Logo Polskiego Radia
Print

«Нізкая яўка – прыкмета недаверу да палітычнай сыстэмы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.02.2018 15:44
  • «Нізкая яўка – прыкмета недаверу да палітычнай сыстэмы».mp3
Беларускія ўлады могуць пастарацца завысіць яўку й на наступных на выбарах – мяркуе экспэрт.
pixabay.com/Public Domain CC0

Асноўнай палітычная падзеяй мінулых 7 дзён у Беларусі сталі выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Прайшлі яны па традыцыйным сцэнары – з велізарнымі лічбамі датэрміновага галасаваньня й пры непразрыстым падліку галасоў. Аднак новым фэномэнам стала значнае завышэньне яўкі. Навошта ўлады вырашылі завысіць колькасьць удзельнікаў на малаважных мясцовых выбарах? Ці паўторыцца гэты сцэнар на выбарах прэзыдэнта? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і аналітык EAST-Center Андрэй Елісееў.

Навошта на выбарах спатрэбіліся «каруселі»?

18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Зацікаўленасьць як кандыдатаў, так і насельніцтва, была рэкордна нізкай. На 18,5 тысячаў месцаў у сельскіх, раённых і абласных саветах прэтэндавалі толькі 22 тысячы чалавек. Пасьля закрыцьця ўчасткаў Цэнтарвыбаркам заявіў, што яўка склала ажно 77%, а доля тых, хто прагаласаваў датэрмінова, пабіла ўсе рэкорды і склала 34%.

Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра масавае завышэньне яўкі і падтасоўкі на карысьць праўладных кандыдатаў. Навошта ўладам накручваць яўку на мясцовых выбарах, якія нічога не вырашаюць? Ці будзе яна завышацца на выбарах прэзыдэнта? Як на фальсыфікацыі адрэагуюць краіны Захаду?

Андрэй Елісееў: Сапраўды, паводле справаздачаў назіральнікаў і шэрагу медыя-матэрыялаў, на гэтых мясцовых выбарах ажно так званыя каруселі задзейнічалі, каб накруціць яўку. Гэта калі спэцыяльныя групы людзей езьдзяць па ўчастках, каб прагаласаваць па некалькі разоў. А тым часам парога яўкі на гэтых мясцовых выбарах не было, і адсюль слушнае пытаньне, навошта гэта ўсё. А гэта трэба для легітымізацыі выбараў – каб паказаць, што яны карыстаюцца даверам беларусаў, што ўскосна гаворыць і пра давер да ўсёй палітычнай сыстэмы. Пагадзіцеся, ёсьць псыхалягічная розьніца – прыйшлі на ўчасткі 77% (як быццам), ці, скажам, 30%.

Захад чарговы раз нагадае пра парушэньне міжнародных стандартаў і пашкадуе, што Беларусь не палепшыла выбарчае заканадаўства, каб зрабіць выбарчы працэс больш адкрытым. Але сёньня Захад ня ставіць свабодныя выбары перадумовай нармалізацыі адносін з Беларусьсю.

Павысіць заробкі настаўнікам удвая – нерэальна

16 лютага Аляксандар Лукашэнка загадаў павысіць заробкі настаўнікам удвая. Як падкрэсьліў кіраўнік Беларусі, такая мера неабходная, каб спыніць катастрафічны адток кадраў. Пра тое, што прэстыж настаўніцкай прафэсіі проста неабходна павышаць, каб павысіць якасьць школьнай адукацыі, не спрачаецца ніхто. Аднак ці ўдасца выканаць такую амбітную задачу?

Андрэй Елісееў: Пытаньне рытарычнае, бо, напэўна, ніхто (і перадусім самі настаўнікі) ў такія абяцанкі ня вераць. Тады штогод на болей як 100 тысяч пэдагогаў давядзецца дадаткова выдаткоўваць ня меней за сотню мільёнаў даляраў з бюджэту. Падняць заробак пэдагогам нават на адсоткаў 20-30% пры ўсё болей дзіравым бюджэце – выглядае маларэалістычна. Напэўна, гэтая заява часткова зьвязаная зь нядаўнім даволі значным павышэньнем заробку ўкраінскіх настаўнікаў.

Беларуская мова для ўладаў па-ранейшаму – не каштоўнасьць

19 лютага напярэдадні Дня роднай мовы міністар адукацыі Ірына Булаўкіна адказала на зварот бацькоў, якія патрабуюць стварыць больш беларускамоўных групаў у дзіцячых садках, ці хаця б паведамляць перад пачаткам навучальнага году, у якіх садках такія групы зьяўляюцца. Адказ міністаркі быў стандартны: маўляў, рашэньні аб адкрыцьці беларускамоўных групаў і клясаў прымаюць «мясцовыя ўлады ў залежнасьці ад эканамічнай сытуацыі й адпаведна заявам бацькоў». Чаму міністэрства адукацыі не жадае даць магчымасьць выхоўваць дзяцей па-беларуску нават тым бацькам, хто гэта моцна жадае? Ці ва ўстановах адукацыі за апошнія гады беларускай мовы стала больш?

Андрэй Елісееў: На жаль, для цяперашніх уладаў беларуская мова – гэта не нацыянальная каштоўнасьць і прадмет нацыянальнага гонару, а проста палітычны інструмэнт, які на словах крыху болей падкруцілі, калі адчулі пагрозу так званага «рускага міру». А на практыцы канкрэтныя дзеяньні, каб павялічыць выкарыстаньне беларускай мовы ў сыстэме адукацыі альбо мэдыясферы й каб падвысіць яе сацыяльны статус, зусім кволыя. Летась у беларускіх школах па-расейску вучыліся болей за 86% школьнікаў, што на 5 працэнтных пунктаў болей, чым у 2010-ым. Як бачым, беларускай мовы ў установах адукацыі становіцца ўсё меней.

У Беларусь трэба вяртаць ня толькі целы славутых землякоў, але й культурныя каштоўнасьці

17 лютага ў касьцёле Сьвятога Роха ў Менску быў перапахаваны прах знакамітай беларускай мэцэнаткі Магдалены Радзівіл. Апошняе жаданьне князёўны – быць пахаванай у Менску – было выканана дзякуючы актывісту беларускай дыяспары ў Швэйцарыі Аляксандру Сапегу. А целы якіх славутых беларусаў, на вашую думку, належыць вярнуць на Радзіму? Ці зоймецца дзяржава такой працай?

Андрэй Елісееў: Вяртаньне целаў залежыць ад жаданьня сваякоў памерлага, і для Беларусі зьяўляецца хіба меней актуальным за вяртаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. З 2009 году ў Беларусі працуе спэцыяльная ўрадавая камісія, якая гэтым займаецца. Але на жаль у сусьветнай практыцы арыгіналы каштоўнасьцяў надзвычай рэдка вяртаюцца ў краіну паходжаньня.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт