У Польшчу прыйшла папулярная беларуская інтэлектуальная гульня. «МазгаБойня», якая ўжо некалькі гадоў праходзіць у шматлікіх гарадах Беларусі, цяпер зьбірае дзесяткі ўдзельнікаў ў Варшаве. Віктарына, у якую ў асноўным гуляюць выхадцы зь Беларусі, Украіны ды іншых постсавецкіх дзяржаваў, дае людзям магчымасьць ня толькі прыемна правесьці час, але й адаптавацца ў новай краіне. У Варшаўскай «МазгаБойні» паўдзельнічаў Аляксандар Папко.
Правілы паб-віктарыны «МазгаБойня» простыя. Гульня складаецца з 50 пытаньняў, падзеленых на 7 тураў. У адных турах каманды разгадваюць тэкставыя загадкі, у другіх – музыку, у трэціх – графічныя галаваломкі. Гэтая віктарына – ня столькі спорт, колькі забава. Праходзіць яна ў барах і рэстаранах. Каманды найчасьцей зьбіраюць сябры, якія жадаюць весела й карысна правесьці час у нязмушанай атмасфэры.
Гульню стварылі больш за пяць гадоў таму жыхары Менску Кацярына Максімава й Аляксандар Ханін. У хуткім часе віктарына, якая задумвалася як простая забава для сяброў, заваявала папулярнасьць тысячаў людзей. У яе пачалі гуляць у двух дзесятках беларускіх гарадоў. У мінулым годзе «МазгаБойня» перакачавала ў Расею і Нямеччыну. А ў гэтым – у Польшчу.
У Варшаве турнір па «МазгаБойні» ладзіць беларуска Натальля Дрыленка. Яна прыехала ў Польшчу паўгода таму, і прыйшла да высновы што правядзеньне віктарынаў можа стаць нядрэнным бізнэсам, тым больш, што попыт на такія забавы ў Варшаве ёсьць.
Натальля Дрыленка: Падчас працы ты знаёмісься з новымі людзьмі, адначасова адпачываеш і бавісься зь імі. Такі від дзейнасьці мне падаўся найбольш аптымальным, каб пачынаць жыцьцё ў горадзе, які для мяне быў новым. Мы арганізуем pub quiz (віктарына, якая праходзіць у бары – А.П.) на расейскай мове, але гэта ня значыць, што ў ёй удзельнічаюць толькі расейскамоўныя госьці. Да нас прыходзяць і палякі, якія вучаць расейскую мову. Гульцы займаюцца чым заўгодна: нехта студэнт, нехта працуе ў польскіх кампаніях, нехта рабочы. У «МазгаБойні» прымаюць удзел усе, каму цікава.
Інфармацыю пра месцы й час правядзеньня гульняў можна знайсьці на старонцы «МазгаБойні» ў Facebook’у ды «Вконтакте». Каманду можна сабраць самому, а можна проста далучыцца да якой-небудзь кампаніі. Менавіта так і зрабіў я.
Маім суседам справа аказаўся доктар гістарычных навук з Украіны па імені Расьціслаў, а суседзямі зьлева – беларус Алег, які адчыніў у Варшаве краму мабільных тэлефонаў, а таксама ўкраінец Міхаіл – рабочы тэхслужбы Варшаўскага аэрапорту. Усе прыехалі ў Польшчу менш за год таму. Розьніцы ў жыцьцёвым досьведзе й адукацыі не стваралі ніякіх ба’ераў. Нашая каманда навічкоў упэўнена ўзяла другое месца.
Каманда навічкоў упэўнена ідзе да другога месца! Фота са старонкі "МазгаБойні" ў Facebook.
Прызнацца, было прыемна адчуць сябе, як у 10 клясе гімназіі, калі я гуляў у «Што? Дзе? Калі?» Было цікава даведацца, якая абрэвіятура гучыць у два разы даўжэй за сваю расшыфроўку, навошта падчас Першай сусьветнай Гітлер вымушаны быў згаліць вусы, ці навошта ў пачатку ХХ стагодзьдзя ў абутковых крамах амэрыканскіх гарадоў усталёўвалі рэнтгенаўскія апараты.
Атмасфэра «МазгаБойні» – далёкая ад напоўненай адрэналінам атмасфэры «Брэйн Рынга» ці «Што? Дзе?Калі?» Гэта не элітарны спорт, а забава, у якой могуць прыняць удзел абсалютна ўсе – кажа беларускі шоўмэн і журналіст Алег Барцэвіч. Ён вядзе варшаўскую «МазгаБойню» ўжо другі сэзон.
Алег Барцэвіч: Гэта альтэрнатыўная форма праводзіць свой час па вечарох. Камусьці надакучыла тупа піць піва ці хадзіць на канцэрты – ён можа правесьці час ня толькі з прыемнасьцю для цела, але й з карысьцю для інтэлекту. «МазгаБойня» ня мае такога элітарнага характару, як «Што? Дзе? Калі?», якое заключаецца ў тым, што шэсьць чалавек гуляюць, а сотні тысячаў тэлегледачоў за імі назіраюць. У гэтай віктарыне ўдзел можа прыняць кожны.
«МазгаБойня» ня толькі дае магчымасьць неяк па-новаму правесьці вечар у бары, крэатыўна адсьвяткаваць дзень народзінаў, ці зладзіць карпаратыў. Гульня дапамагае мігрантам, якія толькі нядаўна прыехалі ў Польшчу, адаптавацца ў новай краіне – кажа Натальля Дрыленка.
Натальля Дрыленка: Часта бывае так, што людзі прыяжджаюць сюды, ня маючы тут ані знаёмых, ані сяброў. Ты прыходзіш на гульню й разумееш, што атачэньне тут цябе разумее. Яно размаўляе на той жа мове, што й ты, падобна думае. Людзі, якія прыходзяць сюды, працягваюць кантактаваць і па-за гульнёй. Яны знаёмяцца, нараджаюцца нават рамантычныя адносіны. Гульня дае добрую магчымасьць пашырыць сваё кола зносінаў.
Сапраўдная гульня, сапраўдныя эмоцыі! Фота са старонкі "МазгаБойні" ў Facebook.
Мігрантаў зь Беларусі ў Польшчы становіцца ўсё больш, таму аўдыторыі для інтэлектуальных гульняў бракаваць не павінна – мяркуе Натальля Дрыленка. Пакуль што ў «МазгаБойні» ўдзельнічаюць амаль выключна выхадцы з постсавецкай прасторы, дзе ёсьць вельмі моцная й адрозная ад іншых краінаў культура інтэлектуальных гульняў. Але Натальля марыць праводзіць віктарыны й для польскамоўнай аўдыторыі. Праўда, для польскай публікі трэба будзе прыдумаць новую форму гульні, дастасаваную да мясцовых культурных кодаў.
Пасьля турніру ўдзельнікі «МазгаБойні» доўга не разыходзяцца. Старыя сябры й тыя, хто пазнаёміўся падчас турніру, сядзяць за барнымі столікамі, папіваюць піва й абмяркоўваюць свае жыцьцёвыя справы. А пераможцы насалоджваюцца ўзнагародай. Гэта не хрустальная сава ці вялікая сума грошай, а звычайная бутэлька шампанскага, якая, згадзіцеся, нядрэнна смакуе ў добрай кампаніі.
Аляксандар Папко