Logo Polskiego Radia
Print

Кожны год каля 5200 чалавек зьдзяйсьняе ў Польшчы самагубства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.05.2018 17:36
  • самагубствы.mp3
Самагубца – як правіла малады мужчына, жыхар вёскі або малога гарадка, працуе на фізычнай працы, удавец або разьведзены.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Больш за 5200 чалавек у мінулым годзе зьдзейсьніла ў Польшчы самагубства. Гэта пераважна маладыя людзі, перад якімі было ўсё жыцьцё. Сярод самагубцаў на многа больш мужчын, чым жанчын.

Тыпічны партрэт самагубцы – гэта мужчына ва ўзросьце 35 гадоў, жыхар вёскі або малога гарадка, працуе на фізычнай працы або беспрацоўны, зь нядаўняга часу ўдавец або разьведзены. Так выглядае статыстыка, але за кожным такім выпадкам можна ўбачыць жахлівыя пакуты канкрэтных людзей, якія ня бачаць іншага выхаду, як толькі налажыць на сябе рукі. Пра сярэднестатыстычнага самагубцу гаворыць псыхоляг, псыхатэрапэўт Тытус Кавэшка.

Т. Кавэшка: Перш за ўсё гэта мужчына. Самагубства зьдзейсьніла каля 4,5 тыс. мужчын, жанчын – крыху больш за 700. Розьніца вялікая. Трэба сказаць, што мужчыны часьцей робяць спробу самагубства, якая заканчваецца сьмерцю, бо сярод жанчын больш людзей хварэе на дэпрэсію, і яны часьцей хочуць забіць сябе, але самагубныя спробы заканчваюцца паразай. Мужчыны часта выбіраюць больш радыкальны спосаб, напрыклад, вешаюцца. Жанчыны часьцей хочуць атруціцца лякарствамі, але яны як правіла ня ведаюць, як гэта зрабіць, і таму шмат іх удаецца выратаваць.

Кошт самагубнай сьмерці для грамадзтва вялізарны. Як мы казалі, заканчваюць жыцьцё пераважна адносна маладыя мужчыны, якія могуць працаваць, засноўваць сем’і, мець дзяцей. А яны вырашаюць сказаць жыцьцю канчаткова «НЕ». Дзеля таго, каб змагацца з гэтай зьявай, каб прыйсьці з дапамогай гэтым людзям, вельмі важна ведаць, што зьяўляецца прычынай самагубства. Ці заўсёды гэта хвароба, дэпрэсія, ці нешта іншае?

Т. Кавэшка: Гэта не заўсёды такая клясычная, клінічная дэпрэсія. Такая хвароба мае шэраг адназначных сымптомаў, якія сьведчаць аб захворваньні. У выпадку самагубства мы часам карыстаемся тэрмінам «псыхічны боль». Такі боль характэрны для чалавека, якому не ўдаецца заспакоіць свае патрэбы. Гэтыя патрэбы бываюць розныя: неабходнасьць адабрэньня з боку іншых людзей, патрэба быць з іншым чалавекам, патрэба рэалізаваць сябе, патрэба быць важным. Калі гэтыя патрэбы хранічна не заспакойваюцца, паяўляецца фрустрацыя, пакуты.

Псыхічны боль можа выклікаць страшныя пакуты, магчыма, нават мацнейшыя, чым боль фізычны. Здараецца, што ў такой сытуацыі чалавек ня бачыць іншага выйсьця, чым пакончыць з сабой. Госьць Польскага радыё, які пажадаў застацца ананімным, назавем яго Ян, два разы спрабаваў налажыць на сябе рукі. Першы раз яго выратавалі толькі выпадкова, паколькі жонка вярнулася раней, чым плянавала, дадому. Азіраючыя назад, Ян кажа, што яму можна было дапамагчы раней, паколькі лякарствы ад яго хваробы вельмі яму памаглі.

Ян: Калі б я мог вярнуцца назад і адрэагаваць на першыя сымптомы, то, магчыма, шмат дрэнных рэчаў бы не здарылася ў маім жыцьці. Вельмі важна лячыцца. Калі хтосьці з вас заўважыць, што ў яго галаве ўсё часьцей паяўляюцца думкі пра самагубства, а пачуцьцё ўласнай годнасьці рэзка падае, то тэрмінова шукайце дапамогі. Ня трэба саромецца, ня трэба ісьці да псыхоляга, да нэўроляга. Адразу ідзіце да псыхіятра. Чым раней, тым лепш, пазьней можна жыць нармальна. Сучасныя лякарствы сапраўды добрыя, яны ня маюць уплыву на фізычнае самаадчуваньне.

Акружэньне часта не разумее псыхічнага стану такога чалавека, блізкія стараюцца яго супакоіць, кажуць, што ўсё будзе добра, вазьмі сябе ў рукі і г.д. Такія словы могуць яшчэ пагоршыць сытуацыю. Псыхіятар Тытус Кавэшка гаворыць, што нельга панікаваць, трэба пашукаць дапамогу.

Т. Кавэшка: Калі сваякі затрымаюцца на хвілінку з такой асобай, падумаюць, адкуль яе пакуты бяруцца, то гэта не азначае, што такі чалавек адразу пачне жыць нармальна, але дзякуючы гэтаму ён можа сысьці на адну прыступку ніжэй, пакіне гэтую вяршыню, вышэй за якую ўжо няма куды ісьці – далей толькі самагубства. І тады можна зьвяртацца ў розныя ўстановы, якія аказваюць дапамогу: у кансультацыю ці нават псыхіятрычны шпіталь. Ёсьць шмат устаноў, якія займаюцца дапамогай такім людзям, аказваюць псыхалягічную ці нават матэрыяльную падтрымку, паколькі нярэдка прычынай самагубства зьяўляюцца матэрыяльныя, фінансавыя праблемы. Людзям з такімі праблемамі парадаксальна здаецца, што самагубства – гэта рацыянальны выхад.

Нагадаем, кожны год заканчвае жыцьцё самагубствам каля 5200 чалавек у Польшчы. Многіх сьмерцяў магло б ня быць, калі б акружэньне больш старанна зацікавілася праблемамі дадзенай асобы і пашукала прафэсійную дапамогу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт