Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрты назвалі самую ўплывовую жанчыну ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.03.2018 15:36
  • уплывовыя жанчыны.mp3
Аказалася ёй асоба, якая практычна не аказвае ніякага ўплыву на палітычнае жыцьцё краіны.
Дар'я Домрачава на беларускай паштовай марцыДар'я Домрачава на беларускай паштовай марцыWikipedia.org/Publi Domain

Гендэрныя стэрэатыпы ў Беларусі трымаюцца моцна. Жанчына ў палітыцы многімі беларусамі ўспрымаецца як непаразуменьне. Што цікава, гэтае меркаваньне часта падтрымліваюць самі жанчыны, якія кажуць, што месца жанчыны – дома, пры дзецях і мужу. А каго беларусы лічаць самай уплывовай жанчынай? Напярэдадні 8 сакавіка было праведзенае апытаньне на гэтую тэму, у якім перамагла асоба, вельмі далёкая ад палітыкі.

Інфармацыйны партал БелаПАН запытаў некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў розных галін беларускага жыцьця, каго яны лічаць самай уплывовай жанчынай у Беларусі. Свае адказы прадставілі 26 жанчын і 25 мужчын. Сярод уплывовых жанчын часта паяўлялася прозьвішча кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай, пісьменьніцы, Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант. Аднак найбольш балаў набрала асоба, якая парадаксальна не аказвае вялікага ўплыву на палітычнае жыцьцё краіны, калі не сказаць – не аказвае зусім ніякага ўплыву, – біятляністка, алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава.

Чалавек, які дабіўся выдатных вынікаў у спорце, можа аказаць вялікі ўплыў на палітыку, але пра Домрачаву гэтага нельга сказаць, – заўважае мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі.

П. Быкоўскі: Ці можа быць спартсмэн уплывовым, калі ён займаецца чымсьці іншым, акрамя спорту? Канешне, можа. У нас былі дэпутаты парлямэнта, якія былі спартсмэнамі і пры гэтым займаліся актыўна палітыкай. Пра Домрачаву я гэтага сказаць не магу. Мы тут трапляем у сытуацыю, калі людзі выказваюцца, як ім Бог на душу паложыць, і адказы на пытаньні не паказваюць сапраўднай вагі асобы. Калі б мы шукалі адказы на пытаньне, чаму гэта важная асоба, што ад яе залежыць, то напэўна адказы былі б крышачку іншымі.

Людзі адказвалі пад уплывам пазытыўных эмоцый, якія яны атрымалі дзякуючы Дар’і Домрачавай на алімпійскіх спаборніцтвах, – так камэнтуе перамогу спартсмэнкі ў апытаньні публіцыстка, вядучая тэлеканала «Белсат», кіраўнік сайта «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна.

С. Калінкіна: Гэта ўплыў нядаўняй алімпіяды, эмоцыі экспэртаў. Дар’я Домрачава – цудоўная спартсмэнка, прыгожая жанчына, але сказаць, што яна ўплывовы чалавек, нельга. Яна самая вядомая жанчына ў Беларусі, але не ўплывовая. Экспэрты паддаліся эмоцыям, пераблытаўшы адно з адным.

У сваю чаргу палітоляг, заснавальнік Лятучага ўнівэрсытэту Ўладзімер Мацкевіч адзначае, што ў беларускай палітыцы агулам цяжка называць уплывовых людзей, паколькі няма нармальнага палітычнага жыцьця ў краіне.

У. Мацкевіч: У беларускім рэжымным коле гендэрная прыналежнасьць ня мае значэньня, бо ніхто з чыноўнікаў, нават самага высокага рангу, не ўплывае на прыняцьце рашэньняў. Яны або выпрацоўваюцца калектыўна і зацьвярджаюцца прэзыдэнтам, або наўпрост спускаюцца ад прэзыдэнта. Таму мераць уплывовасьць у прэзыдэнцкай вэртыкалі – гэта пераносіць сэнс з нармалёвай сытуацыі туды, дзе яго няма. Што тычыцца астатніх галін грамадзтва, то сапраўды ў нас жанчыны недастаткова прадстаўленыя і ў бізнэсе, і ў апазыцыйных колах, і ў культуры таксама. У спорце ці ў такіх галінах, як эстрада, наогул дзіўна казаць пра ўплывовасьць. Так, Домрачава – вядомая пэрсона, зорка, але ж яна ні на што не ўплывае, нават не імкнецца гэтага рабіць.

Многія экспэрты, у тым ліку двое з траіх нашых суразмоўцаў, самай уплывовай жанчынай у Беларусі назвалі Натальлю Качанаву. Шмат балаў набрала таксама Сьвятлана Алексіевіч. Чаму гэта важныя асобы, тлумачыць Сьвятлана Калінкіна.

С. Калінкіна: Н. Качанава – гэта чалавек, які сёньня найбольш набліжаны да прэзыдэнта. Яна вызначае, хто да яго прыйдзе, якія паперы трапяць на стол. Шмат што залежыць ад таго, у які момант і як пададзена тая ці іншая інфармацыя. Натальля Качанава, якая адкрывае ці закрывае доступ да першай асобы, зьяўляецца такім кардыналам пры Лукашэнку. На другое месца я паставіла Сьвятлану Алексіевіч. Тут уплыў не чынавенскі, а ўплыў на розум людзей, на імідж Беларусі, Нобэлеўская прэмія зрабіла яе адным з самых вядомых беларусаў сьвету. Яна стала гонарам Беларусі. Гэты ўплыў нават большы за ўплыў Качанавай на сваёй якасьці.

Нагадаем, паводле большасьці экспэртаў, апытаных агенцтвам БелаПАН, самая ўплывовая жанчына Беларусі – біятляністка Дар’я Домрачава. Паралельна на сайце naviny.by усе жадаючы маглі прыняць удзел у падобным апытаньні. На думку карыстальнікаў сайту, самай уплывовай жанчынай Беларусі зьяўляецца пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт