Геапалітычныя прэфэрэнцыі беларусаў зьменьлівыя. Крыху больш за палову выступаюць за сяброўскія адносіны з Расеяй, адна траціна хоча збліжэньня з Эўропай.
На пачатку 2000-х гадоў 80% беларусаў выступала ў падтрымку Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ды больш шчыльнай інтэграцыі. Сёньня толькі 2% беларусаў лічаць, што краіна павінна ўвайсьці ў склад Расейскай фэдэрацыі, 40% падтрымліваюць Саюзную дзяржаву, 60% выступаюць за сяброўства ў Эўразійскім эканамічным зьвязе. Аднак і тут за апошнія гады падтрымка змалела.
Зь іншага боку 52% беларусаў выступаюць за тое, каб Беларусь і Расея былі незалежнымі дзяржавамі, а 23% хацелі б, каб Беларусь увайшла ў Эўразьвяз. Пры гэтым, 22% беларусаў ня ведаюць, якім шляхам мусіць разьвівацца краіна. Ваганьні геапалітычных настрояў беларусаў – гэта факт апошніх гадоў, - кажа сацыёляг Андрэй Вардамацкі.
Андрэй Вардамацкі: Адной з характэрных рыс беларускай геапалітычнай сьвядомасьці ёсьць флюктуактыўнасьць. Яна вагаецца. На пытаньне: у саюзе з кім лепей жыць народу Беларусі, 60% адказвае – Расея, а каля 20% – Эўрапейскі Зьвяз.
Затое палітычны кляс у Менску ня бачыць Беларусі бяз блізкіх адносін з Расеяй. У красавіку мінулага года міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што паміж Беларусьсю і Расеяй ніколі не было і ня будзе рознагалосься, і паабяцаў падтрымку Крамлю. Аднак, гэта ня значыць, што беларуская эліта гатова адмовіцца ад уласнай дзяржавы і перайсьці пад кантроль Масквы, зазначае палітоляг з менскага Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч.
Андрэй Ляховіч: У беларускай намэнклятуры падрастаюць дзеці, яны хочуць, каб яны працавалі на Захадзе, з заходнімі бізнэсоўцамі, усталёўвалі сувязі. Маглі б зарабляць грошы. Губляць сваю маёмасьць, капіталы, якія яны атрымалі на кантролі за адпаведнымі фінансавымі плынямі, яны ня хочуць. Беларуская ўлада баіцца гэта згубіць. З боку Расеі бачна жаданьне стварыць у складзе беларускай намэнклятуры пра-расейскую групоўку, але пакуль не дасягнула такога выніку. Такой групоўкі няма.
У Менску павінны ставіць на нэўтральнасьць, разьвіваць кантакты з Захадам, памятаючы пры гэтым, каб не дражніць Маскву. Такое меркаваньне выказаў аналітык з варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі.
Каміль Клысінскі: Беларусь не падтрымала расейскую агрэсію ды ўварваньне ва Ўкраіну, не прызнала анэксію Крыму, не прызнае таксама дзьве сэпаратысцкія рэспублікі на Данбасе. Гэта ўсё стварае новы кантэкст вакол Беларусі, як краіны, што імкнецца да нэўтральнасьці. Трэба казаць пра памкненьне, бо існуюць важныя абмежаваньні. Беларусь ёсьць і застанецца блізкім вайсковым хаўрусьнікам Расеі ў рамках АДКБ ды Саюзнай дзяржавы, двухбаковых дамоваў. Пра гэта заўсёды трэба памятаць, кажучы пра збліжэньне Беларусі з Захадам. Беларускія дыпляматы ды асабіста Лукашэнка заўсёды памятаюць пра тое, што нельга ігнараваць інтарэсы Масквы.
Дыскусія пра геапалітычныя прыярытэты беларускага грамадзтва адбылася ў Варшаве ў рамках міжнароднай канфэрэнцыі «NATO-Беларусь: лепшае ўзаемаразуменьне для даверу й стабільнасьці». У сустрэчы ўзялі ўдзел экспэрты з Польшчы, Беларусі, Славаччыны, Украіны ды ЗША.
Юры Ліхтаровіч