Logo Polskiego Radia
Print

"Так цяжка ісьці ў школу бяз мамы"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.09.2017 10:00
  • Так цяжка.mp3
Дзецям, якія выхоўваюцца без біялягічных бацькоў, патрэбная інтэнсіўная дапамога ў вучобе.
фота: wioskisos.org

Каля 75 тыс. дзяцей у Польшчы пазбаўленыя бацькоўскай любові. Іх блізкія па нейкіх прычынах ня могуць ці ня хочуць іх выхоўваць, або іх проста няма ўжо ў жывых. Некаторыя дзеці трапляюць у дзіцячыя дамы, іншыя гадуюцца ў Дзіцячых вёсках. І менавіта арганізацыя SOS-Дзіцячыя вёскі ладзіць акцыю з мэтаю аблегчыць вучобу дзецям, якія ідуць у школу без мамы і таты.

SOS-Дзіцячыя вёскі – гэта міжнародная арганізацыя, якая ладзіць, між іншым, апеку над дзецьмі, якія па нейкіх прычынах страцілі біялягічных бацькоў. У Польшчы ёсьць чатыры вёскі ў розных мясцовасьцях. Выхаванцы, якія трапляюць у такі дзіцячы дом, наогул маюць розныя праблемы, як фізычныя захворваньні, так і самыя разнастайныя псыхалягічныя расстройствы. Ім нялёгка жыць далёка ад блізкіх, ісьці ў школу, новы кляс, куды ходзяць дзеці са звычайных сем’яў. Таму SOS-Дзіцячыя вёскі вырашылі заняцца дапамогай такім дзецям адаптавацца ў новым месцы, у школе, – гаворыць дырэктар Асацыяцыі SOS-Дзіцячыя вёскі ў Польшчы Барбара Райкоўска.

Б. Райкоўска: Мы рыхтуем усё, што будзе патрэбнае дзецям у школе. Гэта ня толькі новыя заплечнікі, падручнікі ці асадкі і сшыткі. Такім дзецям вельмі патрэбная дапамога ў адукацыі, дадатковыя заняткі. Таму мы вырашылі наладзіць акцыю «Так цяжка ісьці ў школу бяз мамы». Школьнікам патрэбная дапамога, а дзеля гэтага неабходныя сродкі. А дзяцей у нас нямала – у SOS-Дзіцячых вёсках каля 400 выхаванцаў, якія ідуць у школу.

Адна з мамаў Дзіцячай вёскі ў мясцовасьці Седльцэ, Малгажата Клімас адзначае, што многія дзеці саромеюцца прызнацца ў школе, што яны выхоўваюцца без бацькоў.

М. Клімас: З аднаго боку яны вельмі саромеюцца, асабліва малодшыя дзеці або тыя, хто нядаўна трапіў у наш дом. Яны часта ўтойваюць, што жывуць у вёсцы. З другога боку, тыя дзеці, якія да нас трапляюць, як правіла вельмі занядбаныя, у іх назіраюцца рознага тыпу праблемы. Асабліва калі дзіця трапляе да нас у школьным узросьце. Здараецца, што перад гэтым у школе, дзе вучыўся школьнік, настаўнікі перацягвалі яго «за вушы» з клясу ў кляс. А пазьней здараецца, што вучань прыходзіць у чацьвёрты кляс, а нават добра ня ведае літар, не кажучы ўжо пра табліцу множаньня. Такое дзіця прыходзіць у новую школу, ня ведае калегаў, і адразу на пачатку адчувае сябе горшым. Такім дзецям патрэбная падтрымка і дапамога спэцыялістаў.

У сем’ях, з якіх дзяржаўныя службы забіраюць дзяцей, вучоба як правіла абсалютна не зьяўляецца прыярытэтам. У родным доме такіх дзяцей рэдка здаралася, каб хтосьці сачыў за тым, ці дзеці ходзяць у школу, хутчэй гэтыя дзеці ламалі сабе галовы над пытаньнем, ці будзе што паесьці заўтра або займаліся малодшымі братам ці сястрой. Ніхто не навучыў іх адказнасьці, – кажа Барбара Райкоўска.

Б. Райкоўска: Ніхто не навучыў іх адказнасьці за вучобу – што трэба хадзіць у школу, трэба вучыцца, зрабіць дамашняе заданьне. Такім дзецям патрэбныя ня толькі новыя пэналы, сшыткі ды падручнікі, хаця гэта таксама вельмі важнае. Вучням перш за ўсё неабходная пастаянная падтрымка ў вучобе, нехта павінен з імі рабіць дамашняе заданьне, сачыць за працэсам атрыманьня ведаў, займацца рэпэтытарствам. Гэтага немагчыма зрабіць за пяць хвілін.

Школьныя прыналежнасьці каштуюць нямала, але гэта аднаразовы выдатак раз на нейкі час, а адукацыйная падтрымка дзяцей, у якіх назіраюцца прабелы ў адукацыі, патрабуе пастаяннай фінансавай дапамогі. І таму SOS-Дзіцячыя вёскі аб’явілі акцыю «Так цяжка ісьці ў школу бяз мамы», каб усе жадаючыя маглі ўнесьці сваю фінансавую або нематэрыяльную дапамогу ў арганізацыі дадатковых платных заняткаў для дзяцей з дзіцячых вёсак, на аплату працы лягапэда. Такія заняткі патрэбныя многім дзецям нават цягам некалькіх гадоў.

Даведка: «SOS-Дзіцячыя вёскі» – недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, створаная для вырашэньня сацыяльна значных праблем у галіне аховы дзяцінства. Зьяўляецца членам Міжнароднай арганізацыі «SOS-Кіндэрдорф Інтэрнацыянал», якая дзейнічае ў больш чым 130 краінах сьвету.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт