Logo Polskiego Radia
Print

«Менск будзе адсейваць тэлепраграмы з «рускаміраўскім» зьместам»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.01.2018 18:15
  • «Менск будзе адсейваць тэлепраграмы з «рускаміраўскім» зьместам».mp3
Хоць канал СТБ і вяртае ў эфір кансьпіралягічныя перадачы REN-TV, расейскіх праграмаў будзе станавіцца ўсё менш – экспэрт.
Скрыншот перадачы REN-TV "Шокирующие гипотезы". Скрыншот перадачы REN-TV "Шокирующие гипотезы". youtube.com/screen/ren.tv/Военное телевидение

Год у Беларусі пачаўся як са скандалаў, так і з падзеяў, якія даюць надзею на перамены. Беларус, якога затрымалі ва Украіне па падазрэньні ў шпіянажы, абвінаваціў украінскія спэцслужбы ў катаваньнях. З настаўнікаў паабяцалі зьняць непатрэбную папяровую працу, а з беларускага тэлеэфіру (на некаторы час) зьніклі перадачы пра глябальныя змовы й непераможнасьць расейскай зброі. Як у сытуацыі з арыштаваным беларускім грамадзянінам павінен паводзіць сябе Менск? Ці сапраўды настаўнікаў перастануць загружаць непатрэбнай працай? Ці Менск скарачае колькасьць крамлёўскай прапаганды ў сваім эфіры? Тэмы мінулых 7 дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.

Чарговы скандал на лініі Менск-Кіеў замнуць

Грамадзянін Беларусі, якога ў чэрвені затрымалі ўкраінскія спэцслужбы, заяўляе, што не займаўся шпіянажам на карысьць Расеі, і што агаварыў сябе ў выніку катаваньняў. Ліст такога зьместу 32-гадовы мінчанін, які знаходзіцца ў СІЗА ў Чарнігаве, даслаў у амбасаду Беларусі ва Ўкраіне. Чым скончыцца гісторыя з затрыманьнем беларуса? Як у такой сытуацыі павінныя паводзіць сябе беларускія ўлады? Як затрыманьне паўплывае на стасункі паміж Менскам і Кіевам?

Максім Руст: Я думаю, што разьвіцьця новага шпіёнскага скандалу не будзе. І беларускі, і ўкраінскі бок вырашаць гэтую сытуацыю ціха й дыпляматычна. Для Менска й Кіева ёсьць прынцыповы момант – у мінулым годзе яны папсавалі сабе шмат крыві праз такія скандалы, а цяпер наступіў новы год – ёсьць нагода, каб пра ўсе скандалы забыцца, хоць непрыемны асадак застанецца. На стасункі Мінска й Кіева гэты арышт не павінен паўплываць. Бакі засвоілі, што такія сытуацыі лепш вырашаць дыпляматычна, а не праз СМІ. Тым больш, усе разумеюць, што канфлікты паміж Беларусьсю ды Ўкраінай можа выкарыстоўваць Масква.

Дэбюракратызацыя – добра, але яе адной недастаткова

Мінадукацыі скараціла колькасьць дакумэнтаў, якія павінен весьці настаўнік, да чатырох і забараніла прыцягваць пэдагогаў да заняткаў «якія не адносяцца да выкананьня іх працоўных функцыяў». Пра гэта стала вядома ў чацьвер 4 студзеня. Ці сапраўды з плечаў настаўнікаў здымуць гару папераў, а разам зь ёй усялякую «сацыяльна-арганізатарскую» дзейнасьць?

Максім Руст: Гэта праблема ўсіх постсавецкіх краін – непатрэбная бюракратызацыя ўсіх узроўняў адукацыі. Такое рашэньне міністэрства – гэта, натуральна, вялікі плюс. Я думаю, яно часткова палепшыць сытуацыю настаўнікаў. Але трэба думаць ня толькі пра тое, каб дэбюракратызаваць сыстэму пачатковай і сярэдняй адукацыі, што само сабой патрэбна. Перадусім трэба паклапаціцца аб рэфармаваньні гэтай сыстэмы, каб яна хоць крышачку больш адпавядала да сучасным выклікам і патрэбам рынку працы. А да гэтага яшчэ, як мы бачым, шлях вельмі доўгі.

Забудзьцеся пра мясцовыя выбары, рыхтуйцеся да 2020 году

Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, створаныя для правядзеньня мясцовых выбараў у 2018 годзе, абрана амаль 64 тысячы чалавек – паведаміў у пятніцу беларускі Цэнтарвыбаркам. Пры гэтым у камісіі дапусьцілі толькі 29 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і рухаў. Што такія лічбы могуць сказаць пра будучыя выбары?

Максім Руст: Тое, што наўрад ці нешта на мясцовых выбарах зьменіцца. Мясцовыя выбары не разглядаюцца сур’ёзна ані ўладамі, ані апазыцыяй. Я думаю, яны на 90 адсоткаў пройдуць па сцэнары мінулых мясцовых выбараў. Магчыма, што ў склад мясцовых саветаў увойдзе трошкі больш незалежных ці апазыцыйных кандыдатаў, але гэта ніяк не паўплывае на палітыку ў краіне. І ў Беларусі, і па-за яе межамі гэтая падзея – незалежна ад вынікаў – пройдзе без рэха. Але вось да чаго сапраўды трэба рыхтавацца, гэта да 2020 году, калі адбудзецца і прэзыдэнцкая, і парлямэнцкая кампаніі.

Рэптылойды вяртаюцца на ТБ, але не назаўсёды

Беларускі канал СТБ на пэрыяд сьвятаў адмовіўся ад трансьляцыі прадукцыі расейскага тэлеканалу REN-TV. Расейская тэлестанцыя заваявала вядомасьць прапагандай антынавуковых тэорыяў, праграмамі кансьпіралягічнага зьместу і ўсхваленьнем расейскай зброі. Цяпер замест праграмаў REN-TV беларускі тэлеканал трансьлюе савецкія і галівудзкія фільмы. Гэта прыкмета таго што беларуская дзяржава зьмяняе сваю інфармацыйную палітыку? Як будзе выглядаць беларускае тэлебачаньне праз паўгоду-год?

Максім Руст: Мне гэта не падаецца прыкметай зьмены інфармацыйнай палітыкі дзяржавы ці сапраўднымі крокамі па ўзмацненьні інфармацыйнай бясьпекі. Тым больш цяпер мы ўжо ведаем, што частка кантэнту REN-TV вернецца да праграмы СТБ у другой палове месяца. Я думаю, у бліжэйшы час Менск ня будзе праводзіць кардынальных зьменаў у інфармацыйнай палітыцы, аднак ён будзе рабіць асобныя крокі па ўзмацненьні інфармацыйнай бясьпекі. Такімі крокамі будуць павелічэньне кантэнту па-беларуску, фільтрацыя праграмаў з яскравым «рускаміраўскім» зьместам і цэнзура ў дачыненьні да крытыкі ў бок Беларусі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт