У сьвеце малее інтарэс да кнігі, чытацкая аўдыторыя скарачаецца. Гэтая тэндэнцыя назіраецца і ў Беларусі. Аднак у меншай ступені яна закранае беларускамоўную літаратуру.
Агульна прынята лічыць, што чалавецтва перастае чытаць. Напрыклад, у сучаснай Польшчы за апошнія 10 гадоў з 35% да 44% вырасла колькасьць тых, хто за год не прачытаў ніводнай кніжкі. Глябальна таксама чытаньне прайграе сучасным мультымэдыям. Так, на чытаньне жыхары плянэты прызначаюць толькі 6,5 гадзін у тыдзень, тады як Інтэрнэту аддаецца 9 гадзін, а тэлевізіі ўсе 16.
Аднак, калі прыгледзецца да паасобных кантынэнтаў і асабліва краін, то сытуацыя не здаецца такой адназначнай. Напрыклад, згодна з Сусьветным індэксам культуры, індусы прысьвячаюць на чытаньне 10,49 г. у тыдзень. У Швэцыі, Галяндыі ды Даніі з года ў год расьце колькасьць тых, хто чытае кнігі й малее тых, хто не прачытаў за год ніводнай кнігі. У гэтых краінах 65, 52 і 51% насельніцтва рэгулярна чытае. Падзеньне тыражоў друкаваных кніг кампэнсуюць продажы электронных выданьняў. У ЗША напрыклад, за апошнія 5 гадоў прададзена больш за 20 мільёнаў e-book-аў. На 30% у год вырас рынак электронных выданьняў у Індыі.
Паводле згаданага Сусьветнага індэксу культуры, беларусы чытаюць менш за 4 гадзіны на тыдзень. Беларуская статыстыка таксама падае трывожныя зьвесткі, што за апошнія 10 гадоў колькасьць выдадзеных кніг скарацілася на 25%. З аднаго боку, можна сказаць, што ў чытаньні кніг Беларусь ідзе ўсьлед за цэлай плянэтай, кажа старшыня беларускага Пэн-цэнтра Тацьцяна Нядбай.
Тацьцяна Нядбай: Маім меркаваньнем, беларускую літаратуру чытаюць, але менш, чым раней. Гэта глябальная тэндэнцыя. На маю суб’ектыўную думку, цяпер значна менш людзей чытаюць, чым раней.
Зь іншага боку, іншы трэнд дэманструе беларускамоўная кніга. Згодна з дасьледаваньнем «Кнігадрук Беларусі ў 2017 году» у мінулым годзе на беларускай мове выдадзена 1 314 кніг і брашур тыражом 4 336 700 экзэмпляраў. У параўнаньні з 2016 годам усе паказчыкі выпуску беларускамоўных выданьняў вырасьлі: колькасьць выданьняў – на 17,1 %, тыраж – на 15,9 %. З гэтай статыстыкай згодны каардынатар прэміі «Дэбют» Уладзіслаў Лянкевіч.
Уладзіслаў Лянкевіч: Інтуітыўна, я пагаджуся са статыстыкай. Па маіх адчуваньнях, уздым ёсьць. Але перад усім у галіне перакладной літаратуры. Усё больш выходзіць замежных твораў, перакладзеных на беларускую мову з моваў арыгіналу, як клясыкі, так і сучаснай літаратуры. Мяне гэтая тэндэнцыя вельмі цешыць. Для натуральнага разьвіцьця арыгінальнай літаратуры на беларускай мове, варта мець на ўвазе, што без прачытаных, без назьбіранага корпусу замежных тэкстаў, – росту ў літаратуры ня будзе. Другая катэгорыя – гэта дзіцячыя кніжкі. Даволі шмат апошнім часам выходзіць перакладных кніг для дзяцей. Гэта ў нейкай ступені зьвязанае з тым, што пакаленьне 1990-ых цяпер вырасла, заводзіць сваіх дзяцей і хоча іх выхоўваць па-беларуску, ці пазнаёміць з мовай зь дзяцінства. Кніга – гэта добры шлях.
У беларуская літаратуры назіраецца рост корпусу тэкстаў, якія цікавыя больш шырокай і маладой аўдыторыі, кажа экспэрт.
Уладзіслаў Лянкевіч: У цэлым колькасьць тэкстаў застаецца на падобным узроўні. Аднак, цяпер крыху лягчэй выдаць кнігу. Абарот набіраюць электронныя выданьні. Дзякуючы маладым аўтарам, як Горват, чыя кніга выйшлі вялізарным тыражом, а цяпер па ёй ставіцца пастаноўка ў Купалаўскім тэатры, Бахарэвіч, Віктар Марціновіч ды іншыя, беларуская літаратура выйшла за межы гета. Зьявіўся сярэдні беларускі чытач.
З года ў год расьце інтарэс і да беларускіх літаратурных прэмій. Прыканцы траўня стануць вядомыя вынікі прэміі «Кніга году-2017». Беларускія літаратары абяруць у інтарнэт-галасаваньні найлепшую беларускую кнігу мінулага года.
Юры Ліхтаровіч