Logo Polskiego Radia
Print

“Гэта нашэсьце гвалтаўнікоў”

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 05.09.2017 18:17
  • Гэта нашэсьце гвалтаўнікоў.mp3
Эколяг Валер Дранчук і прадстаўнікі грамадзкасьці змагаюцца з мэліярацыяй на захадзе Менскай вобласьці.
Фота: Валер Дранчук

Уратаваць раку Гавязьнянку на захадзе Менскай вобласьці намагаюцца грамадзкасьць і эколягі. Воднай артэрыі пагражае трэцяя хваля мэліярацыі. Экспэрты называюць праект неабгрунтаваным і нават шкодным.

Рака Гавязьнянка – левы прыток Нёмана, што працякае па тэрыторыі Стаўбцоўскага ды Нясьвіскага раёнаў. Яе працягласьць складае 24 кілямэтры. Упершыню мэліярацыю там пачалі ў 60 гады мінулага стагодзьдзя. Праз 20 гадоў так званую рэканструкцыю правялі другі раз. З таго часу рака пасьпела часткова (па ацэнках спэцыялістаў, прыблізна на траціну) аднавіцца. Аднак сёлета трэцяя меліярацыя рушыла на Гавязьнянку. У ваколіцах Вішняўца, былога мястэчка Гавязна, дзе прырода асабліва забуяла, былі задзейнічаны два экскаватары і тры бульдозэры. Грамадскія актывісты запатрабавалі ад выканаўцаў адпаведную тэхнічную і экалягічную экспертызу, паехалі адстойваць свае правы ў Менск, і праз некалькі дзён мэліярацыйная тэхніка пакінула рэчку. Як надоўга? Кажа журналіст-эколяг Валер Дранчук.

На
На месцы мэліярацыі

Валер Дранчук: Гэта нашэсьце гвалтаўнікоў – усё, што я магу сказаць, як чалавек, аддадзены гэтаму кутку, які яго зьмерыў. Яны ня мелі права чапаць пойму Нёмана, адкуль пачынаецца рачулка. Яны там накуралесілі – накапалі вельмі шмат дадатковых так званых «стрэлак» па тры мэтры глыбінёю, ажно зайшлі ў лес. Якая экалягічная экспэртыза пры сёньняшняй кліматычнай ды экалягічнай сытуацыі можа гэта дазволіць? За гэты год я пераканаўся ў тым, што экспэртызы як такой няма. Нават тэхнічная экспэртыза робіцца абсалютна фармальна. Магчыма, дзесьці кропкава й трэба было падсушыць, каб даць людзям крыху лягчэй жыць. Але менавіта гэты адрэзак на Стаўбцоўшчыне – абсалютна сухая пойма.

Як адзначае экспэрт, падобныя працы каштуюць даволі дорага. А беручы пад увагу канчатковы эфэкт, ён называе праект не іначай як марнаваньнем дзяржаўных грошай ды прыродных рэсурсаў. Памылковасьць мэліярацыі ў Беларусі раней прызналі нават яе ідэйныя натхняльнікі. Сярод іх – акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Сьцяпан Скарапанаў, зьвяртае ўвагу Валер Дранчук.

/

Валер Дранчук: Ён сказаў, што тая мэліярацыя, якая праводзілася ў Беларусі, эканамічна сябе не апраўдала. Я быў на той юбілейнай канфэрэнцыі на пачатку 90 гадоў. На ёй было сказана, што беларуская мэліярацыя вельмі супярэчлівая. На Стаўбцоўшчыне, дзе яна была крайне памылковай, тое, што было 50 гадоў таму, паўтараецца й зараз. Па сутнасьці, проста асвойваюцца, закопваюцца грошы. Прайшло шмат часу. Колькі мы маем канвэнцыяў за гэтыя гады! Зьмянілася міжнародная сытуацыя (я кажу пра аховы прыроды). Мы маем Парыскую Канвэнцыю аб ахове прыроды, мы маем Канвэнцыю аб біялягічнай разнастайнасьці. Мы маем Хартыю, якая была падпісаная ў 90 гады ў Рыо-дэ-Жанэйра. Гэтыя дакумэнты заклікаюць людзей берагчы зямлю, берагчы кроплю вады. А ў нас вада лішняя, аказваецца.

Каб захаваць раку, Валер Дранчук накіраваў зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Дакумэнт падтрымала таксама Алена Анісім, якая прадстаўляе ў беларускім парлямэнце менавіта Стаўбцоўскі раён. Дэпутату быў перададзены таксама леташні калектыўны ліст у дырэктыўныя органы ад мясцовых жыхароў з патрабаваньнем спыніць мэліярацыю на Гавязьнянцы. Пад ім паставілі подпісы дзесяткі неабыякавых людзей.

Валер Дранчук: Я адразу напісаў гэты зварот, а потым у вёсках чытаў яго. Зьбіралася грамада, часам пры самой Гавязьнянцы. 50 подпісаў было пастаўлена літаральна ў ліпені – пачатку жніўня мінулага году. Подпісы перададзеныя ў Мінпрыроды. З таго, што я ведаю, мэліяратары прыходзяць у Нясьвіскі раён, і там нібыта таксама рыхтуюцца гэтыя дакумэнты на правядзеньне працаў. Мне абяцалі іх паказаць. Думаю, што гэта будзе ўжо зусім іншая падрыхтоўка. Я буду глядзець на дакумэнты вельмі крытычна. Мы спынілі збор подпісаў. Але калі яго ўзнавіць, іх будзе не адна сотня, бо я не сустракаў ніводнага чалавека, які б апраўдаў гэтую мэліярацыю.

Ад профільных ведамстваў мясцовыя жыхары патрабуюць унесьці ў праект зьмены, якія дазволяць захаваць раку. На думку актывістаў, замест мэліярацыі, улады павінныя сканцэнтраваць сваю ўвагу на інфраструктуры – стан многіх мастоў ды пераходаў на Гавязьнянцы яны ацэньваюць як аварыйны. У пэрспэктыве пойму прытоку Нёмана прапануюць зрабіць асабліва ахоўнай зонай і разьвіваць у гэтым месцы экалягічны турызм.

Васіль Садоўскі

Фота: Валер Дранчук

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт