Зьмяншаецца дыспрапорцыя ў даходах палякаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
25.05.2018 15:15
На думку экспэртаў, гэта перш за ўсё паляпшэньне сытуацыі на рынку працы.
www.pixabay.com
Зьмяншаецца дыспрапорцыя ў даходах палякаў. Аб гэтым сьведчаць сьвежыя статыстычныя дадзеныя Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі, – паведамляе «Rzeczpospolita». Узровень заможнасьці самых бедных сем’яў расьце значна хутчэй, чым самых багатых, хаця дыстанцыя, канешне, значная.
Летась самыя багатыя сем’і мелі ў 4,7 раза больш грошай на аднаго чалавека ў сям’і, чым бедныя. Годам раней розьніца складала 5,2 раза, а ў 2013 годзе – 6,7 раза. Гэта цудоўная навіна, – згодным хорам камэнтуюць паведамленьне эканамісты. Зразумела, пры свабодным рынку немагчыма пазьбегнуць розьніцы ў даходах грамадзян, але калі яны надта высокія, гэта можа выклікаць грамадзкія хваляваньні.
Якая прычына такой станоўчай тэндэнцыі? На думку экспэртаў, гэта перш за ўсё паляпшэньне сытуацыі на рынку працы. Значна ўпаў адсотак сем’яў, у якіх ёсьць беспрацоўныя асобы, нізкія заробкі растуць хутчэй, чым высокія. Акрамя таго, дапамагае праграма 500+, дзякуючы якой сем’і атрымліваюць фінансавую дапамогу на дзяцей. Дарэчы, у мінулым годзе значна палепшылася матэрыяльная сытуацыя практычна ўсіх жыхароў Польшчы, сярэдні даход вырас ва ўсіх відах хатніх гаспадарак.
Трэба адзначыць, што эканамісты даволі скептычна адносяцца да дадзеных, якія прадставіла Галоўнае ўпраўленьне статыстыкі. Справа ў тым, што яны апрацоўваюцца на падставе анкет, а тыя, хто праводзіць апытаньні, хутчэй не трапляюць у дамы сапраўды багатых людзей, даход якіх ідзе ў мільёны злотых. Таму дыспрапорцыя ў даходах на самой справе большая.
Rzeczpospolita/нг