Logo Polskiego Radia
Print

Улады краіны імкнуцца прымусіць палякаў зьберагаць на старасьць

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.02.2018 15:40
  • 20.02_пульс эканомікі.mp3
Для гэтага ўводзіцца чарговы від добраахвотнага зьберажэньня для выхаду на пэнсію.
Bild: commons.wikimedia.org

Законапраект аб Працоўных капіталавых плянах (ПКП) (Pracownicze Plany Kapitałowe) цяпер знаходзіцца ў стадыі грамадзкіх кансультацый. ПКП - гэта яшчэ адзін від зьберажэньня грошай на старасьць. Ужо існуюць IKE – Індывідуальны пэнсійны рахунак, IKZE – Індывідуальны рахунак пэнсійнага забесьпячэньня і Працоўныя пэнсійныя праграмы.

Улады хочуць, каб у новы Працоўны капіталавы плян былі аўтаматычна ўнесены ўсе працаўнікі, незалежна ад формы занятасьці.

Па словах галоўнага эканаміста арганізацыі Працадаўцы РП Лукаша Казлоўскага, гэта добрае рашэньне, таму што стварэньне дадатковых формаў зьбераганьня на старасьць у эпоху неспрыяльнай дэмаграфічнай сытуацыі зьяўляецца вельмі важным.

Л.Казлоўскі: Няма прымусу, але дзяржава, у пэўным сэнсе, паказвае пажаданы напрамак. Дзяржава хоча, каб грамадзяне зрабілі гэты выбар. Калі работнік ня хоча быць у праграме, ён павінен зрабіць адпаведнае волевыяўленьне. Калі ён гэтага ня зробіць, то будзе знаходзіцца ў сыстэме. Задача гэтага мэханізму – загарантаваць, каб значная частка працаўнікоў удзельнічала ў гэтай праграме.

«Праграма неабходная ня толькі для таго, каб падняць пэнсійныя выплаты, але і для эканомікі, для таго, каб яна атрымала дадатковы рэсурс для разьвіцьця», - адзначыў Лукаш Казлоўскі. Ён падкрэсьліў, што гэтыя сродкі будуць інвэставаныя на рынку і будуць паступаць у кампаніі ў выглядзе акцый або карпаратыўных аблігацый. Такім чынам фірмы атрымаюць крыніцы фінансаваньня.

Падобная схема прыцягненьня да ўдзелу ў праграме з добрымі вынікамі спрацавала ў Вялікабрытаніі і Новай Зэляндыі.

Згодна з законапраектам, узнос у ПКП ня зможа быць ніжэй чым 3,5 працэнта ад заработнай платы. Узнос будзе аплачаны працаўніком і працадаўцам. Чакаецца, што 1,5 працэнта зарплаты выкладзе кампанія, і 2 адсоткі - работнік.

Улады падкрэсьліваюць, што Працоўны капіталавы плян абараняе ўласнасьць зьберажэньняў працаўніка. Абмежаваньне адносіцца толькі да магчымасьці распараджацца гэтымі сродкамі. Дасягнуўшы ўзросту 60 гадоў можна будзе выплаціць 25 працэнтаў грошай у выглядзе адзінаразовага траншу. Астатнія 75 адсоткаў будуць выплачваць на працягу 10 гадоў у растэрміноўку.

Зьберажэньні можна будзе зьняць раней, але толькі на куплю жыльля ў крэдыт або з-за цяжкай хваробы працаўніка або члена яго сям'і.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт