Logo Polskiego Radia
Print

Працагалізм - залежнасьць, з якой нялёгка змагацца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2018 15:37
  • працагалізм.mp3
Чалавек, які шмат часу прысьвячае працы, як правіла ня лічыцца хворым.
www.pixabay.com/Creative Commons

Некаторыя людзі проста ня здольныя сядзець без ніякай справы. Яны пастаянна павінны нешта рабіць, інакш адчуваюць сябе дрэнна ў псыхічным пляне. Парадаксальна, такое ўнутранае пастаянна працаваць можа стаць адным з відаў дрэннай звычкі, залежнасьці, падобнай да алькагалізму або наркаманіі. Бяда працаголікаў у тым, што грамадзтву на многа прасьцей адобрыць працагалізм, чым вышэй названыя залежнасьці.

Хто часьцей за ўсё набывае залежнасьць ад працы? Гэта, на думку госьця Польскага радыё псыхіятра Тадэвуша Петраса, тыя людзі, у якіх не запоўненыя іншыя галіны жыцьця. Калі жыцьцё пустое, то яго лёгка запоўніць працай.

Т. Пертас: Чалавек можа стаць залежным ад працы па самых розных прычынах. Калі ён адчувае пустату ў сваім жыцьці, то вельмі проста запоўніць гэтую пустату працай.

Вось як нараджаецца залежнасьць – распавядае чалавек, які лічыць, што ў яго ёсьць праблема залежнасьці ад прaцы. Ён пажадаў застацца ананімным.

Працаголік: Доўгі час я займаўся кампутарнай графікай. Гэты від дзейнасьці патрабаваў, каб я часта заставаўся ў няўрочныя гадзіны на працы. Акрамя таго, нярэдка я адмаўляўся ехаць з маёй жонкай да яе сваякоў, да сястры. У мяне пастаянна былі праекты, якія неабходна было закончыць ужо нейкі час таму. Праца дае мне задавальненьне.

Са словаў суразмоўцы ПР вынікае, што праца можа стаць канкурэнцыяй іншай жыцьцёвай актыўнасьці, напрыклад, правядзеньню свабоднага часу з сям’ёй, блізкімі. Праца выйграе.

Т. Петрас: Праца становіцца элемэнтам, які ўваходзіць у месца іншых відаў дзейнасьці. Праца падмяняе нармальныя адносіны з людзьмі, падмяняе кантакт з сябрамі, знаёмымі, падмяняе іншую актыўнасьць. Чаму гэта так важна? Таму што праца ў празьмернай колькасьці па-першае становіцца мэтай сама па сабе, а па-другое, яна аддзяляе чалавека ад кантактаў з іншымі членамі грамадзтва. Адзіная сфэра жыцьця, якая застаецца ў чалавека – гэта праца.

Такі від залежнасьці можна паддаваць тэрапіі, але няма ад яе таблеткі, адзіная магчымасьць зьмяніць паводзіны – гэта псыхатэрапія.

Т. Петрас: Гэта так званая біхэвіаральная залежнасьць, таксама, як залежнасьць ад азартных гульняў, ад інтэрнэту, ад пакупак і г.д. Лячыць такую залежнасьць можна выключна пры дапамозе псыхатэрапіі. Неабходна пашукаць добрага, кваліфікаванага псыхатэрапэўта.

Здавалася б, што дадзены від залежнасьці – не такі ўжо і дрэнны. Чалавек, які шмат працуе, праводзіць на працы доўгія гадзіны, можа цаніцца наймальнікамі. Кожны хацеў бы мець такога супрацоўніка, які моцна ангажуецца ў свае заданьні. Аднак, аказваецца, што колькасьць гадзін, праведзеных на працы, не пераходзіць аўтаматычна ў якасьць гэтай працы.

Т. Петрас: У вялікай карпарацыі чалавек страчвае сваю індывідуальнасьць, ён перастае быць суб’ектам, становіцца свайго роду прадметам, вінцікам. Калі ў чалавека няма нічога іншага ў жыцьці, акрамя працы, і гэтую працу ён страчвае, то застаецца без нічога. Карпарацыйны лад працы з аднаго боку зьяўляецца прычынай залежнасьці людзей ад працы, а з іншага боку, ён – крыніца няшчасьця для людзей, якія залежаць ад працы, бо карпарацыя адносіцца да такіх асоб інструмэнтальным чынам. Нельга таксама забываць, што існуе дабро індывідуальнага чалавека, а яно не заўсёды атаясамліваецца з дабром працадаўцы.

Парадаксальна, працаголікі зусім не зьяўляюцца самымі лепшымі працаўнікамі. Справа ў тым, што яны празь нейкі пэрыяд часу ўжо на столькі стомленыя працай, што іх прадуктыўнасьць працы рэзка падае, нягледзячы на тое, што яны праводзяць на рабочым месцы шмат гадзін.

Т. Петрас: Цяжка адназначна сказаць, хто – добры працаўнік, а хто – не. Няма вызначаных крытэраў памеру прадуктыўнасьці супрацоўнікаў, калі яны не займаюцца фізычнай працай. Але кожны лішак шкодзіць, у тым ліку лішак працы. І кожная залежнасьць заканчваецца цяжкімі расстройствамі, як фізычнымі, так і псыхічнымі ды грамадзкімі. Перш за ўсё чалавек губляе сетку грамадзкай падтрымкі, і гэта самая вялікая бяда працагалізму.

Як правіла мігрэні і хранічная стомленасьць суправаджаюць працаголіка ўжо на першай стадыі захворваньня, затым да іх далучаюцца дэпрэсіі, стрэсы і цэлы букет хвароб унутраных органаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт