Logo Polskiego Radia
Print

"Многія палякі разыгрываюць украінскую карту ва ўласных інтарэсах"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.11.2017 12:23
На думку палітоляга Ежы Таргальскага, пачалася барацьба за галасы электарату праз нагнятаньне нянавісьці да ўкраінцаў.
Ежы ТаргальскіЕжы ТаргальскіAliaksandr Papko/radyjo.net

На інтэрнэт-сайце «Fronda.pl» інтэрвію з кандыдатам гуманітарных навук, гісторыкам і палітолягам Ежы Таргальскім. Гаворка ідзе пра польска-украінскія адносіны, якія ідуць у напрамку пагаршэньня. Нядаўна ўкраінскі бок адмовіўся выдаць згоду на эксгумацыю астанкаў палякаў, забітых Украінскай паўстанцкай арміяй (УПА).

На думку суразмоўцы Люізы Далэнгоўскай (Luiza Dołęgowska), польска-украінскія адносіны ня могуць палепшыцца, паколькі палякі жадаюць нейкай «вайны» з Украінай, з мэтаю кампэнсаваць нейкім чынам пачуцьцё паразы ў змаганьні зь немцамі і даказаць сваю перавагу над Украінай. Ня будзе польска-украінскага прымірэньня да таго часу, пакуль палякі не прызнаюць, што УПА, хоць забівала палякаў у Валыні, але ўсё ж такі змагалася за незалежнасьць Украіны на працягу 15 гадоў, і пакуль украінцы не прызнаюць, што УПА змагалася 15 гадоў за незалежнасьць Украіны, але раней яна забівала палякаў у Валыні.

З другога боку, палітычны канфлікт заключаецца ў тым, што ўкраінцы важнейшым саюзьнікам лічаць Нямеччыну, а ня Польшчу. Сапраўды, немцы цяпер хаўрусьнікі, але гэты саюз носіць абмежаваны характар, ён можа скончыцца. А Польшча зьяўляецца пэрспэктыўным саюзьнікам, паколькі для яе жыцьцёва важная Ўкраіна, незалежная ад Расеі, а немцы ахвотна падзялілі б зону ўплыву ў гэтым рэгіёне з расейцамі.

Чарговая прычына нязгоды: у Польшчы назіраецца шырокамаштабнае раскручваньне нянавісьці да ўкраінцаў. Кожны палітык і кожны журналіст, які хоча быць папулярным, пачынае граць антыўкраінскімі картамі. Напрыклад, міністар замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі прадчувае, што яго могуць зьняць з пасады. І ён адразу пачаў гуляць антыўкраінскімі картамі.

Пачалася барацьба за галасы электарату, за вялікія грошы – праз нагнятаньне нянавісьці да ўкраінцаў. Гэтую атмасфэру накручвае, між іншым, расейская агентура. Гэтая агентура дзейнічае таксама па ўкраінскім баку, дзе нагнятае антыпольскія настроі.найлепшы прыклад – арганізацыя «Свабода». Хто з дзеячаў гэтай арганізацыі зьяўляецца расейскім агентам, а хто толькі гуляе антыпольскай картай, цяжка сказаць, але агулам мэханізм выкарыстаньня антыпольскіх настрояў ва Ўкраіне падобны, як антыўкраінскіх настрояў у Польшчы. Праблема заключаецца ў тым, што ў Польшчы няма сілы, якая б гэтаму супрацьстаяла.

Польскія палітыкі, у тым ліку дзеячы «Права і справядлівасьці», таксама бачаць у антыўкраінскай прапагандзе магчымасьць заваяваць галасы выбаршчыкаў. Гэта асобныя палітыкі, а не агулам партыя. Калі ў Грушавіцах (Hruszowice) знасілі помнік УПА пры дапамозе антыўкраінскіх і прарасейскіх нацыяналістаў, то палітык ПІС, спадар Парэмба (Poręba) хваліўся, што гэта яго заслуга. Таксама міністар Вашчыкоўскі хоча скласьці чорны сьпіс асоб з Украіны, якім будзе забаронены ўезд у Польшчу. Трэба лічыцца з адпаведнымі крокамі з другога боку. Але тут «ПіС» прайграе, паколькі ёсьць на многа больш радыкальныя палітыкі, якія мяркуюць, што Ўкраіну трэба падзяліць паміж Польшчай і Расеяй...

У Польшчы ёсьць амаль два мільёны ўкраінцаў, а ўрад не падрыхтаваў ніякай прадуманай палітыкі, каб гэтымі людзьмі заняцца і каб мець на іх уплыў. Гэтых людзей аддалі «Газэце Выборчай» і розным установам, з ёй зьвязаным. Яны фінансуюцца за конт дзяржаўных сродкаў, але ўвесь час кажуць, які гэты ўрад антыўкраінскі. Польскія СМІ на ўкраінскай мове, для ўкраінцаў у Польшчы – усе яны кіруюцца людзьмі, зьвязанымі з «Выборчай». Першы важнейшы крок – пачаць зьвяртацца да ўкраінцам праз СМІ на іх роднай мове. Трэба вырашыць, чаго мы хочам ад украінцаў, бо калі мы будзем рыхтавацца да выбараў, выкарыстоўваючы антыўкраінскія лёзунгі, то такая палітыка бессэнсоўная.

Без адпаведнай палітыкі польска-украіснкі канфлікт будзе нарастаць. У бліжэйшым часе можна спадзявацца польска-украінскіх сутычак у Польшчы, але выкліканых не ўкраінцамі, а палякамі. Урад нічога ня зробіць, каб стрымаць эскаляцыю напружанасьці, паколькі будзе баяцца страціць галасы выбаршчыкаў.

Адмова выдаць згоду на эксгумацыю палякаў на Ўкраіне – гэта скандал, але ён зьяўляецца наступствам зьвяржэньня помніка ў Грушавіцах. Што застаецца рабіць украінцам – упасьці на калені і прасіць прабачэньня за тое, што яны жывуць і дыхаюць?! Украінцы маглі б папрасіць прабачэньня за сваю гістарычную віну, але дзеля гэтага патрэбная палітыка прымірэньня, а не канфлікту. Палітыка польскай дзяржавы вядзе да катастрофы на лініі польска-украінскіх адносін. Перад тым, як пачнем крытыкаваць украінцаў, трэба навесьці парадак у сябе дома. З іншага боку, прэзыдэнт Парашэнка аддаў «Свабодзе» гістарычную палітыку, а яна прадстаўляе хутчэй расейскія інтарэсы.

Fronda.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт