Logo Polskiego Radia
Print

У псыхіятрычных бальніцах не хапае месцаў для дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.03.2018 16:58
У Польшчы з дэпрэсіяй змагаецца кожная пятая дзяўчына ва ўзросьце 15 гадоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Колькасьць дзяцей, у якіх назіраюцца псыхічныя расстройствы, імкліва расьце. Так дрэнна яшчэ не было – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». Напрыклад, псыхіятрычныя шпіталі ў Познані, Гданьску, Варшаве ўжо цяпер паведамілі, што на гэты год няма месцаў на плянавае лячэньне. Месцаў на дзіцячых аддзяленьнях пастаянна не хапае, некаторыя пацыенты ляжаць на калідоры. А гэта толькі выпадкі, якія патрабуюць неадкладнага лячэньня – дзеці, у якіх назіраецца пагроза страты жыцьця.

Менш сур’ёзныя хваробы, напрыклад, калі хтосьці апантана па шэсьць гадзін у дзень мые рукі, не ў стане хадзіць у школу і весьці нармальнае жыцьцё, але няма ў яго думак накласьці на сябе рукі, яму прыйдзецца доўга чакаць у чарзе. Паводле дадзеных нацыянальнага кансультанта па пытаньнях дзіцячай псыхіятрыі прафэсара Барбары Рэмбэрк, колькасьць пацыентаў у бальніцах складае 150-160% нормы.

З апытаньняў, праведзеных сярод варшаўскіх гімназістаў, вынікае, што з дэпрэсіяй змагаецца кожная пятая дзяўчына ва ўзросьце 15 гадоў. Па дадзеных паліцыі, за тры гады на адну трэцюю вырасла лічба падлеткаў, якія прадпрымаюць спробу суіцыду. Параўнаньне з іншымі краінамі паказвае, што сытуацыя выключна дрэнная, асабліва калі гаворка ідзе пра польскіх дзяўчынак. Іх ацэнка задаволенасьці ўласным жыцьцём самая нізкая сярод усіх удзельнікаў дасьледаваньня, праведзенага ў 42 краінах.

Выданьне атрымала інфармацыю, што ў будучым годзе плянуецца ўвесьці новую праграму прафіляктыкі псыхічных расстройстваў. Псыхоляг будзе ў кожнай школе, паявяцца мабільныя тэрапэўтычныя групы і лепшая даступнасьць сямейнай тэрапіі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт