Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ супраць міжнароднага гандлю абсталяваньнем для сьмяротнага пакараньня

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 07.09.2017 13:20
Забараніць такі бізнэс Эўразьвяз прапануе 18 верасьня на форуме Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Эўразьвяз прапануе забараніць гандаль прадуктамі ды абсталяваньнем для сьмяротнага пакараньня. Гэта сумесная з Манголіяй ды Аргентынай ініцыятыва, якая будзе афіцыйна агучаная 18 верасьня на форуме Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Rzeczpospolita. Як адзначае выданьне, сваю падтрымку на міжнароднай арэне аўтарам ідэі ўжо паабяцалі Новая Зэляндыя, Нарвэгія, Аўстралія ды Канада.

Калі ініцыятыву прымуць, на глябальным узроўні будзе распрацаваная спэцыяльная канвэнцыя, абавязковая для выкананьня ўсімі ўдзельнікамі ААН. Забарону прапануецца распаўсюдзіць таксама на гандаль прадметамі, якія ўжываюцца для катаваньняў. Дарэчы, у самім Эўразьвязе такія нормы дзейнічаюць ужо цягам году. Прадаваць нельга, у прыватнасьці, электрычныя крэслы ды паясы, сьмяротныя ін’екцыі, газавыя камэры, а таксама палкі з прыбітымі цьвікамі.

Адзначым, да 2016-га сьмяротныя пакараньні на заканадаўчым узроўні былі адмененыя ў 104 краінах, але на практыцы іх не выкарыстоўвалі больш за 140 дзяржаваў сьвету. Між тым, па дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у мінулым годзе экзэкуцыям падвергліся 1032 асуджаныя асобы ў 23 краінах.

Аднак назіральнікі падазраюць, што лідэр антырэйтынгу – Кітай – хавае рэальную статыстыку, забіваючы штогод па некалькі тысячаў чалавек. Праблема актуальная таксама для Ірану, Саудаўскай Аравіі, Іраку, Пакістану, Паўночнай Карэі. Адзінай дзяржавай заходняй цывілізацыі, якая ўсё яшчэ не адмовілася ад такіх пакараньняў, застаюцца Злучаныя Штаты. Там у мінулым годзе прыведзена ў выкананьне 20 сьмяротных прысудаў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт