Logo Polskiego Radia
Print

Улады Беларусі гатовыя весьці з Польшчай гістарычны дыялёг

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.02.2018 14:10
У Беларусі можа зьявіцца некалькі манумэнтаў, якія ўшаноўваюць памяць людзей і падзеяў, важных для гісторыі Польшчы.
www.belta.by

У той час, калі Варшава і Кіеў перасталі весьці дыялёг на гістарычныя тэмы, гатоўнасьць да супрацоўніцтва праяўляе Менск – піша газэта Rzeczpospolita.

У аўторак дэлегацыя польскіх гісторыкаў на чале з кіраўніком Інстытуту нацыянальнай памяці Яраславам Шарэкам вярнулася зь Беларусі. У польска-беларусім гістарычным дыялёгу адбыўся сапраўдны прарыў, які быў бы немагчымы без згоды кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

У бліжэйшы час у Беларусі можа зьявіцца некалькі манумэнтаў, якія ўшаноўваюць памяць людзей і падзеяў, важных для гісторыі Польшчы. Варшава зацікаўленая ў тым, каб далучыцца да стварэньня мэмарыялу ў Курапатах. Пасьля грамадзкіх пратэстаў мінулагодняй вясны беларускія ўлады нарэшце пагадзіліся стварыць на месцы сталінскіх расстрэлаў мэмарыяльны комплекс.

Наступны польскі памятны знак можа быць пастаўлены ў бабруйскай крэпасьці. Там у 1918 годзе І Польскі корпус генэрала Доўбур-Мусьніцкага выйграў бітву супраць войска бальшавікоў. Кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк запрапанаваў беларускаму МЗС усталяваць табліцу ў гонар народжанага пад Ваўкавыскам юрыста Рафала Лемкіна. Менавіта ён прыдумаў тэрмін «генацыд».

Польскія гісторыкі не губляюць надзею знайсьці так званы «беларускі катынскі сьпіс» – зьвесткі пра лёс 4 тысячаў польскіх ваеннапалонных, захопленых у 1939 годзе Чырвонай арміяй і зьніклых бязь вестак на тэрыторыі Беларусі. Беларускія гісторыкі заяўляюць, што дакумэнты на гэты конт захоўваюцца ня ў Менску, а ў Маскве. Аднак у архівах беларускага КДБ ёсьць зьвесткі пра тысячы іншых ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якія былі грамадзянамі Польшчы.

Кіраўніцтва Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы сьцьвярджае, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю не сустракае перашкодаў. У верасьні пад Вілейкай былі ўрачыста перапахаваныя целы пяці польскіх памежнікаў, якія загінулі ў баях з Чырвонай арміяй у 1939 годзе. Іх пошукам займаўся спэцыяльны батальён беларускага войска.

У Менску і Варшаве прыйшлі да высновы, што гісторыя – гэта сфэра, у якой найпрасьцей можна будзе знайсьці агульную мову, канстатуе Rzeczpospolita.

Rzeczpospolita/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт