Logo Polskiego Radia
Print

Цэнтральная Эўропа разьвітваецца з камунізмам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.09.2017 23:56
  • рэвалюцыя.mp3
У Варшаве праходзіць VII Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі.
Foto: PAP/Jakub Kamiński

Адной з тэмаў дыскусіі сталі наступствы панаваньня камунізму ў рэгіёне.

100 гадоў таму ва Ўсходнюю Эўропу завітаў камунізм. У Расеі пачаўся бальшавіцкі пераварот пад лёзунгам будаўніцтва камунізму на Зямлі. Плянэты бальшавікі захапіць не змаглі, затое на доўгія дзесяцігодзьдзі змусілі да жыцьця «пры камунізьме» народы Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Наступствы гэтага здарэньня абмяркоўвалі ў Варшаве беларускія ды эўрапейскія экспэрты ў рамках Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Паводле Алеся Ластоўскага з Палітычнай сфэры, пытаньне наступстваў рэвалюцыі ды камунізму вельмі актуальнае, нягледзячы на тое, што ўжо не існуе дзяржавы, якая ажыцьцяўляла тую ідэалёгію.

Алесь Ластоўскі: Сёлета мы адзначаем два юбілеі. Сучасны чалавек увесь час мусіць вяртацца да гісторыі ды ўзгадваць мінулае. Сёлета мы ўзгадваем пра беларускі кнігадрук у ягоную 500 гадавіну ды бальшавіцкую рэвалюцыю ў сотую гадавіну. Гэты юбілей выклікае шмат пярэчаньняў, хаця мы не знаходзімся ў віхуры рэвалюцыйных парываў. Мы павінны ўзважана ацаніць, чым быў камунізм для Беларусі ды рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ці досьвед мадэрнізацыі ды сацыяльнай роўнасьці можа апраўдаць тэрор, рэпрэсіі ды падаўленьня свабоды чалавека?

Сваю ацэнку камунізму даў мэтадоляг зь Беларусі Ўладзімір Мацкевіч. Экспэрт назваў камунізм увогуле найбольшым злом, якое па сёньняшні дзень тармозіць разьвіцьцё Беларусі.

Уладзімір Мацкевіч: Камунізм ёсьць сусьветнае зло. Нічога добрага ў ім няма. Гэта першы й галоўны чыньнік заняпаду Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Камунізм – гэта гвалт, прымусовая праца, мэнтальны ды духоўны ціск, абмежаваньне свабоды ды антычалавечая й антыгуманная ідэалёгія. Беларусь ня толькі ахвяра камунізму, але й ягоная калыска. Па сёньняшні дзень у Беларусі не пазбавіліся камунізму.

У сваю чаргу нямецкі гісторык зь Нямецкага гістарычнага інстытута ў Варшаве Фэлікс Акэрман падкрэсьліў, што без кастрычніцкай рэвалюцыі не было б беларускай дзяржавы.

Фэлікс Акэрман: Без бальшавікоў рэспублікі не было б Беларусі ў сёньняшніх межах. Беларуская Савецкая Рэспубліка не ўзьнікла б без рэвалюцыі, і не было б сёньняшняй Беларусі. Апроч таго зьмяніліся адносіны паміж дзяржавай ды індывідуўмам. Дзяржава дамінуе над індывідуальным жыцьцём па сёньняшні дзень. Урэшце, бальшавікі радыкальна паднесьлі нацыянальнае пытаньне. Яны падтрымлівалі разьвіцьцё беларускай культуры, яшчэ польскай і габрэйскай. Яны ўзьнялі справу культурнай аўтаноміі, хоць потым самі ж усё й зьнішчылі.

У Варшаве праходзіць VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі. У рамках Кангрэса адбылася дыскусія на тэму Расейская рэвалюцыя 1917 года ды досьвед камунізму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт