Logo Polskiego Radia
Print

Сырыйскі крызыс: бакі студзяць настроі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.04.2018 17:03
  • Сырыйскі крызіс.mp3
Увесь тыдзень сьвет балянсаваў на мяжы вайны паміж Расеяй ды Захадам.
Foto: YOUSSEF BADAWI/PAP/EPA

Прычынай новага абвастрэньня сталі падзеі ў Сырыі. ЗША заявіла, што нанясе ўдар па сілах Асада, Расея ў сваю чаргу заявіла, што будзе зьбіваць амэрыканскія ракеты.

У мінулую суботу падчас атакі сырыйскіх урадавых войскаў на пазыцыі паўстанцаў у Думе ва Ўсходняй Гуце ў адзін са шпіталяў трапіла бомба з хлёрам. У выніку хімічнай атакі загінула некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным жанчын і дзяцей, а некалькі соцень былі параненыя.

Гэтыя падзеі выклікалі вялізарны рэзананс на Захадзе. Францускія ўлады выступілі з заявай, што яны гатовыя нанесьці ўдары па сілах Башара аль-Асада ў адказ на выкарыстаньне хімічнай зброі. Пра тое, што за хімічнай атакай стаіць афіцыйны Дамаск, заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Эманюэль Макрон: Мы прысутнічаем у Сырыі, каб змагацца з міжнародным тэрарызмам у рамках шырокай кааліцыі. Мы змагаліся з тэрарыстамі з ІД, адкуль ішла арганізацыі тэрактаў у Парыжы. Гэта наша мэта. Цяпер там, у Сырыі вядзецца шмат войнаў. Адна зь іх – гэта змаганьне рэжыму Башара Асада і ягоных хаўрусьнікаў з паўстанцамі. Рэжым ня можа сабе дазваляць усё, што заўгодна. Ёсьць міжнароднае права, у нас ёсьць доказы, што на мінулым тыдні была выкарыстаная хімічная зброя, як мінімум хлёр. Гэта зрабілі сілы Башара аль-Асада.

Пазыцыю Францыі падтрымалі ЗША. Амэрыканскі прэзыдэнт напісаў у сваім Твітар-акаўнце, што неўзабаве ў Сырыю праляцяць ракеты. Аднак пасьля сустрэчы з дарадцамі па пытаньнях бясьпекі, ён зьмякчыў тон сваіх выказваньняў.

Дональд Трамп: Мы ўважліва назіраем за сытуацыяй у гэтай краіне. Мы чакаем, што там далей будзе адбывацца. На жаль, сьвет паставіў нас у такую пазыцыю. Мы выканалі сваю працу, зьнішчылі Ісламскую дзяржаву. Цяпер нам трэба прыняць далейшыя рашэньні. Яны будуць хутка прынятыя.

Таксама ідэю паветранага ўдару па Сырыі не падтрымалі іншыя хаўрусьнікі. Брытанскі ўдар заявіў толькі, што нельга пакінуць без адказу выкарыстаньне хімічнай зброі з боку рэжыму Асада. Нямеччына ўвогуле выключыла свой удзел у апэрацыі супраць афіцыйнага Дамаска.

Ангела Мэркель: Увесь час мы назіраем за тым, што дзеецца ў Францыі ды ЗША. Я размаўляла з францускім прэзыдэнтам. Нямеччына ня будзе браць удзелу ў магчымых, яшчэ не прынятае рашэньне, вайсковых дзеяньнях. Мы будзем падтрымліваць дзеяньні ў напрамку таго, што выкарыстаньне хімічнай зброі непрымальна.

Кансультацыі вядуцца ўнутры NATO. Арганізацыя асудзіла хімічную атаку, але не прадставіла свайго пляну дзеяньняў. Гаворыць генэральны сакратар Пакту Енс Столтэнбэрг.

Енс Столтэнбэрг: Апошні напад быў жудасным, загінулі дзясяткі чалавек, у тым ліку шмат дзяцей. NATO лічыць, што выкарыстаньне хімічнай зброі – гэта пагроза для міжнароднай бясьпекі ды міру. Арганізатары гэтага нападу павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці.

Таксама Расея спрабуе суцішыць сытуацыю ды раззброіць крызыс. Так, расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква чакае вынікаў місіі міжнародных экспэртаў у Думе, што расейскія экспэрты не знайшлі доказаў выкарыстаньня хімічнай зброі ў гэтым рэгіёне.

Сяргей Лаўроў: Адносна таго, ці было выкарыстаньне хімічнай зброі, я б параіў дачакацца вынікаў місіі Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, якая пад нашым ціскам ды сырыйскага ўраду выехала ў Сырыю. Мы разьлічваем, што яны наведаюць Думу, дзе няма ніякіх пацьверджаньняў выкарыстаньня хімічнай зброі, нашы спэцыялісты там нічога не знайшлі. У нас ёсьць верагодныя дадзеныя, што гэта была чарговая пастаноўка, да якой прыклалі руку спэцслужбы адной дзяржавы, якая цяпер імкнецца выбіцца ў першыя шэрагі русафобскай кампаніі.

Нягледзячы на заявы Расеі, што яны будуць зьбіваць амэрыканскія ракеты, у Сырыі рыхтуюцца да ўдару. Войскі Башара Асада ўцякаюць з баз ды лётнішчаў у разьліку на тое, што Захад нанясе ўдар па некалькіх аб’ектах, каб выйсьці з крызысу з тварам. Перадае з Лівана карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: Пасьля таго, як амэрыканскі прэзыдэнт напісаў, што неўзабаве па Сырыі ўдараць амэрыканскія ракеты, армія Башара Асада пачала сыход з аэрапортаў ды вайсковых баз. Інфармацыю распаўсюдзіла сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека, якая 7 гадоў назірае за падзеямі ў Сырыі. Сваю падтрымку Сырыі паабяцаў Іран, адзін з галоўных хаўрусьнікаў дамаскіх уладаў. Тэгеран заявіў, што падтрымлівае Сырыю ды асуджае любую замежную агрэсію. Сырыйскія экспэрты прагназуюць, што нават калі і будзе нанесены ўдар, ён ня будзе вялікай сілы. Гэта будзе абмежаваны ўдар. Амэрыканская адміністрацыя хоча, каб яе не абвінавачвалі ў слабасьці. Частка авіякампаній ужо зьмянілі трасы сваіх самалётаў, каб яны не ляталі праз Сырыю. З такой просьбай выступіла Эўрапейскае агенцтва Эўракантроль.

Сытуацыя застаецца напружанай, аднак бакі імкнуцца не даводзіць да абвастрэньня, тым больш, што ў рэгіёне магла б успыхнуць яшчэ большая вайна. Міжнародныя арганізацыі, як ААН да Сусьветная арганізацыя здароўя заклікаюць правесьці міжнароднае сьледзтва ў справе выкарыстаньня ці невыкарыстаньня хімічнай зброі ў сырыйскім горадзе Дума.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт