Logo Polskiego Radia
Print

Цукровы дыябэт - каварная хвароба, на якую хварэе каля 3 млн. палякаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2017 15:54
  • Дыябэт.mp3
Ад цукровага дыябэту хутка не паміраюць, але лекары называюць яго ціхім забойцам.
Pixabay.com/CC0 Creative Commons

14 лістапада – добрая нагода, каб яшчэ раз нагадаць пра хваробу, якую спэцыялісты называюць ужо эпідэміяй нашых часоў. Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы з цукровым дыябэтам. Гэта хвароба, якая рэдка пачынаецца нейкім драматычным чынам, як інфаркт або інсульт. Ад цукровага дыябэту хутка не паміраюць, але лекары называюць яго ціхім забойцам.

Сусьветны дзень барацьбы з дыябэтам быў уведзены Сусьветнай арганізацыяй здароўя дзеля таго, каб ушанаваць памяць і заслугі канадзкага лекара Фрэдэрыка Бантынга, які нарадзіўся ў гэты дзень. Ён адыграў вядучую ролю ў адкрыцьці інсуліну. Перад гэтай падзеяй хворых з дыябэтам першага тыпу (калі арганізм зусім не вырабляе інсуліну) не было магчымасьці лячыць. А хвароба сама па сабе вельмі падступная, пачынаецца паціху, доўга не дае выразных сымптомаў. Пра тое, якія сымптомы могуць сьведчыць аб захворваньні, гаворыць прафэсар Лешак Чупрыняк з Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Паводле ягоных словаў, самая распаўсюджаная форма хваробы – цукровы дыябэт другога тыпу, разьвіваецца паступова. Сымптомы, як, скажам, павышаная прага, частыя запальныя працэсы, рэдка прымушаюць пайсьці да лекара.

Л. Чупрыняк: У Польшчы 90% дыябэтыкаў хварэе дыябэтам другога тыпу. Хвароба разьвіваецца вельмі павольна, сымптомы не выклікаюць занепакаеньня. Многія нашы пацыенты, асабліва мужчыны, мяркуюць, што яны вечныя, хваробы іх не датычаць. І здараецца, што запальныя працэсы зайшлі настолькі далёка, што неабходна зрабіць ампутацыю нагі. Могуць быць таксама раны на скуры – гэта позьняя прыкмета дыябэту.

Адмыслоўцы адзначаюць, што колькасьць хворых на цукровы дыябэт пастаянна расьце. У Польшчы іх ужо каля трох мільёнаў чалавек. Горшае тое, што многія ня ведаюць пра сваю хваробу, і таму ня лечацца. Сёлета Сусьветны дзень барацьбы з дыябэтам праходзіць пад дэвізам «Жанчына і мужчына. Ці ў дыябэту ёсьць пол?». Для жанчын, хворых на гэтае захворваньне, праблемай можа стаць цяжарнасьць або хутчэй яе адсутнасьць. Па словах старшыні Польскай асацыяцыі цукровага дыябэту прафэсара Мацея Малэцкага, многія хворыя жанчыны ня могуць зацяжарыць.

М. Малэцкі: Паяўляецца праблема з плоднасьцю, цяжка зацяжарыць, цяжэй данасіць і нарадзіць здаровае дзіця. Хворая жанчына, якая імкнецца зацяжарыць і нарадзіць здаровага патомка, павінна прысьвяціць вельмі шмат намаганьняў. Гэта таксама праблема для ўсёй сыстэмы аховы здароўя. Абавязак нас, лекараў, – гарантаваць кожнай жанчыне з цукровым дыябэтам магчымасьць зацяжарыць і нарадзіць здаровае дзіця.

У сваю чаргу іншыя праблемы пацыентаў, хворых на цукровы дыябэт, закранаюць толькі мужчын, – дадае прафэсар Мацей Малэцкі.

М. Малэцкі: Вельмі сарамлівая тэма для мужчын – гэта імпатэнцыя. З гэтай праблемай змагаецца як мінімум каля 10-20% асоб мужчынскага полу. Самі пацыенты саромеюцца пра гэта казаць, але лекар павінен закранаць гэтую тэму. Мы павінны зьвяртаць увагу на тое, што імпатэнцыю можна прадухіліць, калі хтосьці хварэе на дыябэт. Самае важнае – дакладнае ўтрыманьне адпаведнага ўзроўню глюкозы ў крыві.

Сьвядомасьць хваробы, на шчасьце, пашыраецца. Многія людзі ўжо ведаюць, якім чынам распазнаць хваробу, як можна прадухіліць яе разьвіцьцё. Часьцей за ўсё гэта тыя асобы, у сям’і якіх ёсьць хворыя на цукровы дыябэт. А такіх людзей усё больш. Акрамя таго, многія хворыя радыкальна мяняюць свой стыль харчаваньня, калі даведваюцца пра хваробу, стараюцца жыць нармальна, і весьці здаровы лад жыцьця – гаворыць Лукаш Чупрыняк.

Л. Чупрыняк: Канешне, цяжка казаць, што з дыябэтам можна жыць нармальна, калі трэба некалькі разоў у дзень рабіць укол з інсулінам або насіць інсулінавую помпу, плянаваць гадзіны харчаваньня і тое, што чалавек спажывае, плянаваць фізычную актыўнасьць. Тым ня менш, дыябэт зусім не абавязкова абмяжоўвае актыўнасьць чалавека. Мала таго, многія нашы пацыенты, якія захварэлі на цукровы дыябэт у дарослым жыцьці, раптам пачалі зьвяртаць увагу на свой стыль жыцьця, на рацыянальнае харчаваньне. Я ведаю пацыентаў, якія раней ляжалі каля тэлевізара і пілі піва, а калі захварэлі, то пачалі бегаць у маратонах, хадзіць па гарах, радыкальна памянялі сваё жыцьцё. Ужо ня раз пацыенты мне казалі, што нават цешацца, што ў іх пастаўлены такі дыягназ, бо цяпер яны адчуваюць сябе лепш і парадаксальна больш здаровыя, чым былі раней.

Тым ня менш, лепш не дапусьціць да разьвіцьця хваробы. Мы казалі пра тое, чым яна пагражае прадстаўнікам розных полаў, але ёсьць вельмі сур’ёзныя ўскладненьні цукровага дыябэту, якія датычаць як жанчын, так і мужчыну. Гэта інфаркт міякарда, інсульт, хваробы нырак і вачэй.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт