Logo Polskiego Radia
Print

Польскія праграмісты могуць прайграць у канкурэнцыі з румынамі й беларусамі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.12.2017 15:19
Польскія фірмы сэктара ІТ асьцерагаюцца павышэньня падаткаў.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Польскія фірмы сэктара ІТ заяўляюць, што Польшча можа страціць перавагу над канкурэнтамі ў рэгіёне – Румыніяй, Харватыяй, Баўгарыяй, а таксама Беларусьсю. Калі ўсе вышэйназваныя дзяржавы маюць падатковыя ільготы для кампаніяў, якія займаюцца інфармацыйнымі тэхналёгіямі, то Польшча ніякіх прэфэрэнцыяў ня мае, а ў дадатак зьбіраецца павысіць падаткі для працаўнікоў з высокімі заробкамі. Пра трывогі польскіх праграмістаў - піша газэта Puls Biznesu.

Дагэтуль польскі сэктар ІТ выйгрываў у канкурэнцыі з Чэхіяй, Славаччынай і краінамі Балтыі, дзякуючы шырэйшаму выбару спэцыялістаў, абыходзіў Вугоршчыну і Румынію сваім уменьнем карыстацца фондамі Эўрапейскага зьвязу, а Беларусь і Ўкраіну – доступам да рынку ЭЗ. Вытворчасьць праграмнага забесьпячэньня квітнела, а краіна назапасіла вельмі значны капітал – добра адукаваных праграмістаў, якія размаўляюць на замежных мовах. Калі іх заробкі пачнуць зьніжацца, гэтыя людзі лёгка эмігруюць – непакоіцца Puls Biznesu.

Польскі ўрад плянуе павысіць падаткі на заработную плату, а таксама скараціць сьпіс творчых прафэсіяў, якія карыстаюцца падатковымі ільготамі. У той самы час Румынія зьніжае падаткі, каб прыцягнуць да сябе замежныя фірмы з сэктара ІТ, Эстонія шмат гадоў прасоўвае інфарматызацыю ўсіх сфэраў жыцьця, а Беларусь хутка разьвівае Парк высокіх тэхналёгіяў. Дзякуючы радыкальным падатковым ільготам, усяго за 10 гадоў Беларусь стварыла магутны сэктар вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня і стала рэгіянальным лідарам у сфэры аўтсорсінгу – зазначае Puls Biznesu.

Puls Biznesu/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт