Антоні Мацярэвіч траціць свае пазыцыі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
14.04.2018 14:42
Антоні Мацярэвіч – чалавек, які выклікае крайнія эмоцыі ў палякаў: ад захапленьня да вялікай крытыкі.
Antoni Macierewiczpolskieradio.pl
Былы міністар абароны замацоўваў сваю палітычную пазыцыю на расьсьледаваньні смаленскай авіякатастрофы. Аднак старшыня кіроўнай партыі страціў давер да яго й веру ў ягоныя сэнсацыі - Яраслаў Качыньскі расчараваны вынікамі працы Мацярэвіча. Сёньня ўжо нельга нават казаць пра сяброўства паміж гэтымі палітыкамі. Аднак старшыня партыі «Права й справядлівасьць» даў яму яшчэ час – год або два. Гаворка ідзе пра высьвятленьне прычын катастрофы ўрадавага самалёту пад Смаленскам, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы й брат Яраслава Лех Качыньскі. Дагэтуль сьледзтва Мацярэвіча не дало канкрэтных вынікаў. На восьмую гадавіну крушэньня самалёту ён падрыхтаваў тэхнічны даклад аб прычынах катастрофы. Аднак, незалежна ад падкамісіі Мацярэвіча, асобнае сьледзтва вядзе пракуратура, быццам бы Качыньскі не давяраў Мацярэвічу.
Самі чальцы кіроўнай партыі кажуць, што Мацярэвіч прыцягнуў да справы «спэцыялістаў, якія аказаліся зусім несур’ёзнымі». Таксама намаганьні былога міністра абароны вярнуць абломкі самалёта ў Польшчу з Расеі не далі вынікаў. Такім чынам «смаленскае паліва», на якім трымалася кар’ера Мацярэвіча, паціху вычэрпваецца. Ён згубіў пазыцыю № 2 у партыі, у яго забралі Міністэрства абароны, ён ня можа больш уводзіць сваіх давераных асоб у армію, спэцслужбы, ВПК.
Аднак за Мацярэвічам стаіць моцны кансэрватыўны электарат. Магчыма, таму ён надалей працуе ў будынку Мінабароны. Тым ня менш, яго час заканчваецца – піша тыднёвік «Wprost»
яс