Logo Polskiego Radia
Print

Вэрдыкт на замову

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.09.2017 17:50
Кіраўніцтва Канстытуцыйнага суду Польшчы даручала падрыхтоўку праектаў судовых рашэньняў людзям, што не зьяўляюцца судзьдзямі.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Вэрдыкт на замову. Матэрыял з такой назвай выйшаў на старонках сёньняшняга нумару газэты Rzeczpospolita. Кіраўніцтва Канстытуцыйнага суду Польшчы даручала падрыхтоўку праектаў судовых рашэньняў людзям, што не зьяўляюцца судзьдзямі. Сваю працу яны выконвалі на падставе кантрактаў, па якіх атрымлівалі ад 4 да 10 тысячаў злотых (то бок, ад адной да дзьвюх з паловай тысячаў эўра). Рэдакцыя валодае інфармацыяй пра 5 такіх умоваў.

Судзьдзёй-дакладчыкам па справах быў цяпер ужо былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Станіслаў Бэрнат. Вядома таксама, што была яшчэ адна ўмова для іншага судзьдзі. У кантракце ад 2 студзеня 2015 году, у прыватнасьці, адзначаецца наступны шэраг абавязкаў памочнікаў: «збор матэрыялаў, падрыхтоўка праекту судовага рашэньня, прававога аналізу ды высноваў».

У размове з журналістам газэты сам Бэрнат прызнаўся, што тры ці чатыры разы карыстаўся дапамогай людзей, якія не зьяўляліся ягонымі пастаяннымі асыстэнтамі. Адна з гэтых асобаў была афіцыйна ўладкаваная ў судзе, другая – не. Гаворка вядзецца аб кваліфікаваным юрысьце, які заслугоўвае даверу, адзначыў экс-намесьнік старшыні. Паводле словаў Бэрната, ён зьвяртаўся па дапамогу, паколькі на разгляд справаў было адведзена няшмат часу. Cуразмоўца адзначыў – перад тым як наймаць людзей, ён упэўніўся, што ў бюджэце суду ёсьць на гэта неабходныя сродкі.

Былы намесьнік старшыні заяўляе – асобы, зь якімі былі падпісаныя ўмовы, займаліся зборам матэрыялаў і падрыхтоўкай аналізу. А вось дачыненьня да праектаў рашэньняў ды абгрунтаваньняў яны ня маюць. Камэнтуючы інфармацыю, якую атрымала газэта, былы кіраўнік суду Анджэй Жэплінскі адзначыў, што ня бачыць у падобных зьдзелках нічога дрэннага, хаця сам па такую дапамогу ён не зьвяртаўся.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт