Logo Polskiego Radia
Print

Значна зьменшыць колькасьць бяздомных жывёлаў зьбіраюцца польскія ўлады

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 27.09.2017 18:10
Новы закон будзе прадугледжваць ідэнтыфікацыю катоў ды сабакаў, а таксама стварэньне адмысловай базы дадзеных зь інфармацыяй пра іх гаспадароў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Значна зьменшыць колькасьць бяздомных жывёлаў зьбіраюцца польскія ўлады. Міністэрства сельскай гаспадарыкі працуе над праектам спэцыяльнага закону. Ён будзе прадугледжваць ідэнтыфікацыю катоў ды сабакаў, а таксама стварэньне адмысловай базы дадзеных зь інфармацыяй пра іх гаспадароў. Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Rzeczpospolita. Калі ініцыятыву ўхваляць, рэгістрацыя хатніх жывёлаў стане абавязковай.

У выпадку з сабакамі ўжыўленьне электроннага чыпу трэба будзе зрабіць не пазьней, чым прышчэпку ад шаленства. Максымальны тэрмін для катоў – адзін год ад моманту нараджэньня. Тым, хто парушыць гэтую норму, будзе пагражаць штраф. Паводле афіцыйных дадзеных, у 2011 годзе лічба сабакаў у польскіх прытулках перавысіла 100 тысячаў. У той жа час катоў у спэцыяльных установах было каля 20 тысячаў. Лічбы не зьмяншаюцца.

На думку кіраўніка парлямэнцкай групы па абароне жывёлаў, дэпутата партыі «Грамадзянская плятформа» Паўла Сускага, гэта зьвязана з бракам згоды па пытаньні стэрылізацыі й кастрацыі катоў ды сабакаў. Аўтары праекту хочуць, каб выкананьне новых правілаў кантралявалі вэтэрынарныя інспэкцыі. Цэнтральны рэестар мусіць быць фінансаваны зь дзяржаўнага бюджэту. Карыстацца інфармацыяй змогуць усе зацікаўленыя ведамствы ды службы. У тым ліку – паліцыя, вэтэрынары і прадстаўнікі органаў мясцовага самакіраваньня.

Зараз у Польшчы ўжо існуюць падобныя базы дадзеных, вядзеньнем якіх займаюцца прыватныя фірмы. Дзякуючы электронным чыпам, можна лёгка ідэнтыфікаваць жывёлаў і знайсьці іх гаспадароў. Калі пачне дзейнічаць новы закон, пакуль не паведамляецца. Перад ухвалай дакумэнт будзе вынесены на грамадзкае абмеркаваньне, піша Rzeczpospolita.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт