Канец году звычайна схіляе да падвядзеньня вынікаў у розных сфэрах.
Адна з іх - гэта дасягненьні і паразы кіруючых сілаў Польшчы. 2017 год быў другім годам, калі поўную ўладу ў краіне трымае партыя „Права і справядлівасьць”.
Польскае радыё запрасіла пракамэнтаваць мінаючы год ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Польшчы двух аглядальнікаў – гэта Эдыта Галдыньска (Edyta Hołdyńska), тыднёвік „Sieci Prawdy” і Якуб Маймурэк з выдавецтва „Krytyka Polityczna”.
Што ў мінаючым 2017 годзе годзе было самым вялікім посьпехам цяперашніх уладаў Польшчы?
Э.Галдыньска: Несумненна, гэта вельмі добрыя эканамічныя вынікі. Гэта посьпех, які цягне за сабой іншыя посьпехі. У сваю чаргу найважнейшай падзеяй зьяўляецца рэфармаваньне судовай сыстэмы. Справа доўжыцца зь ліпеня, але нарэшце ўдалося рэформу ажыцьцявіць, нягледзячы на вялікі супраціў апазыцыі. Гэтая рэформа будзе адыходам ад старога судовага парадку родам з часоў ПНР (якую ажыцьцяўлялі ўлады Польшчы пасьля 1989 году - рэд.). Посьпехам зьяўляецца таксама дэзубэкізацыя (ліквідацыя з публічнай прасторы сьлядоў камунізму - рэд.).
„З пункту гледжаньня кіруючай партыі, цэлы гэты год зьяўляецца вялікім посьпехам, у тым сэнсе, што партыі ўдалося рэалізаваць усе свае пляны”, - кажа Якуб Маймурэк з выдавецтва „Krytyka Polityczna”.
Я.Маймурэк: Партыя захавала агромністую перавагу над апазыцыяй – так паказваюць апытаньні грамадзкай думкі. У палове тэрміну паўнамоцтваў гэты ўрад мае вельмі добрую падтрымку палякаў і напэўна ня горшую, чым ў 2015 годзе, калі „Права і справядлівасьць” перамагла на выбарах. Несумненна, гэта вялікі посьпех. Партыі ўдалося ажыцьцявіць важныя для яе законапраекты, як рэформа судовай сыстэмы. Праўда, гэта катастрафічны закон для Польшчы, але, канешне, гэта посьпех з пункту гледжаньня цяперашняга ўраду. Больш-менш палова выбаршчыкаў лічыць, што гэты ўрад абараняе іх інтарэсы. Іншая справа, ці асобы, якім не падабаецца кіраваньне „ПіС”, маглі б назваць нейкі посьпех гэтага ўраду, які зьяўляецца агульнанацыянальным, а ня толькі партыйным дасягненьнем?
Тым ня менш, Якуб Маймурэк справядліва пацьвярджае, што посьпехам цяперашняга ўраду зьяўляецца добрая эканамічная сытуацыя ў Польшчы. Аднак жа прадстаўнік выдавецтва „Krytyka Polityczna” задумоўваецца, ці гэта заслуга добрай палітыкі ўраду ПіС, ці вынік міжнароднай каньюнктуры, таму што ў нашым рэгіёне добрыя эканамічныя вынікі атрымалі таксама Румынія, Балгарыя, Чэхія.
Я.Маймурэк: ПіС цяпер - „трэнэр” пераможнай каманды, якая добра спраўляецца на фоне сусьветнай эканомікі. Паглядзім, як гэты ўрад будзе спраўляцца, калі прыйдзе запаволеньне. Экспэрты кажуць, што гэта адбудзецца на працягу двух гадоў.
У лік вялікіх заслуг цяперашніх уладаў Польшчы ўрад і прыхільнікі ўносяць ушчыльненьне сыстэмы спагнаньня падатку ПДВ. Але Якуб Маймурэк зьвяртае ўвагу на скаргі прадпрымальнікаў, што падатковая зацягвае вяртаньне ПДВ, які належыць прадпрымальнікам. Дзяржава прымяняе такую тактыку, каб дзеля прапаганды мець падкладку, што, вось гляньце, мы ўшчыльнілі ПДВ.
Падчас выбарчай кампаніі ў 2015 годзе ПіС абяцаў прымусіць буйныя замежныя кампаніі і гандлёвыя сеткі плаціць падаткі ў Польшчы. Але гэтага не ўдалося ажыцьцявіць. Не ўдалося таксама спрасьціць падатковую сыстэму для польскіх прадпрымальнікаў.
Найбольшай паразай ураду ПіС аглядальнік „Krytyka Polityczna” лічыць міжнародную палітыку Польшчы. Гэта спроба заблякаваць перавыбар паляка Дональда Туска на пасаду старшыні Эўрапейскай Рады, і апошні, найбольш яркі прыклад - прымяненьне Сёмага артыкула Эўрапейскага дагавора ЭЗ, то бок папярэджаньне іншых краін ЭЗ, што ў Польшчы існуе пагроза для вяршэнства закона, - адзначае Якуб Маймурэк.
Я.Маймурэк: Фактычна, 2 гады ў замежнай палітыкі ПіС - гэта згублены час. Польшча настроіла супраць сябе бальшыню эўрапейскіх партнэраў. Краіна стала „хворым чалавекам Эўропы”. У будучыні Польшчы цяжка будзе будаваць у Эўропе кааліцыю для сваіх ідэй, абараняць, карысны для краіны, эўразьвязаўскі бюджэт, энэргетычную палітыку, узаемадачыненьні з Расеяй. Усе альтэрнатыўныя да заходніх дзяржаваў польскія канцэпцыі: „Трох мораў”, „Вэймарскага трохкутніка”, аказаліся паразай і правалам плянаў палітыкаў ПіС.
Эдыта Гардыньска не пагаджаецца зь меркаваннем, што Польшча стала „хворым чалавекам Эўропы”. Яна падкрэсьлівае, што адносіны Польшчы з Францыяй, Нямеччынай нармальныя. «Справа ў тым, што Польшча, як і гэтыя краіны, стала абараняць свае нацыянальныя інтарэсы»,- адзначыла Гардыньска.
PR24/яс