Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі адбываецца рэгуляцыя пасажырскіх перавозак

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.03.2018 17:15
  • Маршруткі.mp3
Працэс нармалізацыі рынка запавольваецца празьмернай бюракратызацыяй.
Foto: pixabay.com/CC0

Калі стануць маршруткі? Маршруткі – усё? Транспартны каляпс? Такімі загалоўкамі поўніцца беларуская прэса з мінулага тыдня.

Прыватныя перавозьнікі спынілі рэйсы, людзі скардзяцца, што вымушаныя гадзінамі чакаць транспарт. Улады кажуць, што сытуацыя некрытычная. Ці сапраўды?

Гэта ўсё наступства зьменаў заканадаўства ў Беларусі ў транспартнай галіне. 26 лютага ў краіне пачалі дзейнічаць зьмены ў Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». У першую чаргу яны закранулі так званых «нерэгулярных маршрутных перавозьнікаў». Гэта тыя, хто езьдзіў без дамовы з дзяржаўным апэратарам, па свабодным маршруце ды раскладзе. Новыя правілі абавязваюць іх цяпер трымацца раскладу ды маршруту, і самае галоўнае, права не перавозку атрымоўваць праз афіцыйны конкурс.

Прадпрымальнікі зрэагавалі на зьмены спыненьне працы. У выніку на мінулым тыдні ў Беларусі зьявіліся месцы, куды складана даехаць. Людзі пачалі скардзіцца, у Слуцку сабралі больш за 20 тысяч подпісаў за вяртаньне маршрутак. Эканамісты пачалі крытыкаваць улады, што тыя спрабуюць манапалізаваць і забіць рынак. Пра гэта заявіў тэлеканалу Белсат беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук. У сваю чаргу, эканаміст Міхась Залескі бюракратычны падыход крытыкуе, але лічыць, што перавозкі не памруць.

Міхась Залескі: Транспарт – гэта адзін з тых сэктараў, які разьвіваўся сам па сабе. Там былі праблемы ўласьцівыя такой эканоміцы як наша: дзялёжка маршрутаў, сувязь з чынавенствам. Рынак быў дастаткова дзікі. Замест таго, каб уводзіць яго ў цывілізаваныя рамкі, яго ўводзяць у бюракратычныя. Гоняць людзей да чыноўнікаў у кабінэт, да дзяржаўнага разьмеркавальніка. Хаця ўсё з часам утрасецца.

Старэйшы аналітык дасьледчага цэнтра CASE-Беларусь Зьміцер Бабіцкі лічыць, што прынятыя зьмены хутчэй нармалізуюць сытуацыю ў пасажырскіх перавозках, прыводзяць яе ў эўрапейскае рэчышча.

Зьміцер Бабіцкі: У Беларусі ёсьць тры віды маршрутак: дзяржаўныя, прыватныя легальныя, што абслугоўваюць маршруты, ды нерэгулярныя. Яны езьдзяць калі хочуць, дзе хочуць спыняюцца, і па якіх хочуць цэнах. Яны не выконваюць абавязкі, якія прадугледжвае заканадаўства па рэгулярных перавозках пасажыраў. Гэта проста вяртаньне перавозьнікаў у прававыя рамкі. Беларускае заканадаўства тут не адрозьніваецца ад заходніх краінаў. Там дзейнічаюць кантракты на аказаньне грамадзкіх паслуг.

Праблемы і напружанасьць узялася з таго, што на рынку перавозак (асабліва па некаторых напрамках склалася паталягічная сытуацыя, калі большасьць перавозак выконвалі «нерэгулярныя маршруткі», да 80% перавозак, тады, як у сярэднім па краіне іх доля склалася 10-20%, паводле падлікаў цэнтра CASE-Беларусь.

Зьміцер Бабіцкі: Ёсьць маршруты, якія апанавалі нелегалы ды не аддавалі нікому. Напрыклад, на маршруце Менск-Барысаў былі прадстаўлены ўсе тры гульцы. Паступова легальны сэгмэнт выціснуў нелегальны. Цяпер для Барысава ды Жодзіна не праблема, што нелегалаў зашчамілі. На некаторых накірунках, як Наваполацк, Салігорск, Магілёў, – нелегалы мелі не 20%, а 80%. Таму там і ўзьнікла праблема.

Экспэрт перакананы, што цягам бліжэйшым месяцаў сытуацыя нармалізуецца. На рынак вернуцца «нерэгулярныя» ужо як рэгулярныя, альбо іх месца зоймуць легальныя фірмы, карыстаючыся тым, што попыт на паслугі вялізарны.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт