Склады хімічных рэчываў - экалягічныя бомбы ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.03.2018 15:51
Ачыстка ўсіх зямельных участкаў будзе каштаваць вялізныя грошы.
Ілюстрацыйнае фотаwww.pixabay.com/Public Domain
У Польшчы ёсьць нямала месцаў, дзе захоўваюцца таксычныя рэчывы. Ачыстка ўсіх забруджаных такімі рэчывамі зямельных участкаў магла б каштаваць нават трыльён злотых. Улады могуць атрымаць на гэтыя мэты сродкі з Эўразьвязу, але трэба сьпяшацца – піша «Gazeta Wyborcza».
Апошнюю экалягічную бомбу выявілі нядаўна ў мясцовасьці Горліцы – склад бочак з сернай кіслатой. У горад прыехаў віцэ-міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Славамір Мазурэк, абяцаў дапамагчы. І адзначыў, што дзейнічае ўжо спэцыяльная камісія, якая займаецца пытаньнем хімічнага забруджаньня земляў, дзе знаходзіліся калісьці вялікія прамысловыя аб’екты. Адзін з прыкладаў такой экабомбы – хімзавод у Тарнаўскіх гарах, дзе хімічныя адкіды цягам 70 гадоў перасоўваліся пад зямлёю, а цяпер іх выяўляюць вельмі блізка ад ракі Вісла. Невядома, ці яны ўжо не трапляюць у ваду. На думку кандыдата навук інжынэра Марыюша Чопа (Mariusz Czop), які дасьледуе забруджаную тэрыторыю, гэта самая небясьпечная экалягічная бомба ня толькі ў Польшчы, але таксама ва ўсёй Эўропе.
На забруджанай тэрыторыі пражывае каля тысячы чалавек. Бруднай вады яны, праўда, даўно ня п’юць, але паліваюць ёй агароды і напаўняюць дзьмуханыя басэйны для дзяцей летам. Трэба як мага хутчэй затрымаць перасоўваньне хімічных рэчываў. Адмыслоўцы палічылі кошт – 90 млн. злотых, ёсьць магчымасьць атрымаць дапамогу з ЭЗ, але патрэбныя таксама ўласныя сродкі, якія ніхто ня хоча выкласьці.
Праблема ў тым, што тэрыторыі былых дзяржаўных прадпрыемстваў былі прададзеныя, а чыноўнікі ня могуць выдаткоўваць грошы на ачыстку прыватных участкаў.
Gazeta Wyborcza/нг