Logo Polskiego Radia
Print

Усходняя Эўропа падрыхтаваная на Пуціна

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.05.2018 13:21
  • Эўропа прыгатаваная.mp3
Бліжэйшыя 6 год Расеяй будзе далей кіраваць Уладзімір Пуцін.
Foto:ALEXEY NIKOLSKY / SPUTNIK / KREMLIN POOL Dostawca: PAP/EPA.

Ягоны папярэдні тэрмін прайшоў пад знакам вайны ды росту імпэрскіх амбіцый Масквы. Што бліжэйшыя гады пуцінскай улады могуць прынесьці для Ўсходняй Эўропы? Супакаеньне ці чарговую эскаляцыю напружанасьці.

7 траўня Уладзімір Пуцін, які атрымаў 77% галасоў на выбарах, заняў пасаду прэзыдэнта Расеі. Папярэдні ягоны тэрмін стаў для рэгіёна сапраўдным шокам. Крэмль распачаў вайну супраць Украіны, ня раз пагражаў іншым суседзям. Да такога павароту Ўсходняя Эўропа не была гатовая. Цяпер Пуцін будзе ў чацьверты раз бліжэйшыя 6 год кіраваць Расеяй. У рэгіёне ведаюць, што ад яго чакаць ды рыхтуюцца супрацьстаяць Маскве ў прасоўваньні ейных імпэрскіх амбіцый. У больш камфортнай сытуацыі – краіны-чальцы НАТО, у большай небясьпецы, тыя, хто па-за абарончым парасолем Захаду, непасрэдныя суседзі Украіна ды Беларусь. Гаворыць палітоляг з Лодзінскага ўнівэрсытэту Пшэмыслаў Жураўскі.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: Чакае нас спадзяваны працяг яго кіраваньня, які будзе праходзіць ва ўмовах пагаршэньня эканамічнай сытуацыі Расеі ды кепскай міжнароднай рэпутацыі. Яна магла б зьмяніцца, калі быў бы новы лідар. Пуцін застаўся, ягоная рэпутацыя вядомая, яе яшчэ пагоршыла спроба выкарыстаньня хімічнай зброі на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Гэта для рэгіёна добра, бо ўсе ведаюць, што зь сябе ўяўляе пуцінскі рэжым. Новы лідар мог бы ажывіць старыя ілюзіі.

Зь іншага боку, кажа экспэрт, пуцінскі рэжым – гэта павышаная рызыка для рэгіёну, бо Крэмль будзе праводзіць агрэсіўную вонкавую палітыку.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль Граеўскі: Ня маючы магчымасьць стабілізаваць сваю ўладу ў Расею праз эканамічны рост, Пуцін будзе шукаць легітымнасьці на шляху дэманстрацыі імпэрскіх посьпехаў. Гэта небясьпечна для ўсіх суседзяў. Цяжка сказаць дакладна для каго, але найбольш пагражае Беларусі ды Ўкраіны. Там неўзабаве адбудуцца выбары, Масква абавязкова гэта выкарыстае для дэстабілізацыі сытуацыі. Тут Масква не мае абмежаваньняў, толькі супраціў з боку гэтых краін ды Захаду. Ніводзін з суседзяў не можа пачувацца бясьпечным, тым больш, што шырацца рэгіянальныя агмяні нестабільнасьці: Каўказ, Балканы.

У Беларусі экспэрты сьвядомыя таго, што становішча краіны няпэўнае з-за вонкавай агрэсіўнасьці суседа з Усходу й празьмернай залежнасьці. Разам з тым няма прадчуваньня таго, што Беларусь страціць сваю незалежнасьць. Гаворыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Усё будзе залежыць ня столькі ад двухбаковых адносін паміж Беларусьсю і Расеяй, колькі ад агульнага становішча ў сьвеце ды адносіны Расеі з Захадам. Калі стасункі з Захадам у Масквы будуць пагаршацца, Крэмль будзе ціснуць, каб прыгадаць Менску, чый ён хаўрусьнік, ад каго ён атрымлівае шмат дапамогі. Дадзеная палітыка ў беларускіх уладаў радасьці не выкліча, Менск будзе лявіраваць. У выніку могуць пагоршыцца беларуска-расейскія адносіны, у Крамля ёсьць шмат вагароў ціску. Калі стасункі Расеі з Захадам палепшацца, што малаверагодна, тады і ціск на Беларусь ня будзе такі моцны, але выключаць розныя гандлёвыя канфрантацыі не выпадае.

Новы прэзыдэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна ў Расеі азначае для Ўсходняй Эўропы – шэсьць год напружанасьці ды небясьпекі. Крэмль будзе далей раскручваць сьпіраль агрэсіі. Пад узмоцнены ціск з Масквы трапіць у першую чаргу Ўкраіна ды Беларусь. У бліжэйшыя два гады там пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Гэта найлепшы момант для Крамля, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў гэтых дзяржавах, перакананыя экспэрты.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт