Logo Polskiego Radia
Print

Расея мае 14 нерухомых аб'ектаў у Польшчы, Польшча ў Расеі - пяць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.09.2017 13:52
Падчас атрыманьня нерухомасьці ў сваё распараджэньне СССР не карыстаўся прынцыпам узаемнасьці.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Расейская Фэдэрацыя валодае ў Польшчы тысячамі квадратных кілямэтраў зямлі і шматлікімі будынкамі – гэта вынік мінулых часоў.

Звыш 148 тыс. кв. км зямельных надзелаў ды амаль 60 тыс. кв. мэтраў будынкаў сталі ўласнасьцю Расеі на падставе дамоваў, заключаных у 70-ыя і 80-ыя гады мінулага веку. Акрамя дыпляматычных прадстаўніцтваў, гэта гандлёвыя прадпрыемствы, расейскія таварыствы, цэнтры культуры і навукі, закінутыя дамы – піша «Do Rzeczy».

У 1996 годзе стала вядома, што падчас атрыманьня нерухомасьці ў сваё распараджэньне Расея, а раней СССР, не карысталіся прынцыпам узаемнасьці. З таго часу Польшча безвынікова стараецца ўрэгуляваць пытаньне. Польскае МЗС хоча заключыць новае пагадненьне, у выніку якога Польшча атрымала б адпаведныя нерухомасьці на тэрыторыі Расеі. Аднак супраціў Крамля не зьмяншаецца. Цягам апошніх гадоў адбылося некалькі тураў перамоваў на ўзроўні віцэ-міністраў замежных спраў, якія не прынесьлі рэзультатаў. На думку расейскіх уладаў, Расея павінна атрымаць законнае права на ўсе нерухомасьці, якімі яна карыстаецца ў Польшчы. Перамовы зайшлі ў тупік.

Польшча мае ў сваім распараджэньні пяць нерухомасьцяў у Расеі, тры з якіх здымае ў арэнду, у сваю чаргу Расейская Фэдэрацыя мае 14 нерухомых аб’ектаў у Польшчы. Пяць нерухомасьцяў маюць няяснае юрыдычнае становішча, што азначае, што расейцы карыстаюцца імі незаконна. Адно з іх – гэта будынак гандлёвага прадстаўніцтва ў цэнтры Варшавы. Неафіцыйна ў асяродзьдзі дыпляматаў кажуць, што там сустракаюцца людзі расейскіх спэцслужбаў.
Польшча спрабуе змагацца за нерухомую маёмасьць у судах, але расейскія ўлады не зьвяртаюць увагі на прысуды польскіх судоў.

Do Rzeczy/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт