Сайт «wpolityce.pl» таксама закранае тэму польска-габрэйскіх адносін пасьля прыняцьця Польшчай закону аб ІНП. Выданьне публікуе меркаваньне амэрыканскай пісьменьніцы і паэткі Данушы Госкі (Danusha V. Goska), надрукаванае ў ізраільскай газэце «Haaretz».
Паводле меркаваньня Госкі, польска-габрэйскія адносіны зьведзеныя да простай формулы, у якой чорнае (дрэнныя палякі) значна перавышае белае (палякі, якія паступалі прыстойна).
На думку аўтаркі кніжкі пра стэрэатып дрэннага паляка ў амэрыканскай масавай культуры, прасьцей ускласьці віну на, маўляў, простых, каталіцкіх палякаў, чым на «элітных нямецкіх нацыстаў». Габрэі ў сваёй масе лічылі немцаў цывілізаваным і прыстойным народам. У адрозьненьні ад палякаў, якіх называлі «жывёламі, жорсткімі пачварамі, шкоднікамі».
Стэрэатыпнае ўяўленьне габрэяў пра немцаў зводзіцца да канстатацыі, што адзін вар’ят, Гітлер, якому дапамагла параза Нямеччыны ў Першай сусьветнай вайне, прымусіў прыстойных немцаў да антысэміцкіх злачынстваў. У сваю чаргу палякі заўсёды былі ад прыроды антысэмітамі.
Госка кажа, што таксама навукоўцы, дасьледчыкі стараюцца аддзяліць нацыстаў ад немцаў. Калі ж гаворка ідзе пра злачынствы, зьдзейсьненыя паасобнымі палякамі, то вінаватыя ўсе палякі. Без выключэньня.
Такім чынам не нямецкія нацысты, а простыя польскія мужыкі сталі ўзорам фашыста, злачынцы, аўтара Галакосту. Лягчэй зразумець, чаму простыя прымітыўныя палякі забівалі габрэяў, чым інтэлігентныя, адукаваныя немцы. Меркаваньнем Госкі, нацызм і навуковы расізм выводзіцца не з вёсак або касьцёлаў. Ён выходзіць з унівэрсытэтаў, месцаў. «Абурэньне, якое паявілася пасьля прыняцьця польскага закону, не супакоіцца да таго часу, пакуль гэты шкодны стэрэатып ня будзе пераадолены. Нам патрэбнае люстра. Аўтары злачынстваў не яны, а мы самі», – адзначае пісьменьніца.
wpolityce.pl/нг