З пачаткам 2018 года ў Польшчы пачнуць дзейнічаць новыя правілы найму на сэзонную працу замежнікаў. Замест пасьведчаньняў найму, якія дагэтуль выдаваліся замежным грамадзянам, уводзяцца платныя дазволы на сэзонную працу. Гэтая зьмена закране наступныя галіны эканомікі: сельскую гаспадарку, турызм, гастраномію ды садаводзтва. Тлумачыць дарэктар Паветавага ўпраўленьня працы ў Груйцу Мажана Скочак.
Мажана Скочак: Працэдура выдачы дазволаў будзе дзяліцца на два тыпы. У адным будуць два этапы разгляду справы, у другім будзе адзін. Два этапы будуць датычыць замежнікаў, якія знаходзяцца па-за межамі краіны. Аднаэтапная працэдура будзе датычыць замежнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны на падставе віда на жыхарства.
У выпадку замежных грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Польшчы, працадаўцы трэба будзе падаць заяву на выдачу дазволу на працу, каб атрымаць пасьведчаньне, неабходнае для выдачы візы. Асобы з біямэтрычнымі пашпартамі змогуць уехаць на тэрыторыю Польшчы з такім пасьведчаньнем. Пасьля прыезду замежніка ў Польшчу, працадаўца інфармуе пра гэта ўстанову працы.
Мажана Скочак: Працадаўца падае заяву, што замежнік прыехаў, падае інфармацыю, дзе замежнік будзе жыць і атрымлівае тады на другім этапе дазвол на сэзонную працу. Важная рэч: час выкананьня працы ня можа быць больш чым 9 месяцаў на год, гэты тэрмін пачынае адлічваецца ад моманту прыезду замежніка. Ад гэтага дня будуць адлічвацца 9 месяцаў. Аплата за выдачу дакумэнта - 30 злотых.
У выпадку замежнікаў, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе віду на жыхарства, дазвол на сэзонную працу будзе выдавацца пасьля падачы заявы працадаўцам.
Мажана Скочак: Тут стасуецца аднаэтапная працэдура, не патрэбнае пасьведчаньне прыезду, бо замежнік ужо знаходзіцца ў краіне. Мае дазвол на побыт, яму даецца толькі дазвол на сэзонную працу. Тэрмін выкананьня працы будзе інакш адлічвацца. Ня будзе даты першага ўезда, але ўсяго можна будзе працаваць 9 месяцаў цягам года. Такая розьніца, а кошт таксама 30 злотых.
Дазвол на сэзонную працу для 6 краін, сярод якіх Беларусь ды Ўкраіна, будуць выдавацца без так званага тэставаньня рынку, то бок без інфармацыі ад мясцовых органаў улады пра немагчымасьць заспакаеньня кадравых патрэбаў сіламі польскіх грамадзян. Для грамадзян іншых краін тэст рынка абавязковы пры выдачы дазволу.
Асноўная мэта ўвядзеньня новых правілаў палягае на тым, каб дапасаваць нацыянальнае заканадаўства для эўрапейскіх патрабаваньняў, а таксама нармалізаваць рынак. Тлумачыць дырэктар ваяводзкага ўпраўленьня працы Томаш Серадз.
Томаш Серадз: Справа ў тым, што адсутнічаў цалкам кантроль над працэдурай атрыманьня дазволу, апроч самой рэгістрацыі. Працаўнік, які прыяжджаў так у Польшчу, невядома было, дзе і колькі ды ў каго працаваў. Гэта была вялікая праблема для нашых служб: Памежнай аховы ды камітэту кантролю працы.
Польскія ўлады ўвялі зьмены, каб гарантаваць добрыя ўмовы працы для замежнікаў і адначасова мець больш поўны кантроль за працаўладкаваньнем замежнікаў у Польшчы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч