Logo Polskiego Radia
Print

Расейскі прэзыдэнт сустрэўся зь нямецкай канцлер

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.05.2018 19:02
  • прэзыдэнт сустрэўся.mp3
Гэта 17-ты візыт Ангелы Мэркель у Расею за апошнія 12 гадоў.
Foto: GUIDO BERGMANN/BUNDESREGIERUNG Dostawca: PAP/EPA

Сустрэча нямецкага і расейскіх лідараў адбылася ў пятніцу ў Сочы. Цяперашнюю сустрэчу папярэдзілі два візыту ў Маскву нямецкіх міністраў замежных спраў ды эканомікі.

У пятніцу ў Сочы адбылася сустрэчы двух лідараў: расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ды нямецкай канцлер – Ангелы Мэркель. Сустрэча насіла працоўны характар і доўжылася каля дзьвюх гадзін. Гэта была першая сустрэча пасьля нядаўняй інагурацыі Уладзіміра Пуціна, а агулам 17-ая. Пра тое, як сустрэчу бачаць у Маскве, распавядае карэспандэнт Польскага радыё ў Расеі Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Паводле ацэнак расейскіх камэнтатараў, за кароткі час нельга абмеркаваць важныя пытаньні двухбаковых ды міжнародных стасункаў. У зьвязку з гэтым, хутчэй за ўсё дадзеная сустрэча служыць для таго, каб бакі абмяняліся поглядамі краін на найважнейшыя міжнародныя справы. Сярод іх далейшае супрацоўніцтва з Іранам, мірнае вырашэньне канфлікту ва Ўкраіне, канфлікт у Сырыі ды незадаволенасьць Захаду ўмяшальніцтвам Расеі ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Таксама закраналася пытаньне будаўніцтва газаправоду Nordstream II. Бэрлін гатовы падтрымліваць далей гэты праект, але ставіць умову, каб быў захаваны транзыт газу праз Украіну. Супраць гэтага праекту выступае Польшча ды частка дзяржаў ЭЗ. Варшава бачыць у ім далейшае ўмацаваньне Расеі ў ролі газавага манапаліста для Эўропы ды пагражае энэргетычнай бясьпецы ЭЗ.

У сваю чаргу ў Нямеччыне, асабліва прадстаўнікі нямецкіх канцэрнаў, выказваюць вялікія спадзяваньні ў зьвязку з сёньняшнімі размовамі. Нямецкія фірмы разьлічваюць, што расейска-нямецкія перамовы прывядуць да скарачэньня ўзаемных санкцый. Гаворыць бэрлінскі карэспандэнт Польскага радыё Вальдэмар Машэўскі.

Вальдэмар Машэўскі: Прадстаўнікі нямецкай прамысловасьці непакояцца, што падпадуць пад амэрыканскія санкцыі за кантакты з Расеяй ды Іранам. Яны зьвярнуліся да Ангелы Мэркэль з просьбай пра ўмяшальніцтва. Нямецкі бок спадзяецца, што дзякуючы перамовам з Пуціным удасца ўратаваць «ядзерную дамову» з Іранам. У сваю чаргу старшыня нямецка-расейскага Форум Мат’яс Пляцэк назваў сёньняшнюю сустрэчу нямецкай канцлеркі з расейскім прэзыдэнтам шанцам на пагадненьне. Прадстаўнікі нямецка-расейскай Гандлёвай палаты заклікалі лідараў, каб яны не прымалі рашэньняў, якія будуць шкодзіць эканамічным адносінам.

Іранская справа стала актуальнай пасьля 8 траўня, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра выхад Амэрыкі з ядзернага пагадненьня з Тэгеранам і аднавіў эканамічныя санкцыі супраць гэтай краіны, а таксама супраць любых кампаній, якія будуць весьці справы з іранцамі. Санкцыі пачнуць дзейнічаць 6 жніўня ды 4 лістапада бягучага года.

Сёньня стала вядома, што Эўракамісія дазволілі эўрапейскім кампаніям не выконваць амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні да Ірана, а таксама патрабаваць ад ЗША кампэнсацыі страт, выкліканых санкцыямі.

Лідары Нямеччыны ды Расеі размаўлялі пра пагадненьне з Іранам, сытуацыю ў Сырыі ды канфлікт на Ўсходзе Ўкраіны. Тэма санкцый не абмяркоўвалася, - заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.

Таксама гэты прыезд Мэркель у Сочы трэба разглядаць разам з чэрвеньскім візытам у РФ францускага прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Францускі прэзыдэнт наведае Расею ў рамках Пецярбурскага эканамічнага форума. Крамлёўская прэсавая служба паведаміла, што бакі абмяркуюць шэраг рэгіянальных і міжнародных пытаньняў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт