Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы рэкамэндацыі ад былога наймальніка страцяць сэнс

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.04.2018 14:58
Інфармацыю пра кандыдата ў супрацоўнікі можна будзе атрымліваць толькі ад яго самога.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Неўзабаве ў Польшчы ўвойдуць зьмены ў заканадаўчых актах, якія будуць мець сур’ёзныя наступствы, між іншым, для наймальнікаў. Напрыклад, пры пошуках працаўніка патэнцыйны працадаўца ня зможа ўжо карыстацца сацсеткамі, каб бліжэй пазнаць кандыдата, ня зможа таксама распытваць пра яго трэціх асоб – знаёмых, былых настаўнікаў ці калег з былой працы. Ня будзе сэнсу таксама прасіць былога працадаўцу, каб ён напісаў рэкамэндацыю для новага наймальніка. Такія рэкамэндацыі страцяць значэньне, паколькі працаўнік зможа прадставіць у іх толькі тую інфармацыю, якая яму падабаецца, – піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Усё гэта вынік увядзеньня гэтак званага RODO – новага распараджэньня ЭЗ, якое датычыць аховы пэрсанальных дадзеных. У Польшчы RODO пачынае дзейнічаць 25 траўня. Ураду прыйшлося ўвесьці папраўкі і дапаўненьні ў некалькі дзясяткаў заканадаўчых актаў, між іншым, у Працоўны кодэкс. Цяпер кодэкс прадбачвае, што інфармацыю пра кандыдата ў супрацоўнікі, акрамя імя і прозьвішча, можна будзе атрымліваць толькі ад самой дадзенай асобы.

«Цяжка сказаць, каму гэтыя зьмены пойдуць на карысьць. На пэўна ня тым людзям, якія сумленна выконваюць сваю працу. Для іх станоўчая рэкамэндацыя ад былога наймальніка была аргумэнтам, які дазваляў дабіцца вышэйшай зарплаты ў новага працадаўцы», – кажа экспэрт арганізацыі «Працадаўцы РП» прафэсар Маніка Гладах.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт