«Саюз трох мораў» набывае новыя абрысы
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
07.09.2017 17:56
Супрацоўніцтва 12 краінаў у межах гэтай ініцыятывы стала адной з тэмаў Эканамічнага форуму ў горадзе Крыніца-Здруй.
PAP/Darek Delmanowicz
«Саюз трох мораў» набывае новыя абрысы. Супрацоўніцтва 12 краінаў у межах ініцыятывы, прапанаванай польскім прэзыдэнтам Анджэем Дудам, стала адной з тэмаў Эканамічнага форуму ў горадзе Крыніца-Здруй. Пра гэта піша сёньня газэта Puls Biznesu. Як адзначае прадстаўнік канцылярыі кіраўніка дзяржавы Кшыштаф Шчэрскі, у бліжэйшым часе партнэры пачнуць рэалізацыю сумесных мэтаў.
У сваю чаргу, адзін з удзельнікаў форуму, упаўнаважаны польскага ўраду па справах разьвіцьця энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі кажа, што адным з пэрспэктыўных накірункаў зьяўляецца дыфэрэнцыяцыя паставак газу. Цягам двух гадоў Харватыя хоча ўвесьці ў эксплёатацыю плывучы тэрмінал для захоўваньня звадкаванага прыроднага газу. Падобны ўжо мае Летува. Дзякуючы гэтай інвэстыцыі, расейскі Газпром, асьцерагаючыся канкурэнцыі, прапанаваў Вільні зьніжку на блакітнае паліва.
Тым часам, Польшча, якая таксама мае тэрмінал, разглядае магчымасьць яго пашырэньня. Паралельна працягваецца будаўніцтва газавай магістралі, якая злучыць краіну з Нарвэгіяй. Такім чынам, дыфэрэнцыяваць кірункі паставак сыравіны і тым самым пазбавіцца залежнасьці ад расейскіх вытворцаў партнэры спадзяюцца празь некалькі год. Больш за тое, Польшча атрымае інфраструктуру, якая дазволіць захоўваць на 4 мільярды кубічных мэтраў газу больш, чым патрэбна ўнутранаму рынку. Гэта значыць, што Варшава зможа сама гандляваць энэрганосьбітам.
Нагадаем, «Ініцыятыва трох мораў» мае аб’яднаць Аўстрыю, Баўгарыю, Харватыю, Чэхію, Эстонію, Летуву, Латвію, Польшчу, Румынію, Славаччыну, Славенію ды Вугоршчыну. Ідэя заключаецца, у тым ліку, у разьвіцьці інфраструктуры, якая злучае поўнач рэгіёну з поўднем. Удзельнікі саюзу не выключаюць, што з часам да ініцыятывы змогуць далучыцца іншыя краіны.
св