Падчас «Захаду-2017» Крэмль трэніраваўся праводзіць інтэрвэнцыю ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
28.09.2017 14:03
Расея хоча паказаць як Захаду, так і Лукашэнку, што яна можа імгненна заняць Беларусь, калі палічыць гэта патрэбным.
Фота: Міністэрства абароны Беларусіmil.by
Падчас манэўраў «Захад-2017» Расея праверыла, як хутка можа перакінуць войскі ў Беларусь, а таксама спраўдзіла, як будзе дзейнічаць Менск і суседнія сталіцы, калі Расея захоча правесьці вайсковую інтэрвэнцыю. Вынікі вучэньняў аналізуе штодзёнка Dziennik Gazeta Prawna.
Раніцай 14 верасьня Мінабароны Расеі паведаміла, што па трывозе пракідвае падразьдзяленьні 1-й танкавай арміі ў Беларусь. Заява Крамля стала для Менска абсалютнай нечаканасьцю. Толькі праз 4 гадзіны прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў адказаў, што ўсе расейскія падразьдзяленьні, якія прымаюць удзел у вучэньнях, ужо знаходзяцца ў Беларусі й новых частак у краіне не прадбачыцца.
Падчас вучэньняў расейскі бок арганізаваў і іншыя правакацыі. Празь Менск бесьперашкодна праехала калёна расейскіх нацыяналістаў з Нацыянальна-вызваленьчага руху (НОД), а ў Гомелі расейскія спэцслужбы выкралі грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба. Мэтай гэтых дзеяньняў, на думку журналістаў, было паказаць, што Лукашэнка не зьяўляецца сапраўдным гаспадаром Беларусі, а лёс краіны залежыць ад волі Крамля.
Паведамленьне пра перадысьлякацыю ў Беларусь расейскай танкавай арміі было інфармацыйнай правакацыяй, якая добра ўпісваецца ў сцэнар вучэньняў – камэнтуе выданьню Dziennik Gazeta Prawna беларускі вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. Расейскія вайскоўцы праводзяць манэўры на беларускай тэрыторыі ўжо два дзесяцігодзьдзі. І яны ня столькі вучацца граміць умоўныя натаўскія арміі на полі бою, колькі перакідваць войскі ў Беларусь – тлумачыць аналітык.
Расея кіруецца выключна сваімі інтарэсамі й сябруе з Лукашэнкам роўна да той пары, пакуль ён для Расеі карысны. Укідваючы фэйкі пра перакід танкавай арміі, Расея хоча паказаць як Захаду, так і Лукашэнку, што яна можа імгненна заняць Беларусь, калі палічыць гэта патрэбным.
Dziennik Gazeta Prawna/ап