Logo Polskiego Radia
Print

“Улады імкнуцца ўраўнаважыць узьдзеяньне расейскага капіталу”

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 28.09.2017 19:01
  • Улады імкнуцца ўраўнаважыць узьдзеяньне расейскага капіталу.mp3
Фінансавыя аналітыкі камэнтуюць рашэньне ўраду прыцягнуць грошы заходнія інвэстыцыі ў беларускія банкі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Больш замежнага капіталу хочуць прыцягнуць у беларускія банкі. Паводле ўладаў, інвэстары з Захаду зь вялікай верагоднасьцю прыйдуць у фінансавыя ўстановы ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Праца па прыцягненьні замежных грошай у капітал фінансавых установаў ужо вядзецца. Партнэраў на Захадзе шукаюць усе дзяржаўныя банкі, акрамя «Белаграпрамбанку». Пра гэта журналісту БелаПАН паведаміў у чацьвер намесьнік прэмʼер-міністра Васіль Мацюшэўскі. Ён узяў удзел у Беларускім інвэстыцыйным форуме, што праходзіць у Менску. Па прагнозах прадстаўніка ўраду, заходні капітал прыйдзе ў банкаўскі сэктар цягам наступных двух гадоў. Бліжэй за ўсё да пастаўленай мэты зараз «Белінвестбанк».

У гэтым накірунку працуе таксама «Беларусбанк». Гаворка аб продажы мінарытарнага пакету акцыяў (то бок, долі, якая не дазволіць інвэстару наўпрост удзельнічаць у кіраваньні ўстановай) вядзецца даволі даўно. Як адзначыў Мацюшэўскі, ад такіх плянаў ніхто не адмаўляўся, аднак тут неабходная больш дэтальная падрыхтоўка. Наколькі патрэбныя замежныя інвэстыцыі банкаўскай сфэры Беларусі? На гэтае пытаньне на нашую просьбу адказаў навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Дзьмітры Крук.

Дзьмітры Крук: Каля 70 працэнтаў банкаўскага сэктару кантралюецца дзяржаўнымі банкамі, на астатнія 30 запрашаецца замежны капітал. І так склалася, што амаль усе гэтыя 30 працэнтаў кантралююцца расейскім капіталам. На працягу апошніх прыблізна 10 гадоў эканамічныя ўлады даволі выразна й адкрыта хочуць ураўнаважыць узьдзеяньне расейскага капіталу ды прывабіць заходні ці кітайскі капітал. Таму зараз мы назіраем ня новую сытуацыю. Хутчэй, даўнія намеры эканамічных уладаў у цяперашняй сытуацыі сталі больш рэалістычнымі. Гэтыя крокі будуць мець больш добрых наступстваў, зьвязаных з прыцягненьнем новых банкаўскіх тэхналёгіяў. Акрамя таго, банкі з замежным фінансаваньнем атрымліваюць лепшы доступ да крыніцаў фінансаваньня ў сваіх мацярынскіх структурах.

Як адзначае аглядальнік, эўрапейскія краіны падыходзяць да пытаньня аб замежным капітале ў сваіх банках па-рознаму. Напрыклад, фінансавыя ўстановы Эстоніі амаль цалкам належаць заходнім карпарацыям. Тым часам, у Польшчы яны таксама прысутнічаюць, але значную ролю на рынку адыгрываюць банкі з айчынным капіталам. Фінансавы аналітык Уладзімер Тарасаў у прыцягненьні замежных інвэстыцыяў у банкаўскі сэктар Беларусі не бачыць ніякіх сурʼёзных пагрозаў.

Уладзімер Тарасаў: Калі прыходзяць замежныя інвэстары, яны накіроўваюць грошы ў выглядзе доўгатэрміновых, кароткатэрміновых крэдытаў, альбо ўкладаюць сродкі ў інфраструктуру банкаў. Тут рызыкі вельмі нізкія. Яны маглі б быць высокімі, калі б усе беларускія банкі (ці амаль усе) сталі замежнымі. Тады б узьнікла магчымасьць трапіць пад замежны ўплыў. Але пакуль што замежнага капіталу ў нас вельмі мала. Таму да гэтага яшчэ вельмі далёка.

Яшчэ адна навіна, якая тычыцца беларускага фінансавага сэктару, зьвязаная з чарговым паніжэньнем стаўкі рэфінансаваньня. Паводле рашэньня Нацбанку, з 18 кастрычніка замест цяперашніх 11 з паловай, яна будзе складаць роўна 11 працэнтаў гадавых. З пачатку году паказчык пераглядалі 8 разоў. На думку Дзьмітрыя Крука, фінансавым уладам варта быць больш асьцярожнымі са стаўкай рэфінансаваньня.

Дзьмітры Крук: Нацбанк абгрунтоўвае свае дзеяньні нізкімі тэмпамі інфляцыі. Гэта сапраўды так. Улады прагназавалі, што па выніках году яна складзе каля 7-8 працэнтаў. Сёньня мы бачым, што яна будзе каля 6 працэнтаў. Гэта дае Нацбанку падставы зьніжаць працэнтную стаўку. Зь іншага боку, узьнікае пытаньне, наколькі ўстойлівае гэтае зьніжэньне інфляцыі. На мой погляд, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве мы можам сутыкнуцца з тым, што інфляцыйныя чаканьні і фактычныя тэмпы інфляцыі пачнуць узрастаць. Я не кажу пра інфляцыю ў 15-20 працэнтаў, але сумняюся, што зьніжэньне да 6 працэнтаў будзе ўстойлівым. Калі казаць пра пэрспэктыву некалькіх месяцаў – так, хутчэй за ўсё, Нацыянальны банк мае рацыю. Але калі казаць пра больш далёкую пэрспэктыву, я б на месцы Нацыянальнага банку зьніжаў стаўку рэфінансаваньня меншымі тэмпамі. Пакуль жа, калі судзіць толькі па цяперашняй сытуацыі, можна сказаць, што яны маюць рацыю. Гледзячы на фактычную інфляцыю, улады спраўляюцца з сытуацыяй. Стаўкі адпавядаюць бягучаму стану рынку.

У сваю чаргу, Уладзімер Тарасаў лічыць, што, зьніжаць стаўку рэфінансаваньня ў Беларусі трэба яшчэ больш хуткімі тэмпамі.

Уладзімер Тарасаў: Гэта нармальны працэс. Інфляцыя, сапраўды, вельмі нізкая. Таму зьніжэньне стаўкі цалкам своечасовае. Верагодна, Нацбанк нават спазьняецца з гэтым, бо стаўка рэфінансаваньня нашмат большая за інфляцыю, а гэта крыху ненармальна. На маю думку, створаныя ўмовы для таго, каб паніжаць стаўку больш хуткімі тэмпамі. Ёсьць уражаньне, што Нацбанк у пэўным сэнсе перастрахоўваецца, асьцерагаецца, што занадта хуткае зьніжэньне стаўкі прывядзе да нейкіх нэгатыўных наступстваў на фінансавым рынку.

Нагадаем, на пачатку студзеня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі складала 18 працэнтаў гадавых. У 2016 паказчык пераглядаўся 4 разы.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт