Польскае насельніцтва, падобным чынам, як беларускае, з кожным годам старэе. Паводле статыстычных дадзеных, цяпер прыкладна палова жыхароў Польшчы маладзейшая за 40 гадоў, а ў 2050 годзе каля адной трэці людзей, якія пражываюць у краіне, будзе больш за 65 гадоў. Якім чынам гарады павінны рыхтавацца да гэтых зьменаў?
Зьмена ўзроставай структуры грамадзтва выклікае неабходнасьць прыстасаваньня самых розных сфэраў жыцьця да пажылых людзей. Часу засталося няшмат, ужо цяпер неабходна рыхтавацца да вырашэньня самых розных праблем, зьвязаных са старэньнем насельніцтва, – кажа галоўны рэдактар часопісу «Гарады» Марта Жакоўска.
М. Жакоўска: Польскае грамадзтва старэе вельмі імкліва, нараджаецца мала дзяцей. Неабходна заўважыць праблему дыскрымінацыі пажылых людзей у гарадах. Многія сказалі б, што я перабольшваю, але на самой справе нашы гарады будуюцца для маладых, не для старых. Назаву такую простую рэч – лавачкі, на якіх можна прысесьці, калі баляць ногі. Колькі такіх лавачак мы знойдзем на нашых вуліцах? А ці прыпынкі грамадзкага транспарту разьмеркаваныя рэгулярна? Такія, здавалася б, дробязі маюць вялізны ўплыў на жыцьцё пажылых людзей, асабліва старэйшых за 70 і 80 гадоў, на тое, ці яны могуць жыць самастойна, а гэта ў сваю чаргу, уплывае на функцыянаваньне ўсяго грамадзтва, на розныя сфэры, ня толькі эмацыйныя, розных яго слаёў.
Адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ёсьць некалькі грамадзкіх прастораў, якія неабходна плянаваць інакш. Першае – гэта грамадзкі транспарт, пра які вы згадалі, другое – кватэры, якія неабходна так праектаваць, каб яны дазвалялі ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, і трэцяе – грамадзкая прастора, каб яна не адбівала ахвоты весьці актыўны лад жыцьця. Некалькі гадоў таму журналісты часопіса «Гарады» падрыхтавалі даведнік гарадоў, дзе добра жывецца пажылым. У сетку такіх гарадоў уваходзіць ужо звыш 300 гарадоў, а з Польшчы – Гдыня і Познань.
М. Жакоўска: Справа ў тым, каб так плянаваць гарады, каб старэньне ў іх было спакойным і нармальным працэсам. Напрыклад, вельмі важна інвэставаць у грамадзкі транспарт, каб людзі маглі ўсюды на ім даехаць. Гэта вялікі выклік для польскіх гарадоў, дзе шмат людзей пераяжджае жыць у прыгарад, і езьдзіць на працу або вучобу на машыне. Важна, каб у аўтобус ці трамвай можна было ўехаць на інвалідным вазку. Цікавае рашэньне, якога няма яшчэ ў Польшчы – гэта так званыя элястычныя прыпынкі, калі кіроўца затрымліваецца ў розных месцах, там, дзе зручна ўвайсьці або выйсьці пасажыру, а ня толькі там, дзе вызначаны прыпынак.
Сусьветная арганізацыя здароўя зьвяртае ўвагу на важныя дэталі, якія дазваляюць пажылым людзям весьці больш прыемнае, здаровае жыцьцё ў горадзе. Гэта, напрыклад, нізкія бардзюры, адпаведна доўгі інтэрвал зьмены колеру на сьвятлафоры, каб пажылы змог спакойна прайсьці праз вуліцу, больш наземных пераходаў, а не падземных.
М. Жакоўска: Так, і таксама захады дзеля мінімізацыі колькасьці ступенек на лесьвіцах. Гэта, здавалася б, дробязі, але яны аказваюць калясальны ўплыў на тое, ці пажылы чалавек адважыцца сам выйсьці з дому па нейкіх справах. Пажылыя павінны адчуваць сябе бясьпечна на вуліцы, на тратуары. Часта гаворыцца таксама, што неабходна будаваць роварныя сьцяжынкі. Гэта таксама важна дзеля таго, каб ровары езьдзілі па сваіх шляхах, а не па тратуарах, што, у сваю чаргу, выклікае пачуцьцё небясьпекі ў пажылых людзей, у якіх назіраецца ўжо расстройства ў захаваньні раўнавагі, зьвязанае з узростам.
Старэйшыя асобы павінны мець таксама магчымасьць без праблем выйсьці з будынку, дзе яны пражываюць. А гэта не заўсёды так лёгка, паколькі ў многіх жылых дамах, нават пяціпавярховых, няма ліфтаў.
М. Жакоўска: Гэтае пытаньне часта закранаецца. Часам таньней зрабіць вонкавы ліфт, чым поўнасьцю перабудоўваць такі стары будынак, але ўлады павінны памятаць, каб хаця б у новых дамах будаваць ліфты. Іншыя важныя дэталі: тратуары, яны павінны быць роўныя, а зімой не сьлізкія, невысокія бардзюры, лавачкі, пра якія я ўжо згадвала. Уладам здаецца, што гэта малазначнае, бо ў нас жа столькі іншых, істотных праблем. Але для пажылых асобаў гэта вельмі важна. Аказваецца, што па такой, здавалася б, нязначнай прычыне, старыя людзі перастаюць выходзіць з дому, і, адпаведна, ім патрэбная апека іншых людзей.
Самастойнасьць і пачуцьцё бясьпекі – гэта вельмі важны аспэкт здаровай, добрай старасьці. Маладым людзям можа здавацца, што такія дэталі, як вялікая колькасьць лавачак у горадзе не адыгрывае вялікай ролі, але для пажылых людзей гэта можа аказаць прынцыповы ўплыў на тое, ці яны да канца застануцца самастойнымі. А гэта вельмі важна таксама для псыхічнага здароўя пажылых людзей.
Польскае Радыё/нг