У Польшчы катастрафічна не хапае мэдсясьцёр
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
31.01.2018 15:22
Чым больш мэдсясьцёр, тым радзей здараюцца памылкі лекараў і шпітальныя інфэкцыі.
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com
З таго часу, калі Польшча ўступіла ў Эўрапейскі Зьвяз, за мяжу выехала каля 20 тыс. польскіх мэдсясьцёр. Сярод тых, хто застаўся, кожная пятая сястра магла б выйсьці ўжо на пэнсію па ўзросту, але некаторыя працуюць нават да 70 году жыцьця. А маладых мэдсясьцёр (20-40 г.) у шпіталях менш, чым пэнсіянэрак. Такую несуцяшальную карціну прадстаўляе «Gazeta Wyborcza».
Па колькасьці мэдсясьцёр на тысячы жыхароў (5,4) Польшча займае апошнія месца ў рэйтынгах. Паводле дасьледаваньняў, чым больш мэдсясьцёр прыходзіцца на тысячу жыхароў, тым лепшая мэдычная апека, тым радзей здараюцца памылкі лекараў і шпітальныя інфэкцыі.
Шпіталі несупынна адчуваюць кадравыя праблемы, яны пастаянна аб’яўляюць наборы пэрсаналу, але мэдсёстры зарабляюць надта мала, таму многія прымаюць рашэньне выехаць за мяжу, дзе заробкі ў некалькі разоў вышэйшыя. Як гаворыць кардыяхірург з варшаўскага Цэнтра здароўя дзіцяці Пётр Бурчыньскі, «у нас на складзе поўна дарагой апаратуры, але не хапае пэрсаналу. Калі б было больш мэдсясьцёр, мы маглі б рабіць у два разы больш апэрацый». Такая сытуацыя ў большасьці бальніц, і нават прыватныя польскія клінікі ўжо адчуваюць недахоп пэрсаналу.
Чаму мэдсёстры выяжджаюць за мяжу? Асноўная прычына – нізкія заробкі ў Польшчы, але ня толькі. Гэта таксама празьмерная загружанасьць абавязкамі, дрэнная арганізацыя працы, малая самастойнасьць у выкананьні заданьняў, недахоп часу на асабістае жыцьцё. Праўда, цяпер мэдсёстры крыху радзей прымаюць рашэньне пра эміграцыю, дзякуючы апошняму павышэньню заробкаў, але гэта і так недастаткова.
Старшыня Галоўнай рады мэдсясьцёр і акушэрак Зофія Малас адзначае, што ўлады павінны ўвесьці акрэсьленыя нормы колькасьці мэдсясьцёр у шпіталях, каб пад апекай адной было некалькі пацыентаў, а не некалькі дзесяткаў. Гэта адзіная магчымасьць пачаць радыкальныя зьмены.
Gazeta Wyborcza/нг