Logo Polskiego Radia
Print

Чэская сталіца змагаецца з роварамі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.05.2018 16:50
  • Чэская сталіца.mp3
На днях цэнтар Прагі зачынілі для роварнага руху.
Foto: pixabay.com/CC0

Гарадзкая адміністрацыя патлумачыла сваё рашэньне клопатам пра бясьпеку мінакоў ды турыстаў. Грамадзкія арганізацыі крытыкуюць прынятае рашэньне.

У Польшчы расьце колькасьць роварных сьцежак, запавольваецца аўтамабільны рух, у гарадах зьяўляюцца публічныя сыстэмы арэнды ровараў, якімі карыстаюцца тысячы людзей. У адной толькі Варшаве летась штодня па вуліцах гораду езьдзілі 75 тысяч раварыстаў. На ровары пераселі нават палітыкі.

На пачатку красавіка ў Маскве на выбарах мэра горада сваю кандыдатуру вылучыў блёгер Ільля Варламаў з праграмай "Радыкальны ўрбанізм", у якой заклікае пераарыентавацца на разьвіцьцё грамадзкага транспарту (трамваяў ды тралейбусаў), роварнага руху ды абмежаваньне службовага транспарту для расейскіх чыноўнікаў.

Пры канцы красавіка цэнтар Прагі, у раёне Вацлаўскай плошчы, плошчы Рэспублікі ды Старамейскай плошчы зачынілі для роварнага руху з 10-ай па 17-ую гадзіну. Дадзенае рашэньне адміністрацыя горада прыняла дзеля павышэньня бясьпекі мінакоў, якім пагражалі сэгвэі ды электрычныя ровары з-за празьмернай хуткасьці перасоўваньня. Грамадзкія актывісты з аб’яднаньня Automat ужо падалі скаргу ў суд на рашэньне адміністрацыі. На пачатку траўня ў Празе заплянавана акцыя пратэсту раварыстаў: Крытычная маса, каб заахвоціць улады пераглядзець сваё рашэньне.

Роварны транспарт разьвіваюць у Польшчы, Расеі. Што здарылася ў Чэхіі, якая лічылася лідарам у гэтай галіне, што ўводзіцца забарона? Пра сытуацыю з роварамі ў гэтай краіне мы размаўляем з Даніэлем Мурэкам з чэскай арганізацыі Nadace Partnerství.

Даніэль Мурэк: У двух найбуйнейшых гарадах: Брно й Празе, менш за 2% ня пешых паездак адбываецца на ровары. Гэта нашмат менш, чым у іншых эўрапейскіх гарадах, у тым ліку ў Польшчы. Цяпер яшчэ стварэньне гэтых 4 зон у Празе, зачыненых для раварыстаў. Мы катэгарычна супраць такога падыходу. Наадварот, ровар меў шэраг пераваг. Цэнтар Прагі – гэта сярэднявечны горад з вузкімі вуліцамі. Ён быў адчынены для ровараў, якія не стваралі праблемы, а стваралі электрычныя скутэры ды сэгвэі. Прапанаваныя аб’езды нязручныя ды небясьпечныя. Таму сытуацыя ў згаданых гарадах – наш самы сур’ёзны выклік.

У гэтых двух гарадах ровар - не штодзённы транспарт, а сродак адпачынку падчас выходных, - кажа экспэрт.

Даніэль Мурэк: У Празе і Брно ровар выкарыстоўваецца ў асноўным для адпачынку. Мы вядзем падлік раварыстаў на галоўных сьцяжынках і бачым, што ў выходныя раварыстаў больш, чым сярод тыдня. Каб зьмяніць сытуацыю, цяпер ладзіцца кампанія: «На ровары на працу». Яна праходзіць вельмі пасьпяхова. Мы бачым, што ўжо зьявілася новае пакаленьне раварыстаў, маладых, якія актыўна карыстаюцца сыстэмамі «арэнды ровараў». Так што сытуацыя паволі зьмяняецца. Дамінуе «адпачынкавы» раварыст, але мы імкнёмся, каб расла колькасьць штодзённых паездак на ровары. Мільён ды сто тысяч чэхаў карыстаюцца роварамі для адпачынку. Роварны турызм у нас вельмі добра разьвіты, ёсьць шмат дарожак, рэгіёны інвэстуюць сродкі ў разьвіцьцё роварнай інфраструктуры.

Якія асноўныя праблемы ў Празе, чаго не хапае для папулярызацыі паездак на працу ня толькі на машыне, але і на ровары ды грамадзкім транспартам.

Даніэль Мурэк: У першую чаргу ў Празе ды Брно не да канца спалучаная сетка сьцяжынак. Ёсьць шмат прагалаў, маршруты не зьвязаныя часта. Патрэбныя шырокія інвэстыцыі. Ня толькі ідзецца пра фінансы. Патрэбнае паразуменьне розных установаў. Напрыклад, у Празе адзін мікрараён увёў забароны на ровары, а рэшта горада незадаволеная. Аднак яны ня могуць паўплываць на перагляд дадзенага рашэньня.

Якія гарады ў Чэхіі зьяўляюцца пасьпяховымі прыкладамі разьвіцьця альтэрнатыўнага транспарту?

Даніэль Мурэк: Калі вы завітаеце ў гарады ўздоўж Эльбы (там, дарэчы, ёсьць маршрут роварны ўздоўж ракі): Пардубіце, Градэц Кралавэ, там людзі штодня карыстаюцца роварам як транспартам. Падобная сытуацыя ў мараўскіх гарадах. Што праўда, у Празе ды Брно рэльеф моцна гарысты, шмат няроўнасьцяў, ня так як у польскіх ці нямецкіх гарадах. Гэта дадаткова не спрыяе язьдзе на ровары. Тут дапамагчы могуць электрычныя ровары. Нам патрэбна больш ровараў, якія можна арэндаваць. Такія сыстэмы вельмі пасьпяховыя ў Польшчы. У нас яны таксама ёсьць, але менш разьвітыя.

Сытуацыя Прагі дадаткова спэцыфічная таму, што горад мае вельмі добра разьвіты грамадзкі транспарт. Да таго ён даволі танны, горад даплачвае да білетаў каля 80% коштаў утрыманьня транспарту. Многія фірмы не былі падрыхтаваныя да таго, што іх працаўнікі пачнуць карыстацца роварамі. Толькі цяпер становішча мяняецца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт