Logo Polskiego Radia
Print

У 7 раз адзначаецца Ўсясьветны дзень радыё

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.02.2018 15:52
  • Ўсясьветны дзень радыё.mp3
Дадзенае сьвята ўстанавіла UNESCO з мэтай папулярызацыі радыёвяшчаньня.
Foto: pixabay.com/CC0

Сёньняшняе радыё застаецца найбольш даступным і танным сродкам перадачы інфармацыі мільёнам людзей за кароткі час. Нават спадарожнікавая сувязь ды інтэрнэт пакуль не апярэдзілі радыё.

Менавіта таму агенцтва ААН устанавіла Сусьветны дзень радыё 13 лютага ў 2011 годзе па ініцыятыве Гішпаніі. Дадзенае сьвята ўпісваецца ў ідэю папулярызацыі свабоды словы ды свабодных і плюралістычных мэдыяў. Гэтая дата зьяўляецца першым днём вяшчаньня радыёстанцыі Аб’яднаных нацый у 1946-м годзе.

Па сёньняшні дзень сярод усіх мэдыяў радыё мае найбольшы абсяг, сягае да людзей у найбольш аддаленых закутках плянэты, мае вялікае значэньне для распаўсюду інфармацыі ды свабоднага абмену думкамі.

Гісторыя радыё – гэта пачаткі XX-га стагодзьдзя. У 1901 годзе ўпершыню радыёхвалі пераадолелі Атлянтыку. Дваццаць год пазьней радыёпрымачы былі ў мільёнах дамоў. Пра пачаткі радыё ў Польшчы згадвае польскі радыёжурналіст Марыюш Песьнеўскі.

Марыюш Песьнеўскі: Пачаткі радыёвяшчаньня ў Польшчы – гэта 1-га лютага 1925-га года, калі ў эфір выйшла першая радыёперадача. Рэгулярнае вяшчаньне Польскае радыё пачало 18 красавіка 1926-га года. Першую перадачу слухала каля 5 тысяч чалавек. Праз некаторы час радыё стала асноўнай крыніцай інфармацыі для большасьці людзей. У 1989-м годзе Польскае радыё было манапалістам. За тай час Польскае радыё прайшло вялікі шлях ад запісу на сталёвай стужцы па эру інтэрнэту ды вяшчаньня ў найвышэйшай якасьці ў лічбавай сыстэме DAB+.

Сёньняшняе сьвята для многіх стала нагодай, каб павіншаваць працаўнікоў Польскага радыё. Былы старшыня Польскага радыё ды цяперашні старшыня Рады нацыянальных СМІ Кшыштаф Чабаньскі зазначыў, што радыё па сёньняшні дзень уплывае на ўяўленьні людзей.

Кшыштаф Чабанські: Гэта СМІ, якое фармуе нашыя ўяўленьні, якое праз такія формы як рэпартаж зачароўвае сьвет ды адчыняе яго перад намі адначасова. Віншую, што радыё гэта захоўвае, культывуе і разьвівае, жадаю ўсяго найлепшага.

Старшыня Нацыянальнай рады радыё і тэлевяшчаньня Польшчы Вітальд Каладзейскі падкрэсьліў, што радыё было, ёсьць і будзе патрэбным.

Вітальд Каладзейскі: Радыё – гэта СМІ, якое трапляе наўпрост у душу чалавека.

Старшыня асацыяцыі польскіх журналістаў, былі кіраўнік Трэцяй праграмы Польскага радыё ды заснавальнік Радыя Wnet Кшыштаф Скаўроньскі лічыць радыё найважнейшым СМІ.

Кшыштаф Скаўроньскі: Я люблю радыё й лічу, што гэта найважнейшае СМІ. На маю думку радыё нічога не пагражае: ані інтэрнэт, ані тэлевізія, ані прэса. Радыё будзе нумарам адзін да канца сьвета.

У рамках Польскага радыё доўгія гады працуе 5 праграма – Польскае радыё для замежжа. На пачатку 1991 тут была створана Беларуская рэдакцыя, якая дзейнічае па сёньня. Мэтай Польскага радыё для замежжа зьяўляецца дыялёг - гаворыць дырэктар 5 праграмы замежнага вяшчаньня Польскага радыё Анджэй Рыбалт.

Анджэй Рыбалт: Місіяй Польскага радыё для замежжа зьяўляецца прадстаўленьне замежным слухачам інфармацыі пра Польшчу і пра двухбаковыя адносіны паміж Польшчай ды краінамі, якім адрасуецца праграма. Падобна дзейнічаюць іншыя радыёстанцыі, якія вяшчаюць за межамі краіны як BBC, DW, France Inter. Таксама мы бярэм пад увагу і інтарэсы нашых слухачоў, каб нашы праграмы былі прыцягальныя для слухачоў з розных краін. З аднаго боку, мы прадстаўляем інфармацыю пра польскую культуру, эканоміку, грамадзтва. Зь іншага боку, інфармуем пра падзеі ў Менску, Гародні, іншых гарадах пры дапамозе нашых карэспандэнтаў. У Беларусі нас у першую чаргу цікавяць культурныя ды моўныя тэмы, мастацтва, музыка. Таксама мы цікавімся тым, што адбываецца сярод польскай грамады ў Беларусі і беларускай у Польшчы. Таксама мы імкнёмся спрыяць адкрытаму дыялёгу паміж нашымі грамадзтвамі.

Сёньня ў сёмы раз адзначаецца Ўсясьветны дзень радыё.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт