуская традыцыйная кухня ды туры па аграсядзібам рэгіёну. «Муховэцька кумора» – гэта агратурыстычны клястэр, наша супольнасьць. Кумора ў перакладзе з палескай гаворкі азначае кладоўка, скарбніца. Муховэцка таму, што мы знаходзімся пры рацэ Мухавец, тут асноўная база нашых аграсядзібаў. Кумора – гэта скарбніца каштоўнасьцяў нашага рэгіёну, краю. Гэта і рамесьнікі, і фальклёр, і клюбы гістарычнай рэканструкцыі, і гаспадары аграсядзіб. Усе вельмі цікавыя для турыстаў аб'екты, якія мы склалі ў адзіныя тэматычныя маршруты.

Адна з такіх тэматычных экскурсій зьвязаная з гісторыяй гандлёвага «Янтарнага шляху» з поўначы на поўдзень, які існаваў у далёкім сярэднявеччы. Гэта вельмі цікавая ды пазнавальная вандроўка, распавядае польская блёгерка Караліна з pasjaodkrywania.pl

Караліна: Вельмі цікава можна правесьці час, вандруючы па мікрарэгіну ўздоўж ракі Мухавец. Спачатку гэта кулінарныя майстар-клясы па тым, як гатаваць традыцыйныя палескія ды беларускія стравы. Потым была цэлая праграма, якая абапіраецца на гістарычную спадчыну рэгіёна. Гэта навука сярэднявечных танцаў, таксама мы паплылі на сапраўдным дракары вікінгаў. Справа ў тым, што ў мінулым Мухавец быў водным шляхам, па якому вікінгі плавалі на Русь. Мы плавалі на дракары, сустракаліся з моладзю апранутай як вікінгі, былі заняткі, зьвязаныя з гісторыяй. Апроч таго, можна наведаць у рамках «Куморы» аграсядзібу, якая спэцыялізуецца ў рэзцы па дрэву і навучыцца сакрэтам майстэрства, альбо гаспадарства, дзе культывуюць палескія традыцыі.

На падставе ўбачанага, польская турыстка зазначае, што цяпер у Беларусі можна вельмі прыемна адпачыць турыстам ня толькі з Польшчы.

Караліна: Мушу зазначыць, што ў Беларусі бачна, што гаспадары турабʼектаў усё больш сьвядомыя патрэбаў кліентаў ды паляпшаецца сэрвіс. Назіраецца падыход, каб выйсьці насустрач чаканьням кліента, які па іх прыяжджае. Важна, што расьце ўзровень сэрвісу, што тычыцца пражываньня ды харчаваньня. Важней тое, што гаспадары гатовыя прапанаваць кліентам цікава правесьці час ня толькі ў іх сядзібе, але шырэй у ваколіцы. Я заўважыла вельмі пазытыўную зьяву, што ў Беларусі ўжо ёсьць так званыя «праграмы шытыя пад разьмер». Гаспадары аграсядзіб разам рыхтуюць праграмы побыту на розны тэрмін: ад некалькіх дзён ды тыдня, у залежнасьці ад чаканьняў кліента. Можа быць актыўны адпачынак, пазнаваньне месцаў, дапасаваньне харчаваньня. Мушу сказаць, што ўсё больш прыемна адпачываць у Беларусі.

/

/
/
/
/

Такое меркаваньне выказалі госьці з Польшчы, якія нядаўна наведалі адзін з закуткоў беларускага Палесься. Свае скарбы гасьцям адкрывала «Муховэцька кумора» -- агратурыстычны клястэр у Жабінкаўскім ды Кобрынскім раёне Берасьцейскай вобласьці.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт