Спэцыялісты Інстытуту нацыянальнай памяці з Варшавы правядуць бліжэйшыя дні на поўначы Беларусі. У панядзелак там пачынаюцца пошукі парэшткаў польскіх салдатаў, што загінулі ў 1939. Атрымаць дазвол на такія працы ад афіцыйнага Менску атрымалася ўпершыню за амаль 10 гадоў. Тэму працягвае Васіль Садоўскі.
Цікавасьць гісторыкаў выклікае вёска Пагост пад Вялейкай. Менавіта там некалі знаходзіўся адзін з польскіх памежных корпусаў. 17 верасьня 1939 году чырвонаармейцы пачалі наступленьне. Больш за 10 жаўнераў, якія абаранялі стратэгічны пункт, загінулі. Зараз перад Інстытутам нацыянальнай памяці стаіць пытаньне – салдаты паляглі ў баі ці былі расстраляныя, трапіўшы ў палон? Вядома, што людзей пахавалі мясцовыя жыхары. Сёньня там поле.
Удзел у пошуках возьме беларускі спэцбатальён. Калі парэшткі будуць знойдзеныя, спэцыялісты правядуць эксгумацыю. А пасьля астанкі пахаваюць на могілках – побач зь іншымі салдатамі. Цікава, што доўгі час польскі бок ня мог атрымаць дазвол на правядзеньне раскопак ад беларускіх уладаў. Папярэднія падобныя працы праводзіліся ў 2008 годзе каля Кобрыну. Пра тое, як праходзілі перамовы гэтым разам, Польскаму Радыё для замежжа паведаміў прадстаўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Леон Попэк. Аддзел, які ён узначальвае, дасьледуе тэрыторыі Беларусі, Украіны ды Летувы, што да 39 году ўваходзілі ў склад Польшчы.
Леон Попэк: Гэта вынік візытаў, размоваў зь беларускім бокам, што працягваліся шмат месяцаў. Нельга сказаць, што мы едзем на гатовае. Тут недастаткова аднаго электроннага ліста. Супрацоўнікі Інстытуту нацыянальнай памяці неаднаразова наведвалі Беларусь для перамоваў. Праведзеныя шматлікія кансультацыі. Мы вельмі спадзяемся, што працы, якія апошні раз праводзіліся ў Беларусі без малога 10 гадоў таму, будуць узноўленыя.
Як адзначае суразмоўца, падобныя экспэдыцыі – гэта абавязак польскай дзяржавы. Дзякуючы ім, дасьледчыкі адкрываюць для сябе новыя гістарычныя факты. У сваю чаргу нашчадкі загінулых атрымліваюць каштоўную інфармацыю пра сваіх продкаў, якія доўгія гады лічыліся зьніклымі бязь вестак, кажа Леон Попэк.
Леон Попэк: На тэрыторыі Ўкраіны, Беларусі й Летувы ёсьць тысячы «ямаў сьмерці». Людзі гінулі часта ў трагічных акалічнасьцях. Ёсьць магілы адзіночныя, групавыя ды нават масавыя, дзе ляжаць па некалькі соцень чалавек. Інстытут нацыянальнай памяці (і, у прыватнасьці, бюро пошукаў) існуе акурат дзеля таго, каб памятаць пра сваіх. Мы мусім знайсьці іх, эксгумаваць, пахаваць па-каталіцку, паставіць крыж, паведаміць сем’ям. Бо нават зараз у Польшчы ёсьць сем’і, якія чакаюць. Мінула столькі год, а яны ня ведаюць, дзе іхныя блізкія, што зьніклі падчас вайны. Але вельмі хочуць знайсьці месца пахаваньня, каб паехаць туды, памаліцца, паставіць сьвечку. Археалёгія вяртае памяць. Мы можам знайсьці дакладнае месца, даведацца, колькі людзей пахавана. Нярэдка атрымліваецца ідэнтыфікаваць чалавека. Дзеля гэтага мы бярэм пробы ДНК.
На думку незалежнага беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, правядзеньне дасьледаваньняў важнае і для Беларусі. На тэрыторыі краіны знаходзіцца нямала месцаў, дзе калісьці былі памежныя корпусы, падобныя таму, што разьмяшчаўся ў вёсцы Пагост. Прычым, абараняючы іх, гінулі ня толькі этнічныя палякі. Працягвае Ігар Мельнікаў.
Ігар Мельнікаў: Праўда ў тым, што шмат беларусаў было паклікана ў мабілізацыйныя цэнтры падчас усеагульнай мабілізацыі, бо ў сакавіку 1939 году значная колькасьць жаўнераў КАП (Корпусу аховы памежжа) была высланая на захад Польшчы, на этнічныя польскія тэрыторыі. Там яны змагаліся супраць нацыстаў. А на ўсходзе мяжу з Савецкім Саюзам пільнавалі, у тым ліку, рэзэрвісты. У іх была слабейшая зброя, але да 17 верасьня 1939 году гэтыя стражнікі былі ўкамплектаваныя (па 18-20 чалавек) і выконвалі свой абавязак да канца.
Падзеям, што адбываліся на савецка-польскім памежжы ў 1939 годзе, прысьвечаная кніга, над якой зараз працуе Ігар Мельнікаў. У альбоме «Мяжа была пад Мінскам» будзе сабрана больш за паўтысячы архіўных ды сучасных фотаздымкаў. Аўтар зьвяртае ўвагу – у савецкай гістарыяграфіі апэрацыя супраць польскіх корпусаў памежнай аховы называлася «зьняцьцем стражніцаў». І хоць яна не трактавалася афіцыйна як баявыя дзеяньні, амаль на кожным з такіх пунктаў былі ахвяры з двух бакоў.
Ігар Мельнікаў: Падчас працы над гэтай кнігай я наведаў шмат стражніц ды савецкіх заставаў на месцы былой савецка-польскай мяжы. Амаль што на кожным месцы стражніцы КАП бачныя сьляды баёў зь верасьня 1939 году. Больш за тое, удалося сабраць таксама ўспаміны мясцовых людзей, якія расказвалі, што капаўцаў насамрэч расстрэльвалі і яны гінулі ў баях з Чырвонай Арміяй. У выніку шмат іх было пахавана. Напрыклад, у стражніцы «Шапавалы», паводле мясцовага насельніцтва, некалькіх жаўнераў закапалі побач з самой стражніцай, а параненага сьмяротна сяржанта забралі ў Заслаўе, ён там сканаў, і яго пахавалі на старых заслаўскіх могілках. То бок, такіх выпадкаў, як у Пагосьце, можа быць вельмі шмат. Спадзяюся, археоляг з Польшчы й вайсковым 52 батальёну зь Беларусі ўдасца знайсьці месца пахаваньня жаўнераў і такім чынам прыцягнуць увагу беларусаў да баёў на савецка-польскай мяжы. Гэта важна таксама для разуменьня таго, што ў гэтым КАПе маглі змагацца й беларусы.
Кажучы пра разьвіцьцё стасункаў паміж гісторыкамі ды людзьмі культуры Беларусі й Польшчы, Ігар Мельнікаў зьвяртае ўвагу на пэўны прагрэс, які назіраецца апошнім часам. Пра яго сьведчаць сумесныя выставы, што адбыліся ў 2016 у Нацыянальным гістарычным музэі ды Музэі Вялікай Айчыннай вайны. Адна зь іх была прысьвечаная беларусам у Войску Польскім. Ёсьць супольныя праекты і ў гэтым годзе. Магчымасьць правесьці раскопкі ў Беларусі, якая зьявілася ў польскіх спэцыялістаў – яшчэ адзін пазытыўны сыгнал, лічыць навуковец.
Васіль Садоўскі/Катажына Сэмаан
слухайце далучаны гукавы файл