Галоўным ньюсмэйкерам мінулага тыдня стаў не традыцыйны Аляксандар Лукашэнка, а віцэ-прэм’ер Васіль Жарко й сын Лукашэнкі Мікалай. Беларуская інтэрнэт-прастора абмяркоўвала пляны ўраду вярнуць у школы савецкую 5-бальную сыстэму і паездку амаль 13-гадовага сына кіраўніка Беларусі ў звычайным пляцкартным вагоне цягніка. Навошта ўладам спатрэбілася ў чарговы раз рэфармаваць адукацыю? З якой мэтай у беларускіх СМІ ўсё часьцей паказваюць малодшага сына Лукашэнкі? Гэтыя ды іншыя тэмы сярэдзіны жніўня ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.
Замест вырашэньня праблемаў – выдумваньне чарговай школьнай рэформы
Урад Беларусі разважае над вяртаньнем 5-бальнай сыстэмы ацэнак у школах. Таксама плянуецца скараціць набор ва ўнівэрсытэты, каб павялічыць набор у сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Пра гэта на мінулым тыдні падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко. Навошта вяртаць у школу савецкую 5-бальную сыстэму, якой у Беларусі не карыстаюцца ўжо 15 гадоў? Ці правільна рабіць вышэйшую адукацыю менш масавай?
Рыгор Астапеня: Насамрэч усё тое, чым займаецца беларускае Міністэрства адукацыі – гэта сымбаль страшнай недзеяздольнасьці беларускага чынавенства. У прынцыпе, у Беларусі ўсе ведаюць пра праблемы сярэдняй адукацыі – што яе якасьць увесь час падае ці тое, што цяпер на пэдагагічныя спэцыяльнасьці прыходзіцца набіраць людзей з вельмі малой колькасьцю балаў. Але замест гэтага Мінадукацыі ўсё прадумвае, што трэба: 10-балка ці 5-балка, пачатак заняткаў а 8-ай раніцы ці а 9-ай, навучаньне 12 гадоў ці 11 гадоў. Ніяк інакш апроч сымуляцыі гэта назваць цяжка – людзі проста хочуць займацца нечым іншым, апроч вырашэньня рэальных праблемаў. Ідэя ж скарачэньня набору ў ВНУ яшчэ раз паказвае, што ўзровень сёньняшніх школьных выпускнікоў проста дрэнны, таму ўлады бачаць больш сэнсу, каб гэтыя людзі ішлі вучыцца ў сярэднія спэцыяльныя ўстановы.
«Беларускія ўлады сваімі рэпрэсіямі могуць дапамагчы выратаваць «Белсат»
Цэлых пяць судоў над журналістамі тэлеканалу «Белсат» улады прызначылі на бягучы тыдзень. Журналістам пагражаюць вялікія штрафы за «працу без акрэдытацыі» МЗС Беларусі. Улады ціснуць на «Белсат», каб прадухіліць магчымыя восеньскія сацыяльныя пратэсты, альбо каб «паказаць сілу» дэлегацыі польскага парлямэнту, якая прыедзе ў Менск 30 жніўня? Ці адрэагуе на перасьлед тэлеканалу Варшава? Ці будзе рэакцыя іншых эўрапейскіх краінаў?
Рыгор Астапеня: Шчыра кажучы, тут даволі цяжка знайсьці сэнс, зважаючы, што «Белсат» ужо зусім хутка можа зьнікнуць па незалежных ад беларускіх уладаў прычынах. Гэта можа прывесьці да парадаксальнага выніку, калі ўлады сваімі рэпрэсіямі выратуюць «Белсат». Хоць у практыцы ўсё куды больш празаічна. Улады ціснуць, бо ёсьць на тое фармальныя падставы, а прычынаў ня ціснуць няма. Ды й гэта пасланьне ўсім журналістам адносна мінулых зімова-вясеньніх стрымаў і нейкіх будучых. Думаю, што ані Польшча, ані іншыя заходнія краіны празьмерна за «Белсат» заступацца не будуць, бо і самі не ведаюць, што з ім рабіць.
«700 мільёнаў даляраў – непадʼёмная для Менска сума»
Расея пазычыць беларускаму ўраду 700 мільёнаў даляраў для таго, каб Менск… вярнуў Маскве ранейшыя пазыкі. Распараджэньне расейскага ўраду было апублікаванае 22 жніўня. Рашэньне рэструктураваць даўгі Беларусі было прынятае падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным 3 красавіка гэтага году. Крэдыт на выплату ранейшых крэдытаў – гэта нармальная практыка ці прыкмета сур’ёзных праблемаў беларускай эканомікі?
Рыгор Астапеня: Безумоўна, калі нехта пазычае грошы, каб вярнуць ранейшую пазыку, гэта вельмі дрэнны знак. Але ў рэшце рэшт гэта нічога новага, бо насамрэч прыкметаў сур’ёзных праблемаў беларускай эканомікі больш чым дастаткова. Хоць цяпер наадварот назіраецца пэўнае мінімальнае ажыўленьне эканамічнага росту. Але, як бачна, $ 700 мільёнаў застаюцца непад’ёмнай сумай.
Коля вырашыў вырвацца з залатой клеткі?
19 жніўня сайт газэты «Комсомольская правда в Беларуси» апублікаваў фота, якое, па словах выданьня, даслаў у рэдакцыю звычайны чытач. На ім хлопец вельмі падобны на малодшага сына кіраўніка Беларусі, едзе ў перапоўненым людзьмі звычайным пляцкартным вагоне цягніка «Адлер-Віцебск». Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эўсмант пацьвердзіла афіцыйнаму інфармагенцтву БЕЛТА, што на фота – сын Лукашэнкі Мікалай, якому неўзабаве споўніцца 13 гадоў. Па словах Эйсмант Мікалай Лукашэнка «без мамы й таты» паехаў у Магілёў і Шклоў, каб наведаць мясьціны маладосьці свайго бацькі. «Прэзыдэнт выхоўвае свайго сына максымальна проста», – падкрэсьліла прэс-сакратар. Навошта была праведзеная гэтая піяр-акцыя? Каб ацяпліць вобраз старога кіраўніка дзяржавы? Падрыхтаваць грамадзтва да прыходу да ўлады яго сына? Ці адцягнуць увагу ад нейкай сапраўды вострай праблемы?
Рыгор Астапеня: Калі гэта і была піяр-акцыя, то хутчэй спрабавалі ацяпліць не Аляксандра Лукашэнку, а Мікалая. Бо не сакрэт, што ён шмат каго ў беларускім грамадстве раздражняе і ўяўляецца нейкім Джофры Баратэанам з «Гульні тронаў». І калі паглядзець, што людзі пісалі ў камэнтарах на сайтах, то выглядае што піяр-акцыя атрымалася. Але я магу ўявіць, што гэта і не была піяр-акцыя. У рэшце рэшт Мікалай Лукашэнка жыве за кардонам ахоўнікаў і напэўна час ад часу хоча ад яго пазбавіцца. Таму вось і вырашыў праехацца ў Шклоў.
Размяўляў Аляксандар Папко