Logo Polskiego Radia
Print

Лёндан бачыць у Расеі бандыта

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.05.2018 15:50
  • Лёндан бачыць.mp3
Крэмль не грэбуе любымі спосабамі, каб аслабіць эўрапейскую дэмакратыю.
Foto: OMER MESSINGER Dostawca: PAP/EPA

Кіраўнік брытанскай выведкі Эндру Паркер распавёў, што ад нападу на мосьце Вэстмінстэр у сакавіку мінулага года, толькі ў Вялікабрытаніі ўлады змаглі прадухіліць 12 тэрактаў ісламістаў.

Вынік з 2013-га года – 25 раскрытых нападаў. Пры гэтым спэцслужбы не змаглі прадухіліць тэрарыстычныя акты, у прыватнасьці, на Лёнданскім мосьце і ў Манчэстэры, а таксама спробу атручваньня хімічнай зброяй былога расейскага вайскоўца з дачкой Скрыпаля. Брытанская выведка абвінаваціла Расею ў бандытызьме.

Дырэктар MI5 Эндру Паркер, менавіта гэтая спэцслужба займаецца ўнутранай бясьпекай у Вялікабрытаніі, зьвярнуўся да эўрапейскіх выведак з заклікам да шчыльнага супрацоўніцтва перад спробамі Расеі аслабіць эўрапейскую дэмакратыю.

Выступаючы на канфэрэнцыі кіраўнікоў выведак у Бэрліне, Эндру Паркер зазначыў, што гэта адзіны магчымы адказ на шматузроўневую стратэгію, якой карыстаецца сёньня Масква.

Эндру Паркер: Хлусяць у твар увесь час, гэта, здаецца, асноўны від іхняй дзейнасьці сёньня, разам з высьмейваньнем крытыкаў. Гэта шматразова выкарыстаныя дактрына расійскай дзяржавы, якая палягае на маніпуляваньні інфармацыяй праз СМІ, дэзінфармацыю і скажэньні ў сацыяльных мэдыях. Гэта дапаўняецца старымі й новымі мэтадамі шпіянажу, прасунутымі кібэр-атакамі на высокім узроўні, з выкарыстаньнем ваеннай сілы і крымінальнага бандытызму. Менавіта гэта мы называем «гібрыднай пагрозай».

Эндру Паркер дадаў, што, калі ён яшчэ можа зразумець жаданьне Масквы, каб стаць буйным міжнародным гульцом, дык мэтады лічыць непрымальнымі.

Эндру Паркер: Замест таго, каб стаць паважанай, вялікай краінай, Расія рызыкуе трапіць у яшчэ большую ізаляцыю. Рызыкуе застацца ізгоем.

Эндру Паркер падкрэсьліў, што асноўным выклікам для Эўропы зьяўляецца прапаганда і дэзінфармацыйная дзейнасьць Расеі ў Сеціве. Кіраўнік брытанскай выведкі дадаў, што ў гэтым жа таксама спэцыялізуюцца ісламскія радыкалы, якіх ён залічыў у якасьці другой пагрозы для глябальнай бясьпекі.

Эндру Паркер: Няхай ІД страціла сёньня гэны свой фальшывы халіфат ды ўмацаваньні ў Сырыі ды Іраку, аднак цягам бліжэйшых гадоў змаганьне са згаданай групай у цэлым запатрабуе далейшых міжнародных высілкаў. Нават, пакуль я вымаўляю гэтыя словы, ІД спрабуе перагрупавацца. Падобна на тое, што небясьпека захаваецца.

Для нашага рэгіёна найбольшую небясьпеку нясе пагаршэньне адносін паміж Расеяй ды Захадам. Паміж былымі партнэрамі сёньня пануе сапраўдная халодная вайна кажа шматгадовы дыплямат і міжнародны аглядальнік Цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч, пра што сьведчаць словы брытанскага чыноўніка.

Ігар Губарэвіч: З пункту гледжаньня дыпляматычнай мовы – гэта даволі рэзкая заява. Але яе сказаў прадстаўнік выведкі, ён менш абмежаваны ў сваіх заявах. Нічога экстраардынарнага я ў ёй ня бачу, напружаньне паміж Брытаніяй ды Расеяй дасягнула такога ўзроўню, што такія заявы не выклікаюць шоку. Гэта новая Халодная вайна, якая ўжо ідзе хай у новай форме. Дзеяньні Расеі выклікаюць абурэньні ў многіх краін на Захадзе, а Масква ў адказ уводзіць свае санкцыі ды пагражае арыштамі расейскім прыхільнікам заходніх санкцый супраць Крамля.

Разам з тым яны не азначаюць канца кантактаў, дыпляматы будуць далей весьці дыялёг, але хутка «разрадкі» на эўрапейскім кантынэнце экспэрт не прагназуе.

Ігар Губарэвіч: Нават у часы клясычнай Халоднай вайны паміж ЗША і Савецкім Саюзам гучалі яшчэ больш жорсткія заявы, былі сутыкненьні, але сустракаліся, былі сустрэчы ў вярхах, падпісалі Хэльсынскую дамову. Дыпляматы будуць працаваць, як бачна на паседжаньні Рады бясьпекі ААН, прадстаўнікі Расеі ды Вялікабрытаніі міла паміж сабой размаўляюць, а потым вельмі жорсткія рэмаркі. Аднак, калі ёсьць аб’ектыўныя прычыны супярэчнасьцяў, аднымі размовамі дыпляматаў справу ня вырашыш. Замірэньне – гэта доўгі працэс. Таму, на маю думку, Халодная вайна надоўга, супрацьстаяньне даволі зацятае й хуткіх пэрспэктыў вырашэньня ня бачна.

Кіраўніцтва брытанскай выведкі абвінаваціла Расею ў бандытызьме. Лёндан кажа пра спробы Масквы аслабіць эўрапейскую дэмакратыю і салідарнасьць. Вялікабрытанія заклікае супрацьстаяць гэтаму праз больш шчыльнае супрацоўніцтва выведак і ўрадаў эўрапейскіх краін. Халодная вайна паміж Захадам ды Расеяй разгараецца на добра.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт